Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» прызначыла свой «сход дармаедаў» на 7 лютага


Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Гэтую дату назвала Свабодзе адна зь лідэраў «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

Яна сказала, што заяўку на памяшканьне ў Менску ўжо перадалі па некалькіх адрасах.

«Шукаем памяшканьне на сто чалавек. Прыкладна столькі ўдзельнікаў думаем сабраць на „сход дармаедаў“ — ці, калі казаць больш дакладна, на грамадзкія слуханьні, куды будуць запрошаны тыя, каго ўлада прызнала „дармаедамі“. Таксама запрашаем экспэртаў, тых, хто сёньня дапамагае пацярпелым ад дзеяньняў уладаў. Відавочна, што дзяржава дагэтуль ня чуе грамадзян, якія гавораць пра несправядлівасьць гэтага дэкрэту», — кажа Караткевіч.

У Беларусі рыхтуюцца яшчэ два масавыя мерапрыемствы за адмену гэтага дэкрэту. Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу плянуе правесьці 17 лютага ў Менску «Марш супраць незаконных пабораў уладаў з грамадзянаў Беларусі». Адзін з арганізатараў маршу Мікола Статкевіч заявіў: гэтая акцыя падтрымае наладжаны Прафсаюзам работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці збор подпісаў за адмену дэкрэту пра «дармаедаў». Паводле Статкевіча, марш пачнецца а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.

«Ён пройдзе празь месяц пасьля пачатку збору подпісаў, якія мы перадамо ў органы дзяржаўнай улады», — сказаў палітык.

Яшчэ адзін марш — «Марш недармаедаў» за адмену дэкрэту № 3 — плянуюць правесьці 15 сакавіка. Мяркуецца, што яго ўдзельнікі пойдуць ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. У аргкамітэт акцыі ўвайшлі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», аргкамітэты па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Партыі працоўных і партыі «Надзея», БСДП (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадзянская кампанія «Наш дом».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG