Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд асудзіў на 5 гадоў калёніі раварыста, які зьбіў бітай мінака


Працэс па справе менскага раварыста, які ўдарыў мінака бэйсбольнай бітай. Падсудны - Анатоль Грынкевіч. Менск, 7 верасьня 2016 году
Працэс па справе менскага раварыста, які ўдарыў мінака бэйсбольнай бітай. Падсудны - Анатоль Грынкевіч. Менск, 7 верасьня 2016 году

У Фрунзенскім судзе Менску завяршыўся працэс па гучнай справе раварыста, які зьбіў мінака бэйсбольнай бітай.

На лаве падсудных 30-гадовы Анатоль Грынкевіч, індывідуальны прадпрымальнік, які зарабляў на жыцьцё рамонтам музычных інструмэнтаў. Пацярпелы — Васіль Дземідовіч, якому 17 гадоў. Справу разглядала судзьдзя Юлія Крэпская.

Пасьля інцыдэнту, які здарыўся ў чэрвені, Васіль больш за тыдзень адбыў у шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай, якую атрымаў, калі Анатоль Грынкевіч ударыў яго бітай.

Васіль Дземідовіч пасьля ўдару бітай ад раварыста
Васіль Дземідовіч пасьля ўдару бітай ад раварыста

Суд пакараў Грынкевіча 5 гадамі зьняволеньня.

Таксама судзьдзя Юлія Крэпская часткова задаволіла пазоў пацярпелага Васіля Дземідовіча да Анатоля Грынкевіча. Акрамя адбыцьця тэрміну ва ўмовах узмоцненага рэжыму, яму давядзецца кампэнсаваць страты пацярпеламу на 10 тысяч рублёў. Пасьля суду абаронца Грынкевіча сказаў, што пакуль яго падабаронны не вырашыў, ці абскарджваць прысуд.

Грынкевіч у судзе цалкам прызнаў сябе вінаватым паводле 3 часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэксу. Гэта гвалтоўныя дзеяньні з хуліганскіх прычын з нанясеньнем траўмаў праз выкарыстаньне пэўных прадметаў. Адметна, што абвінавачаньне ставіць у віну Грынкевічу не адзін, а два ўдары: спачатку роварам у цела, потым бэйсбольнай бітай па галаве. Пры гэтым Грынкевіч сказаў, што наўмысна не наяжджаў на Васіля Дземідовіча.

Месяц таму ў Анатоля Грынкевіча нарадзілася дачка. Паводле абвінавачанага, 19 чэрвеня на працу яму патэлефанавала цяжарная жонка і сказала, што ёй стала блага. Ён тэрмінова паехаў дадому, каб дапамагчы жонцы, і скарыстаўся роварам.

Біта ў яго была на працы на той выпадак, калі б кавалак дрэва спатрэбіўся для рамонту музычных інструмэнтаў, патлумачыў абвінавачаны. У заплечнік ён паклаў біту раней, яшчэ да званка жонкі, і ў пасьпеху ўзяў заплечнік зь бітай у дарогу.

Калі ехаў па роварнай дарожцы, то лічыў, што ў яго была перавага ў параўнаньні зь мінакамі, бо на дарожцы была адпаведная разьметка, сказаў Грынкевіч.

«Раней асаблівых сутычак зь мінакамі не было, безь фізычных кантактаў», — сказаў абвінавачаны.

Пацярпелы — Васіль Дземідовіч
Пацярпелы — Васіль Дземідовіч

У судзе абвінавачаны Грынкевіч зьвярнуўся да пацярпелага Дземідовіча і ягонага бацькі з просьбай аб прабачэньні. Свае паводзіны 19 чэрвеня ён патлумачыў зьбегам абставінаў і цяжкім маральным станам з-за сямейных праблем. Паводле Грынкевіча, для ягонай жонкі гэта была трэцяя спроба зацяжараць: «І вось, калі ўсё атрымалася, раптам званок, што ўсё пад пагрозай. Таму я вельмі перажываў».

«Але не здымаю віны і зь сябе. Эмоцыі ўзялі верх», — гэтак Анатоль Грынкевіч скончыў выбачэньне.

Адказваючы на пытаньні адваката, Грынкевіч сказаў, што самастойна цалкам асэнсаваў свой учынак і прызнаў віну яшчэ да заканчэньня сьледзтва.

«У момант удару я, канечне, ня меў рацыі. Але ранейшае сутыкненьне можна было прадухіліць, саступіўшы дарогу адзін аднаму», — сказаў Грынкевіч. На пытаньне бацькі пацярпелага пра тое, чаму пакінуў ягонага сына ў «крыві ў бездапаможным стане», абвінавачаны сказаў, што «не зрабіў бы гэтага ў іншай сытуацыі, але тут вельмі сьпяшаўся, да таго ж не заўважыў, што пацярпелы страціў прытомнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG