Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд Беларусі адхіліў скаргу Лапшына. Блогера вышлюць у Азэрбайджан


7 лютага Вярхоўны Суд Беларусі разгледзеў скаргу блогера Аляксандра Лапшына, які мае расейскае і ізраільскае грамадзянства, на рашэньне Менскага гарадзкога суду, які 26 студзеня прызнаў законным рашэньне намесьніка генпракурора аб выдачы Лапшына Азэрбайджану.

Вярхоўны Суд пакінуў скаргу Лапшына без задальненьня.

Рашэньне Вярхоўнага Суду канчатковае, абскарджаньню не падлягае. У Генэральнай пракуратуры заявілі, што цяпер за Лапшына адказвае міліцыя, якая паводле закону мусіць правесьці ягоную экстрадыцыю.

Адвакатка Натальля Шэкіна паведаміла, калі выйшла пасьля паседжаньня, што працэдура разгляду скаргі Аляксандра Лапшына «была вытрыманая на 100%». Паводле абаронцы, ад імя Лапшына яна зьвярнулася ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі менскай міліцыі з заявай «аб дадатковай абароне». Таксама адвакатка кажа, што падала скаргу на рашэньне пракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Лапшына ў Азэрбайджан у Камітэт ААН па правах чалавека, адкуль паведамілі, што скарга прынятая да разгляду.

У судзе на агалошваньні рашэньня была Кацярына, якая назвалася жонкай Лапшына. Яна гэтак пракамэнтавала рашэньне Вярхоўнага Суду:

Кацярына, жонка Аляксандра Лапшына
Кацярына, жонка Аляксандра Лапшына

«З нашага боку ўсё было зроблена, цяпер будзем рабіць далейшыя намаганьні, каб вызваліць Аляксандра. Калі чалавек зьезьдзіў у краіну і пра гэта напісаў у сваім блогу, дык гэта дзікунства — перасьледаваць яго за гэта».

Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня 2016 году як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы. Блогер знаходзіцца ў «чорным сьпісе» азэрбайджанскага МЗС за наведваньне Нагорнага Карабаху, але, нягледзячы на гэта, прыяжджаў у Баку. Азэрбайджан абвясьціў яго ў міжнародны вышук за парушэньне закону аб дзяржаўнай мяжы і міграцыйнага заканадаўства. Паводле Генпракуратуры Азэрбайджану, у Баку Лапшына чакаюць абвінавачаньні ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў закліках да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і ў парушэньні дзяржаўнай мяжы.

«Чалавек пакутуе за кратамі, пакуль Менск і Масква гуляюць у свае гульні»

Лапшын зьвярнуўся з просьбай аб выбачэньні да прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева — за тое, што без узгадненьня з уладамі гэтай краіны наведваў Нагорны Карабах. МЗС Ізраілю прасіў Беларусь не экстрадаваць Лапшына. Камітэт у абарону журналістаў заклікаў улады Беларусі вызваліць блогера. У Ерэване каля амбасады Беларусі праходзіла акцыя пратэсту ў сувязі з арыштам Лапшына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG