Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маршы дармаедаў» могуць прайсьці ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах


За 100 сэкундаў: збор подпісаў супраць дэкрэту аб «дармаедзтве»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00

На Камароўскім рынку ў Менску актывісты АГП зладзілі акцыю збору подпісаў супраць дэкрэту аб «дармаедзтве». 18 студзеня 2017 году

19 студзеня адбылося паседжаньне аргкамітэту вулічнай акцыі «Марш дармаедаў», якую апазыцыя мяркуе правесьці ў Менску 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі.

Як сказаў Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, апазыцыя плянуе падаваць заяўку на правядзеньне акцыі ў Менгарвыканкам. Маршрут вулічнай акцыі за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» будзе агучаны 23 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

«Паседжаньне аргкамітэту прайшло пазытыўна. Сярод тых, хто ўжо пацьвердзіў свой удзел у падрыхтоўцы маршу, — АГП, аргкамітэты „Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі“, Беларускай партыі працоўных Бухвостава і Беларускай партыі жанчын „Надзея“, партыя „Справядлівы сьвет“, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і „Зялёныя“, а таксама грамадзкая кампанія „Наш дом“, якой кіруе Вольга Карач.

Акрамя таго, сёньня абмяркоўвалася ідэя правесьці марш у тым жа фармаце ў абласных цэнтрах і буйных гарадах — магчыма, гэта будзе Гомель, Магілёў ці Бабруйск. Гэтая ідэя папярэдне прапрацоўваецца. Толькі абмяркоўваецца іх правядзеньне не 15 сакавіка, а 19 лютага, бо 20 лютага — дэдлайн па выплаце „падатку на дармаедаў“. Канчатковае рашэньне, ці будуць праводзіцца акцыі ў рэгіёнах і дзе канкрэтна, будзе таксама агучана на прэс-канфэрэнцыі ў панядзелак», — сказаў Лябедзька.

Старшыня АГП мяркуе, што апазыцыя павінна каардынаваць сваю дзейнасьць, працуючы па праблеме «дэкрэту аб дармаедах».

«Было б вельмі добра, каб гэта не зьвялося да правядзеньня некалькіх супольных акцыяў. Мы кажам, што патрэбна каардынуючая структура, празь якую можна было б хаця б абменьвацца інфармацыяй пра тое, хто і што робіць у гэтым пытаньні. Тут усе якраз згодныя з тым, што трэба быць разам — тут няма чаго ў гэтай тэме дзяліць. Могуць быць і асобныя напрамкі працы, але нейкая каардынацыйная пляцоўка патрэбная — гэта было б карысна», — мяркуе палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG