Жодзінскі аддзел Сьледчага камітэту прызначыў дадатковую судова-мэдычную экспэртызу па факце сьмерці ў турме Ігара Барбашынскага.
Ён ставіць шэраг пытаньняў перад экспэртамі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Сярод іншага дадатковая экспэртыза павінна вызначыць, што стала прычынай наступленьня сьмерці Ігара Барбашынскага — цяжкасьць захворваньня або няправільнае лячэньне, недахопы аказаньня мэдычнай дапамогі.
Таксама экспэртыза павінна ўстанавіць ступень цяжкасьці, мэханізм і даўнасьць зьяўленьня сінякоў на целе падсуднага, колькасьць рубцоў на галаве Барбашынскага і мэханізм іх зьяўленьня.
Чакаецца, што па выніках гэтай экспэртызы будзе ўстаноўлена прычына сьмерці Ігара Барбашынскага. А таксама будзе дадзена прававая ацэнка якасьці выкананьня прафэсійных абавязкаў мэдработнікамі станцыі хуткай дапамогі Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы, Жодзінскай цэнтральнай гарадзкой бальніцы, адасобленага структурнага падразьдзяленьня Рэспубліканскай бальніцы і мэдчасткі турмы № 8 Жодзіна. Пры ўстанаўленьні фактаў аказаньня неналежнай мэдычнай дапамогі вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці.
Жодзінскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту вывучае абставіны сьмерці падсуднага Ігара Барбашынскага і факты неналежнага выкананьня мэдработнiкамi сваіх абавязкаў.
Падчас праверкі ўстаноўлена, што з 18 жніўня па 16 верасьня бягучага году Ігар Барбашынскі неаднойчы скардзіўся на галаўны боль, страты прытомнасьці, яго аглядалі мэдыкі хуткай мэдычнай службы, лекары мэдчасткі жодзінскай турмы, пераводзілі ў мэдчастку турмы № 8 для лячэньня і назад у камэру. Увечары 16 верасьня ў сувязі з пагаршэньнем стану Ігар Барбашынскі быў шпіталізаваны ў Жодзінскую цэнтральную гарадзкую бальніцу.
Па выніках абсьледаваньня мэдыкі выставілі Барбашынскаму дыягназ — энцэфаліт неўдакладненай этыялёгіі, яго стан быў ацэнены як «сярэдняй цяжкасьці». Аднак дактары вырашылі, што працяг тэрапіі ў лякарні немэтазгодны. Увечары 19 верасьня Ігара Барбашынскага перавялі ў Рэспубліканскую бальніцу Жодзінскай турмы № 8, дзе ён памёр а шостай раніцы наступнага дня.
Брата Ігара Барбашынскага Івана пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі». Яго зьвінавацілі ў супраціве міліцыянтам, спалучаным з гвалтам.
Барбашынскі заявіў, што мае намер абскардзіць рашэньне суду, бо лічыць сябе невінаватым. «Мы павінны даказаць — Ігара забілі», — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе.