Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На адкрыцьці 2-й выставы «Праўда пра Курапаты» будзе сьведка масавых расстрэлаў


У менскім Палацы мастацтваў 22 лютага а 17.00 адкрываецца выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні».

Выставу ладзіць грамадзянская ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы творчай суполкі «Пагоня» і яшчэ чатырнаццаці грамадзянскіх ініцыятываў. Гэта другая выстава, прысьвечаная гісторыі Курапатаў. Першая выстава прайшла ў лістападзе 2015 году.

Другая выстава шырэй пакажа гістарычную тапаграфію Курапатаў. Наведнікам пакажуць, як была ўладкаваная зона расстрэлаў: якой дарогай прывозілі ахвяраў зь менскага НКВД, дзе праходзіў плот і дзе былі вароты, як выглядала ўрочышча звонку, дзе стаялі і якія былі назіральныя вышкі, будка ахоўнікаў, дзе праходзіла прасека, дзе, урэшце, адбываліся расстрэлы.

Марат Гаравы
Марат Гаравы

«Першая выстава была кампіляцыяй таго, што было зроблена, абаронена, ушанавана раней. Другая выстава, на маю думку, атрымалася глыбейшая. На ёй паказана тое, што за час пасьля першай выставы мы самі знайшлі. Тое, што паглыбляе наша ўяўленьне пра Курапаты як пра нацыянальны нэкропаль», — расказаў Свабодзе сябра грамадзянская ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы.

Ён патлумачыў, што стваральнікі выставы аднаўлялі, як выглядалі Курапаты ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя, у першую чаргу грунтуючыся на апытаньнях яшчэ жывых сьведкаў, а таксама зважаючы на літаратуру і картаграфічны матэрыял: «Гэта кнігі „Курапаты“ Зянона Пазьняка, „Курапаты. Сьледзтва працягваецца“ аўтарства Г. Тарнаўскага, В. Собалева і Я. Гарэліка, а таксама кніга „Курапаты. Зборнік матэрыялаў“, якую мы самі выдалі 15 год таму. Яшчэ мы прааналізавалі ўвесь даступны картаграфічны матэрыял, зьвязаны з гэтым месцам. Нам у рукі трапіла ўнікальная мапа ад 23 чэрвеня 1941 году — нямецкі аэраздымак з амэрыканскіх архіваў. Яго копія знаходзіцца ў аднаго зь менскіх калекцыянэраў. Гэтая мапа дае ўсю гістарычную тапаграфію тагачасных Курапатаў».

На выставе можна будзе пабачыць стэнд «Жыцьцё каля плоту» — матэрыялы пра жыхароў суседніх вёсак, у прыватнасьці, Цны: як яны жылі побач з Курапатамі, што бачылі і чулі, што ведалі і адчувалі.

Сярод людзей, якіх арганізатары запрасілі на адкрыцьцё, — сьведкі расстрэлаў.

«Мы раскажам пра людзей, якія памятаюць час расстрэлаў у Курапатах. Сярод іх будзе адна жанчына, якая на свае вочы бачыла, як гэта адбывалася. Будзе відэашэраг зь іхнымі выказваньнямі, іхныя фатаздымкі».

Першая выстава «Праўда пра Курапаты»:

Відэа з адкрыцьця

Тэкставы і фотарэпартаж

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG