На цяперашні момант пра будоўлю, якую Віцебская эпархія спрабавала распачаць у парку паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага, нагадвае толькі плот.
Ім адгароджаная частка парку, у якой плянавалася высечы 206 дрэў. Але ўжо няма ні брамы, ні «пашпарта аб’екта», ні будаўнічага вагончыка каля ўваходу.
Мясцовых жыхароў хвалюе, ці разьбяруць нарэшце і плот. Бо тады адкрыецца ранейшая прастора для прагулак зь дзецьмі. Аднак лёс будоўлі пакуль што пад пытаньнем: пасьля пратэстаў супраць зьнішчэньня парку, зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі і да мясцовых уладаў усе работы былі прыпыненыя, але ці назаўжды? Гэтае пытаньне ў шэрагу іншых і вырашылі задаць віцябляне ў новым калектыўным лісьце да мясцовых уладаў.
Днямі стала вядома, што гарадзкія ўлады прапанавалі галоўнаму ініцыятару ўзьвядзеньня копіі полацкага Сафійскага сабору ўзору ХІ стагодзьдзя, Віцебскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы, зрабіць шэраг зьменаў у праекце. У тым ліку перанесьці сабор на 36 мэтраў, каб мінімалізаваць зону высяканьня дрэў у гарадзкім парку, і з той самай мэтай зьмяніць трасу камунікацый, скараціць тэрыторыю, на якой замест вынішчаных дрэў плянаваліся брукаваныя дарожкі і пляцоўкі, адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынка і павялічыць колькасьць кампэнсацыйных пасадак дрэў у цэнтры гораду, а не на ўскраіне, як зьбіраліся прадстаўнікі эпархіі. А галоўнае — амаль у чатыры разы зьменшыць плошчу ніжняга храма, дастасаваўшы яе да памераў верхняга — уласна копіі полацкай Сафіі.
Выраз «ніжні храм» асабліва абурыў віцяблянаў, калі яны больш падрабязна пазнаёміліся з праектам і прапанаванымі зьменамі. Бо ўласна пра храм гаворкі і не вядзецца: на «падземным паверсе», пад копіяй сабору, плянавалася разьмясьціць «залю шматфункцыянальнага прызначэньня з вэстыбюлем, прыбіральнямі для наведнікаў, дапаможнымі памяшканьнямі; залю ўрачыстых прыёмаў і абрадаў, гардэробы для сьвятароў, трапэзную з кухняй, памяшканьні тэхнічнага прызначэньня». На думку шмат каго з гараджанаў, вядзецца ўжо далёка не пра «аднаўленьне страчанай сьвятыні», як спрабуюць пераканаць сьвятары, а пра вялікі эпархіяльны культурна-дзелавы цэнтар.
Ці гатовая эпархія шукаць кансэнсус з гараджанамі і зьменшыць ніжнюю, «офісную» частку збудаваньня, застаецца таямніцай. А пазыцыя гарвыканкаму зразумелая: чыноўнікі спрабуюць згладзіць канфлікт, абяцаючы, што пасьля ўдасканаленьня праекту парк будзе захаваны ў большым аб’ёме. Хоць віцяблянам не паведамілі, у якім дакладна. Таму ў калектыўным лісьце яны пытаюцца пра зьмены ў праекце больш дэталёва і просяць арганізаваць новыя калектыўныя слуханьні па пытаньнях узьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.
Афіцыйную пазыцыю ў дачыненьні зьменаў у праекце сабору Беларуская праваслаўная царква не агучвае. Затое рупяцца асобныя вернікі. Ня так даўно на інтэрнэт-рэсурсе mogilev.by зьявіўся артыкул «Віцебск: чаму дзеці Сатаны і Кунцэвіча пагражаюць». Аўтар Анатоль Шлыкаў называе ўсіх апанэнтаў будаўніцтва «дзецьмі Сатаны». І вінаваціць у пратэстах беларускую апазыцыю — як ён кажа, «сьвядомых», якія нібыта выступаюць супраць праваслаўя. Хоць насамрэч апазыцыйныя актывісты ня мелі аніякага дачыненьня да спрэчак вакол будаўніцтва, а калектыўныя лісты да ўладаў складалі мясцовыя пэнсіянэркі. «Гэтыя 200 дрэў — усяго толькі нагода для „сьвядомых“, каб заявіць нашым сьвятарам, што яны расейскія акупанты», «дай гэтым людзям з ХХІ стагодзьдзя ў рукі бутэлькі з кактэйлем Молатава, і яны бяз роздумаў спалілі б нашы храмы», — піша спадар Шлыкаў. Дастаецца ад «дзяка царквы сьвятой Алены», як называе сябе аўтар, і сьвецкім уладам: у тым, што «ў Віцебску сталі магчымымі несанкцыянаваныя пікеты з выразна радыкальнымі мэтамі», спадар Шлыкаў вінаваціць беларускі ўрад, «заступнікамі» якога лічыць «Захад» і «Дзярждэп», зь якімі «палітычная эліта Беларусі вядзе актыўны дыялёг».
Што да будаўніцтва, то Анатоль Шлыкаў заяўляе ад імя ўсіх праваслаўных вернікаў Віцебска, што яны «здолеюць адстаяць Сафійскі сабор», а ў выпадку забароны будаўніцтва ці нават зьмяншэньня плошчы «маюць намер пайсьці «хрэсным ходам праз усю Беларусь, каб уручыць сваё пасланьне асабіста прэзыдэнту А.Лукашэнку».
Віцебскія праваабаронцы рыхтуюць заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб адказныя органы далі ацэнку выказваньням Анатоля Шлыкава ў адпаведнасьці з артыкулам 130 Крымінальнага кодэксу «Распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці». А нязгодныя з будаўніцтвам копіі Сафійскага сабору ў гістарычным цэнтры гораду рыхтуюць свае пытаньні да Леаніда Багданава, намесьніка галоўнага архітэктара Віцебску (сустрэча зь ім анансаваная на 27-га кастрычніка ў выставачнай залі «Духаўскага кругліка»).