Ён правёў 6 месяцаў у СІЗА, страціў там брата, перажыў зьдзекі турэмнікаў і быў асуджаны Слуцкім раённым судом на 2 гады так званай «хатняй хіміі» за супраціў праваахоўнікам. Карэспандэнтка Свабоды пагутарыла з былым вязьнем адразу па яго вызваленьні з-пад варты.
Пра затрыманьне
Раней гісторыя пра брутальнае затрыманьне братоў Барбашынскіх у ноч з 19 на 20 сакавіка 2016 году была вядомая журналістам выключна са словаў маці Ігара і Івана. Нарэшце, Іван распавёў пра той выпадак ад першай асобы.
— 19 сакавіка мы пайшлі з братам у мясцовую кавярню «Слуцкі пачастунак». Так, выпівалі, адпачывалі. А для чаго ж яшчэ прызначаныя кавярні? Калі ў судзе паказвалі відэа з камэраў, бачна, што мы з Ігарам проста выходзім на вуліцу, добра трымаемся на нагах, то бок мы не былі настолькі п’яныя, як пазьней даводзілі міліцыянты.
— Вы памятаеце нейкія характэрныя дэталі затрыманьня?
— Так, памятаю. Пад’ехала машына патрульна-паставой службы, адчыніліся дзьверы, і адтуль выглянуў адзін з супрацоўнікаў. Ён крыкнуў Ігару: «Праедзем з намі, таварыш маёр». У голасе быў чутны зьдзек. Я ўпэўнены: яны ехалі менавіта за братам. На дарозе, па якой мы ішлі, было вельмі цёмна, і немагчыма ў такой цемры разглядзець чалавека і пазнаць «таварыша маёра».
— Ці дапускаеце Вы, што затрыманьне стала помстай за былы канфлікт, які мог адбыцца падчас службы Ігара ва ўнутраных органах?
— Брат прапрацаваў больш за 20 год у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС Беларусі. Меў добрыя зносіны з калегамі. Я нічога ня ведаю пра канфлікты на працы. Наадварот, яго вельмі паважалі як спэцыяліста. Адкрытых ворагаў ніколі ў Ігара не было...
— Але ноччу 19 сакавіка міліцыянты ведалі, каго едуць затрымліваць?
— Магчыма... У сваіх паказаньнях сяржант Шустэр і прапаршчык Ламейка адмаўлялі фразу «Праедзем, таварыш маёр», сьмяяліся. Як цяпер даказаць, што фраза сапраўды прагучала?
— Распавядзіце, калі ласка, пра сам момант зьбіцьця. Як усё пачалося?
— Мы амаль дайшлі дахаты, блізка ўжо падышлі. Ігар кажа: «Хлопцы, мы хутка дома будзем». Праз імгненьне міліцыянт падбягае да Ігара, б’е яго моцна ззаду па сьпіне, Ігар падае тварам на зямлю. Пасьля міліцыянт спакойна заломвае яму рукі. Я кінуўся да брата, пачаў крычаць: «Што вы робіце? Навошта б’яце?» Тады нехта узяў мяне за плечы, а яшчэ адзін супрацоўнік распыліў газ у вочы. Я закрыўся рукой. Тады мне завязалі рукі плястыкавым жгутом, паклалі на сьпіну і яшчэ раз пырснулі газам у вочы. На судзе Ламейка і Шустэр адмаўлялі выкарыстаньне жгуту. Казалі, «карыстаюцца выключна мэталічнымі кайданкамі». Але ж у выцьвярэзьніку я бачыў, як мне пераразалі гэты жгут...
— Калі Вас пачалі біць?
— Газ у вочы — гэта па адчуваньнях як бітае шкло туды засыпаць. Я цалкам згубіў арыентацыю, і тады двое пачалі біць мяне па тулаве, па галаве, па нагах. Усё доўжылася некалькі хвілінаў. Я крычаў, прасіў, каб ня білі, сапраўды ж балюча!
— Што адбылося на наступны дзень?
— Пайшлі разам з братам здымаць пабоі ў гарадзкі шпіталь, і лекар прапанаваў легчы ў стацыянар, бо ў мяне былі паламаныя рэбры. Я адмовіўся, але цяпер шкадую: лёг бы тады — было б больш доказаў віны міліцыянтаў.
Пра сьмерць брата
— Зь Ігарам у нас заўжды былі цёплыя сяброўскія адносіны, усё рабілі разам. Пасьля зьмяшчэньня ў СІЗА бачыліся толькі на этапах, ня мелі ніякай магчымасьці перагаворвацца. На этапе я і пабачыў брата ў апошні раз... 22 верасьня мне прыйшоў ліст ад нявесты Веранікі. Спакойны такі ліст, пра паўсядзённыя справы распавядала... І раптам напрыканцы прыпіска чорным — «Ігарка больш няма. Трымайся». У галаве ўсё зазьвінела, паплыла... Аднакамэрнік падтрымаў, супакойваў мяне. Я папрасіў, каб адвялі да дзяжурнага апэратыўніка, і запытаў, што здарылася з братам. «Опэр» толькі паціснуў плячыма: «Ня ведаем, ня ведаем. Зь ім усё ў парадку». Я паказаў ліст, і толькі тады турэмнік пачаў абурацца: «Як цэнзура прапусьціла ліст?! Адсюль інфармацыя не выходзіць!»
— Ці маеце Вы вэрсіі сьмерці Ігара?
— Знаёмыя зэкі казалі: брата ўсе ў камэры шануюць. Ніводнага канфлікту з аднакамэрнікамі ў яго не было — гэта абсалютная праўда. Спачатку была інфармацыя, што ён сядзіць разам з былымі праваахоўнікамі, але пасьля дасьведчаныя людзі зьняпраўдзілі зьвесткі. Ігар сядзеў разам са звычайнымі зэкамі, сярод якіх былі і мацёрыя крымінальнікі. Гэта пацьвердзіла і адвакатка.
— То бок, зьбіцьцё Ігара адкамэрнікам Вы цалкам выключаеце?
— Так. Я даведаўся, што яго білі па каленным суставе, па пятках, па нырках. Такі характар пабояў характэрны толькі для сілавікоў. Не хачу называць імёны людзей, але мне распавялі, як брат губляў прытомнасьць, прасіў дапамогі, а яго выклікалі ў кабінэт апэратыўніка і там «лекавалі» дубінкамі.
Пра ўмовы ў Жодзінскім СІЗА
— Асабіста мяне не зьбівалі. Аднойчы адчуў сябе кепска і выклікаў фэльчара, той не зьбіраўся прызначаць лячэньне, проста ігнараваў скаргі. І я пачаў хвалявацца, падвышаць голас. Адразу ж прыбылі пяць супрацоўнікаў з дубінкамі. Любімы «супакойлівы» мэтад турэмнікаў — так званая «расьцяжка». Чалавека прымушаюць расставіць ногі максымальна шырока, да болю, у многіх ірвуцца сухажыльлі. «Расьцяжку» маюць права праводзіць падчас ператрусу, але турэмнікі робяць так часта, паказваючы ўласную сілу і перавагу. Са мной у камэры быў зэк, якому білі дубінкай па руках так часта, што рукі распухлі.
— Як можна патлумачыць такую жорсткасьць?
— Звычайна гвалт пачынаецца праз асабістыя непрыязныя адносіны паміж зэкам і наглядчыкам. Канкрэтныя прычыны могуць і адсутнічаць. Аднакамэрнік распавядаў: у 2014 годзе, пакуль дайшоў ад этапу да камэры, увесь у крыві быў. Пры мне аднаго ставілі на «расьцяжку» за прычоску, якая не спадабалася турэмнікам.
— Хворых зьмяшчаюць у турэмны шпіталь. Менавіта там памёр Ваш брат. Што ўяўляе сабой гэты шпіталь?
— Сырыя халодныя сутарэньні, па 10-12 чалавек у адной камэры. Адусюль дзьме. Лекар не абыходзіць хворых рэгулярна, проста тыцкае таблеткі ў «кармушку». Чалавек можа праляжаць суткі ці болей, пакуль не памрэ. Увогуле, у СІЗА зь людзьмі абыходзяцца як з быдлам. Мы для іх — быдла.
Пра пляны на будучыню
— Цяпер хочацца пабыць побач з блізкімі, падтрымаць іх пасьля сьмерці брата. Хутчэй за ўсё, буду абскарджваць рашэньне суду. Разумееце, гэта ператварылася ў палітычную справу: даказаць на нашым прыкладзе, што міліцыя заўсёды мае рацыю і ня можа быць пакараная за свавольства і зьбіцьцё грамадзянаў. Таму я лічу свой вырак палітычным. Таксама мы мусім даказаць — Ігара забілі ў СІЗА. 17 крывападцёкаў на целе брата — гэта прамыя доказы. Я не баюся і ня буду маўчаць.