Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцябляне выйшлі пратэставаць супраць будаўніцтва Сафійскага сабору


Абвешчаны ўвечары 26 верасьня збор подпісаў супраць зьнішчэньня парку на месцы будаўніцтва нечакана перайшоў у публічную дыскусію. Яна разгарэлася са зьяўленьнем настаяцеля будучага сабору пратаярэя Міхаіла, які вырашыў пажартаваць з крытычна настроеным гараджанамі.

«Я бедны бедуін Міхаіл. А тут сабраліся прыхільнікі будаўніцтва Сафійскага сабору? Вось і я прыйшоў да вас далучыцца!» — такім чынам айцец Міхаіл прывітаўся з прысутнымі. Аднак людзей, якія сабраліся ў парку зь іншымі мэтамі, гэткія жарты не насьмяшылі. Хутчэй абурылі.

Пратаярэй Міхаіл, ужо прызначаны настаяцель Сафійскага сабору
Пратаярэй Міхаіл, ужо прызначаны настаяцель Сафійскага сабору


Мясцовыя жыхары сказалі сьвятару, што яны катэгарычна супраць будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ўзору 11-га стагодзьдзя, якога ніколі не было ў Віцебску. Прынамсі, тут , у зялёнай зоне гістарычнага цэнтру гораду. І прапанавалі, каб Віцебская эпархія праваслаўнай царквы знайшла для будаўніцтва іншае месца — напрыклад, дзе-небудзь у «спальным» раёне, калі ўжо ўзьвядзеньне псэўдагістарычнага храму падаецца такім неабходным. Нагадалі айцу Міхаілу і пра бядотны стан сапраўдных архітэктурных помнікаў, якія руйнуюцца, пра недабудаваныя шпіталі і паліклінікі, пра тое, што ў горадзе бракуе школ і дзіцячых садкоў.

Сьвятар перажагнаўся на помнік Уладзімеру Караткевічу
Сьвятар перажагнаўся на помнік Уладзімеру Караткевічу


Сьвятар сьпярша працягваў жартаваць, і нават перажагнаўся на помнік Уладзімеру Караткевічу, каля якога сабраліся ахвотныя падпісаць ліст пратэсту. Але потым пачаў падвышаць голас, асабліва на тых, хто размаўляў зь ім па-беларуску, асуджальна кажучы, што яны «нарадзіліся ў вёсцы». У натоўпе гэта выклікала яшчэ большае абурэньне, нехта нават гукнуў, што «нам не патрэбны ваш „рускі мір“, які вы сюды хочаце прывесьці».

Гараджане падпісваюцца супраць зьнішчэньня парка
Гараджане падпісваюцца супраць зьнішчэньня парка


Айцец Міхаіл спрачаўся з прысутнымі каля гадзіны, то палохаючы іх рознымі бедамі празь нежаданьне ўбачыць у Віцебску яшчэ адну царкву, то абяцаючы «зрабіць фантан» і «пасадзіць новы парк». Нехта спрабаваў падтрымаць пазыцыю сьвятара, але большасьць адкрыта дэманстравала недавер да ягоных словаў. Хтосьці спрачаўся далей, а хтосьці моўчкі падпісваў зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць зьнішчэньне парку і будаўніцтва сабору, якое гараджане не вітаюць па многіх прычынах...

Каля 130-ці подпісаў пад лістом у прэзыдэнцкую адміністрацыю сабралі мясцовыя жыхары па бліжэйшых дварах. Яшчэ больш за 80 подпісаў было сабрана каля помніка Ўладзіміру Караткевічу, куды людзі прыйшлі па запрашэньнях у сацыяльных сетках. Падчас сустрэчы відавочна адчувалася, што абурэньне жыхароў Віцебску дасягнула мяжы: людзі заклікалі адзін аднаго зладзіць мітынг пратэсту, пайсьці маршам да гарвыканкаму, стаць ланцугом на абарону дрэваў, як толькі ў парку будзе заўважана будаўнічая тэхніка. Прычым узяць з сабой дзяцей і ўнукаў.

Вакол будоўлі зьявіўся грунтоўны плот
Вакол будоўлі зьявіўся грунтоўны плот



Цяжка нават згадаць, якая падзея гарадзкога маштабу выклікала раней столькі ж гневу і крыўды ў мясцовых насельнікаў. Хіба толькі зьнішчэньне дрэваў на плошчы Перамогі, якога віцябляне дагэтуль ня могуць дараваць Аляксандру Косінцу, тагачаснаму старшыні віцебскага аблвыканкаму. Але й тады людзі не выходзілі на адкрытыя пратэсты, як здарылася гэтым разам.

Мажліва, на рост пратэстных настрояў паўплывала тое, што якраз сёньня ў парку зьявіўся плот, у паўтара разы вышэй за чалавечы рост. Раней тэрыторыю будаўніцтва толькі абнесьлі рэйкамі, а сёньня на іх замацавалі мэталёвыя шчыты. «Гэта на два з паловай гады, пакуль не пабудуюць сабор», — тлумачылі мінакам рабочыя.

З-за плоту ярка-зялёнага колеру выглядаюць пажаўцелыя дрэвы, якія сталі закладнікамі будаўніцтва Сафійскага сабору. І гэтыя маляўнічыя краявіды віцябляне разглядаюць сёньня з асаблівай скрухай.

26 верасьня быў апошні дзень, калі за агароджу яшчэ пускалі
26 верасьня быў апошні дзень, калі за агароджу яшчэ пускалі


Плот зьявіўся неўзабаве пасьля таго, як праект будаўніцтва толькі з трэцяга разу прайшоў экалягічную экспэртызу. Аднак грамадзкага абмеркаваньня праекту ў апошнім варыянце так і не было, і ніхто па вялікім рахунку ня ведае, якая частка парку будзе зьнішчана перад пачаткам будоўлі.

Ідэя ўзьвесьці ў Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору, якім ён быў у 11-м стагодзьдзі, была агучаная ў 2013 годзе. Яна належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, які заявіў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі. Фінансаваньне аб’екту, паводле віцебскіх чыноўнікаў і царкоўных уладаў, нібыта бярэ на сябе расейскі «Газпрам». Але апошнім часам пра «газпрамаўскіх» спонсараў амаль не чуваць, затое пачаліся заклікі да мясцовых ахвярадаўцаў. Жыхары Віцебску мяркуюць, што справа дойдзе і да «добраахвотных суботнікаў» на ўзьвядзеньне аб’екту, які ня мае ў горадзе аніякай гістарычнай традыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG