Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пабітага невядомым раварыстам хлопца выявілі пашкоджаньне чэрапа


Васіль Дземідовіч
Васіль Дземідовіч

Дактары дыягназавалі расколіну чэрапа ў сямнаццацігадовага Васіля Дземідовіча. Хлопца ўдарыў бітай невядомы раварыст — бо той не саступіў дарогі. Інцыдэнт здарыўся 19 чэрвеня на вуліцы Прытыцкага.

Бацька пацярпелага хлопца Аляксандар Дземідовіч расказаў «Свабодзе»:

«Сын у шпіталі. У яго зрушэньне мозгу, і знайшлі трэшчыну. Трэшчына — над вокам, дзе быў удар. Бралі пункцыю мозгу. Дзякуй Богу, кроў у мозг ня патрапіла. Лекары спадзяюся, што ўсё будзе добра. У міліцыі прынялі заяву, і ўжо шукаюць гэтага чалавека. Сказалі, што завядуць крымінальную справу», — сказаў Аляксандр Дземідовіч.

Паводле сваячкі пацярпелага Ганны Несьцяровіч, інцыдэнт адбыўся непадалёк ад царквы на вуліцы Прытыцкага.

«Мой пляменьнік Васіль — фатограф-пачатковец. Ён дамовіўся са знаёмай дзяўчынай парабіць фота. Яны ішлі па вуліцы, па ходніках, і там пазначана было, што з аднаго боку частка для ровараў. Ён прызнае, што ішоў па сьцежцы, але, кажа, людзі перад імі ішлі павольна, ды іх трэба было абысьці. Потым ён убачыў, як едзе нейкі раварыст. Той, чамусьці, пачаў набіраць хуткасьць, і ў Васіля, як ён кажа, проста разгубіўся, ня ведаў, што рабіць. У апошні момант Васіль паспрабаваў усё ж ухіліцца, але той усё роўна яго зачапіў. Вася ўстояў, а раварыст паваліўся. Калі ён падымаўся, дык крычаў: „Што, я мушу цераз цябе пераскокваць?“

Пра гэта кажа Васіль і дзяўчына, зь якой ён ішоў. Раварыст падняўся, узяў торбу і пачаў вымаць зь яе біту. І тут Вася, як ён кажа, зразумеў, што той зараз ударыць яго гэтай бітай, і трэба ўцякаць. Ён перадаў свой фотаапарат дзяўчыне, бо апарат вельмі дарагі (ён толькі што яго набыў), але ў апошні момант усё ж ня ўцёк. Кажа, падумаў, што тады дастанецца гэтай дзяўчыне, а гэта будзе не па-мужчынску — ўцячы. Але, кажа, ніколі б не падумаў, што той ударыць яго наўпрост па галаве, як адбылося. Вася ад удару страціў прытомнасьць і паваліўся на траву, а людзі, якія ехалі па дарожцы, кажуць, што чулі ўдар. Яны потым сфатаграфавалі гэтага чалавека, калі ён ішоў па дарожцы. Той зьехаў, а людзі аказалі Васілю першую дапамогу і выклікалі хуткую і міліцыю. І я заставаліся зь ім да таго, як прыехаў бацька», — распавяла Ганна.

Ганна Несьцяровіч сама езьдзіць на ровары. Яна згодная з тым, што ня вельмі прыемна, калі людзі на ходніках не саступаюць дарогі, але рэагаваць на такія паводзіны раварысту трэба адэкватна і цывілізавана.

«Гэта проста нематываваная агрэсія. Магчыма і Васіль у нечым вінаваты, што аказаўся на той дарожцы, і раварыст мог яго абʼехаць ці спыніцца. Але дахадзіць да таго, каб біцца бітай? Гэта варʼяцтва! Прытым, ня выключана, што біта аказалася ў яго невыпадкова, што ён мог рыхтавацца да такіх падзей, і ў гэтым самае горшае. Тады невядома, колькі яшчэ людзей ён можа пакалечыць».

У аддзеле крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС адмовіліся паведаміць карэспандэнту, ці завялі крымінальную справу паводле заявы Васіля Дземідовіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG