Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра васьмімесячную кругласутачную вахту памяці ў Курапатах ФОТА

абноўлена

Курапаты. Верасень 2001-га.
Курапаты. Верасень 2001-га.

Больш за пятнаццаць гадоў таму ва ўрочышчы Курапаты паўстала ўнікальная вахта памяці. Моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».

20 лютага з ініцыятывы лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча пачалася новая доўгатэрміновая акцыя ў абарону Курапатаў на знак пратэсту супраць высечкі дрэваў і пачатку будаўніцтва офіснага цэнтру за некалькі дзясяткаў мэтраў ад Курапатаў. Мы сабралі найбольш адметныя факты пра акцыю 2001-2002 году і яе ўдзельнікаў.

Будаўнічыя працы пачаліся ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі

Гэта адбылося 20 верасьня 2001 году, калі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску праходзілі ўрачыстасьці з нагоды інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 10 верасьня 2001 году, якія не былі прызнанымі ні свабоднымі, ні справядлівымі міжнароднай супольнасьцю. 20 верасьня будаўнікі з Магілёўшчыны высеклі дрэвы з абодвух бакоў старой кальцавой дарогі і пачалі земляныя работы.

Спыніў будаўнічыя працы ў Курапатах тагачасны лідэр «Маладога фронту» Павал Севярынец

Чатыры дні ў Курапатах працягваліся пратэсты грамадзкасьці, але будаўнічыя працы не спыняліся. Да Крыжа Пакуты пад’яжджалі на бульдозэры, і п’яны будаўнік ганяўся за жанчынамі сталага веку, якія пратэставалі супраць будаўніцтва. Увечары 24 верасьня 2001 году тагачасны лідэр «Маладога фронту» Павал Севярынец проста стаў перад бульдозэрам і гучна сказаў: «Усё. У Курапаты больш ніхто не заедзе». Тады зьявіліся і першыя намёты, і пачалася кругласутачная вахта памяці ў Курапатах.

Вядомыя ўдзельнікі вахты памяці — Парфянкоў, Лісецкая, Дашкевіч

Васіль Парфянкоў
Васіль Парфянкоў

Праз курапацкую вахту памяці прайшлі сотні маладых людзей. Сярод вядомых удзельнікаў вахты памяці — сустаршыня БХД Павал Севярынец, вязень Плошчы-2010 і беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне Васіль Парфянкоў, цяперашні лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, бард Зьміцер Захарэвіч, фуд-блогерка Арына Лісецкая, пісьменьнік Аляксей Талстоў, лідэр незарэгістраванай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі, музыка Фёдар Жывалеўскі, журналіст Яраслаў Сьцешык, гісторык Ірына Кашталян, мастачка Натальля Кійко, грамадзкія актывісты Мікіта Сасім, Сяржук Мацкойць, Зьміцер Касьпяровіч, Яўген Скочка, Юрась Фабішэўскі, Аляксей Шэін, Зьміцер Ядчэня, Аляксандар і Цімох Атрошчанкавы, Стася Басава, Цімох Дранчук ды іншыя.

Ахвяры КДБ былі і ў 2001 годзе

Ва ўрочышчы Курапаты ў 1939-41 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 250 тысячаў чалавек. Былі трагічныя гісторыі сярод абаронцаў Курапатаў. Гомельскі актывіст «Зубра» Андрэй Зайцаў. 20 сьнежня 2001 ён скончыў жыцьцё самагубствам пад ціскам афіцэра КДБ, які прымушаў яго стаць інфарматарам.

Каханьне ў Курапатах

У Курапатах былі і гісторыі каханьня. Арына Шыкурова (цяпер Лісецкая) і Фёдар Жывалеўскі сталі сустракацца пасьля таго, як разам абаранялі Курапаты, празь некаторы час яны рассталіся. Валанцёры Стася Басава і Алесь Самончанка пажаніліся пасьля вахты памяці, у іх нарадзілася дачка. Цяпер яны ў разводзе, дачцэ — 11 гадоў.

Брутальны разгон лягеру абаронцаў Курапатаў адбыўся пасьля сьвяткаваньня гадавіны «Кастрычніцкай рэвалюцыі»

Будаўнічыя працы ў Курапатах былі адноўленыя 8 лістапада 2001 году пасьля жорсткага разгону лягеру абаронцаў Курапатаў байцамі спэцназу з ужываньнем сьлезацечнага газу. Былі арыштаваныя дзясяткі чалавек, спэцназаўцы жорстка зьбілі мастака Рыгора Кійко, зьнішчылі намёт абаронцаў Курапатаў. Увечары гэтага самага дня будаўніцтва кальцавой дарогі праз Курапаты аднавілася.

Людзі станавіліся насуперак бульдозэраў, трымаючыся за ўсталяваныя крыжы, але іх засыпалі зямлёй і цягнулі ў міліцэйскія «варанкі».

Арыштаваны падчас абароны Курапатаў сябра КХП-БНФ Уладзімер Юхо
Арыштаваны падчас абароны Курапатаў сябра КХП-БНФ Уладзімер Юхо

Сярод абаронцаў Курапатаў былі замежнікі

Гэта Антон Шкурынскі з расейскага Мураму, які далучыўся да вахты памяці ў студзені 2002 году і фактычна штодзённа заставаўся ва ўрочышчы да чэрвеня 2002 году. У красавіку яго затрымалі міліцыянты, амаль штомесяц Антон утрымліваўся ў прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Некалькі дзён у Курапатах правяла прадстаўніца «Мэмарыялу» з Санкт-Пецярбургу Аляксандра Рэзьнікава.

Дзяжурства ў Курапатах працягвалася ў 20-градусныя маразы

8 месяцаў валанцёры жылі ў вялікім вайсковым намёце, які ацяплялі «буржуйкай». Намёты не пакідалі і ў 20-градусныя маразы. Дровы валанцёры нарыхтоўвалі самі з высечаных будаўнікамі дрэваў.

Ежу і цёплую вопратку ім прыносілі самы розныя людзі, якім быў неабыякавы лёс урочышча. Валанцёры сачылі за тым, як адбываецца пашырэньне Менскай кальцавой дарогі праз урочышча, і не дазвалялі будаўнікам заяжджаць у сам лясны масіў.

Як згарэў намёт валанцёраў

19 красавіка 2002 году ўначы згарэў намёт валанцёраў. Моцна пацярпеў адзін з актывістаў Алесь Поклад, які трапіў у рэанімацыю. МНС прыйшло да высновы, што намёт згарэў з прычыны іскры ад старой «буржуйкі», якой ацяплялі намёт. Актывісты былі перакананыя, што гэтае здарэньне не было выпадковым, што гэта была спроба ціску, каб спыніць вахту памяці.

Ганна Соўсь бярэ інтэрвію ў Сержука Мацкойця пасьля таго, як згарэў намёт.
Ганна Соўсь бярэ інтэрвію ў Сержука Мацкойця пасьля таго, як згарэў намёт.

«Лава Клінтана» і Крыжовы мэмарыял

Падчас кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах была адноўленая пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана». 15 студзеня 2002 году адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця падарунку Біла Клінтана, лавы «Ад народу ЗША народу Беларусі» дзеля памяці" з удзелам амбасадар ЗША Майкла Козака і шэрагу іншых дыпляматаў, акрэдытаваных у Беларусі.

Пашырэньне МКАД праз Курапаты выклікала шырокі розгалас у грамадзтве і новую хвалю цікавасьці. Сталае дзяжурства і талокі ў Курапатах ладзілі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. За 8 месяцаў ва ўрочышчы былі ўсталяваныя сотні крыжоў.

Кругласутачная вахта памяці завяршылася 3 чэрвеня 2002 году. Падзея была прымеркаваная да даты выхаду ў 1988 годзе ў газэце «Літаратура і мастацтва» артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Дарога праз Курапаты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG