Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмʼер Літвы прызнаў, што большасьць дзяржаў ацэньваюць БелАЭС толькі праз эканамічную прызму


Саўлюс Сквярняліс (Saulius Skvernelis)
Саўлюс Сквярняліс (Saulius Skvernelis)

Пра гэта 17 студзеня кіраўнік ураду Літвы Саўлюс Сквярняліс заявіў у інтэрвію дзяржаўнай радыёстанцыі ЛРТ:

«Латвійскі бок сапраўды разумее і падтрымлівае пазыцыю аб тым, што абʼект павінен адпавядаць усім патрабаваньням бясьпекі, патрабаваньням маніторынгу міжнародных арганізацый... Вядома, мы разумеем, што для нас гэта і палітычнае пытаньне, а для іншых дзяржаў больш эканамічнае, і большасьць дзяржаў глядзіць на гэта праз прызму ўласных дзяржаўных і эканамічных інтарэсаў».

Сёньняшняе інтэрвію літоўскага прэмʼера ў пэўнай ступені стала рэакцыяй на ўчорашняю заяву міністра замежных спраў Латвіі Эдгарса Рынкевічса. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі сказаў агенцтву BNS, што пытаньне бясьпекі БелАЭС — «пытаньне ўнутранай палітыкі Літвы», у якое Латвія ня стане ўмешвацца:

«Мы падтрымліваем пазыцыю Літвы і заклапочанасьць экалягічнымі стандартамі і стандартамі бясьпекі, — кажа Рынкевічс. — Я абмяркоўваў гэта зь беларускім міністрам замежных спраў, падымаў гэтае пытаньне на сустрэчы з гендырэктарам МАГАТЭ. Аднак мы прытрымліваемся пазыцыі, згодна зь якой мы як мага больш павінны абмяркоўваць гэта зь беларусамі. Мы не заходзім так далёка, каб разглядаць нейкія законы, але мы лічым, што стандарты бясьпекі і экалёгіі павінны быць на найвышэйшым узроўні».

Латвійскі міністар даў зразумець, што яго краіна не разглядае магчымасьці абмежаваньня імпарту электраэнэргіі зь Беларускай атамнай станцыі.

Чакаецца, што на гэтым тыдні ўрад Літвы прыме канчатковае рашэньне аб абмежаваньні імпарту электраэнэргіі, вырабленай на небясьпечных АЭС трэціх краін.

Раней міністар замежных спраў Літвы казаў, што беларускаму кіраўніцтву ня варта спадзявацца на продаж электраэнэргіі зь небясьпечнай атамнай станцыі. Прэзыдэнтка Эстоніі казала, што Эўразьвяз не павінен прымаць электрычнасьць з Астравецкай АЭС. Пазыцыя Польшчы невядомая.

Літва занепакоеная тым, што Беларусь працягне небясьпечную будоўлю АЭС за 50 км ад Вільні, не выконваючы міжнародных патрабаваньняў бясьпекі. Паўночная суседка прызначыла спэцыяльнага амбасадара ў пытаньнях Беларускай АЭС «дзеля каардынацыі дзеяньняў у міжнародным маштабе ў пытаньнях праекту БелАЭС». Трэці раўнд перамоваў Беларусі зь Літвой пра бясьпеку БелАЭС заплянаваны на першы квартал 2017 году.

16 студзеня ў Беларусі распачала працу SEED-місія МАГАТЭ, якая ацэніць бясьпеку пляцоўкі для БелАЭС. Беларускія экспэрты ў 1993 годзе прызналі Астравецкую пляцоўку небясьпечнай з прычыны сэйсьмічнай актыўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG