Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці раўнд перамоваў зь Літвой пра бясьпеку БелАЭС заплянаваны на першы квартал


Чарговы, трэці па ліку, раўнд перамоваў зь Літвой пра бясьпеку Беларускай АЭС заплянаваны на першы квартал гэтага году, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску першы намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна.

Чыноўніца Мінпрыроды сказала, што зь Літвой наконт Беларускай АЭС адначасова ідуць два перамоўныя працэсы. Першы зьвязаны з абмеркаваньнем праблемных пытаньняў будаўніцтва, другі — з абмеркаваньнем праекту беларуска-літоўскага пагадненьня згодна з Канвэнцыяй Эспаа ў частцы ацэнкі ўзьдзеяньня станцыі на навакольнае асяродзьдзе ў транспамежным кантэксьце пасьля ўвядзеньня АЭС у эксплюатацыю, перадае БелаПАН.

«Што да другога, то ў нас прайшлі два раўнды, і трэцяя сустрэча была заплянаваная на студзень 2017 году (раней паведамлялася пра канец кастрычніка 2016 году). Што да першага, то таксама прайшлі два раўнды перамоваў, трэці мы заплянавалі на першы квартал 2017 году. Я не выключаю, што гэтыя два працэсы абʼяднаюцца ў адзін, — сказала Малкіна. — Абмяркоўваецца пляцоўка для перамоваў — горад Вільня. Мы сустракаемся на прынцыпах ратацыі».

Першы намесьнік міністра паведаміла, што на пачатку студзеня 2017 году Менск накіраваў ліст пра гатоўнасьць «прыняць найбольш зручную для Літвы дату, каб сустрэцца для абмеркаваньня пытаньняў, якія знаходзяцца ў зоне павышанай увагі».

Наконт экалягічнага аспэкту працы Беларускай АЭС Малкіна сказала:

«Разумеючы, што такое пытаньне важнае для дзяржаўных органаў, каб прымаць нейкія рашэньні, у 2015 годзе ў межах экспэртаў Эўрапейскай эканамічнай камісіі прасілі зрабіць дадатковую ацэнку наступстваў уводу ў эксплюатацыю Беларускай АЭС. Экспэрты зрабілі адназначную выснову: увядзеньне атамнай станцыі скароціць выкід да 10 мільёнаў тон парніковых газаў штогод. Сёньня ў Беларусі такія выкіды складаюць 91–92 мільёны тон штогод».

На другім раўндзе двухбаковых кансультацыяў у Вільні ў верасьні 2016 году беларускія і літоўскія экспэрты не змаглі пераадолець рознагалосьсі па БелАЭС. Былі ўзнятыя пытаньні, зьвязаныя з інцыдэнтамі на будаўніцтве станцыі, правядзеньнем стрэс-тэстаў і SEED-місіі ў Беларусі, а таксама тэхнічныя пытаньні праекту Беларускай АЭС і магчымых рызык забруджваньня ракі Нярыс (Вілія) і падземных вод Вільні.

4 студзеня Літва прызначыла Даруса Дэгуціса спэцпаслом па асобых даручэньнях па пытаньнях будаўніцтва БелАЭС.

На будаўніцтве БелАЭС адбылося шмат інцыдэнтаў. 10 ліпеня 2016 году на будаўнічай пляцоўцы падчас трэніровачнай устаноўкі ўпаў 330-тонны агрэгат. На патрабаваньне беларускага боку Расея пагадзілася яго замяніць. 26 сьнежня, па дарозе ў Астравец, на станцыі Слаўнае з новым корпусам рэактара таксама здарыўся інцыдэнт: ахоўны мэталічны транспартны кажух звышгабарытнага грузу «нязначна крануўся» аб апору кантактнай сеткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG