Дзьмітрый Сталяроў распавёў, што ідэя ўскараскацца на будаўнічы кран на знак пратэсту да яго прыйшла спантанна:
«Я прыехаў у Менск, каб паскардзіцца якому-небудзь найвышэйшаму начальству на тое, што мне не заплацілі грошы за працу на будоўлі крамы „Карона“. Я працаваў аддзелачнікам, наймаўся як прыватны прадпрымальнік. Ужо і крама адчынілася, а заробку амаль за паўгода працы я так і ня ўбачыў. Я скардзіўся на гэта, куды толькі мог. Але не дапамагала. Думаў: паеду ў Менск, вазьму з сабой яшчэ калегаў, якім таксама не заплацілі. Аднак яны, напэўна, спалохаліся, не паехалі... А я прыехаў, куды ісьці — ня ведаў. Бачу: будоўля, ды ў самым цэнтры. Вырашыў: залезу на кран, ды ўсе заўважаць!»
25-гадовы хлопец прызнаецца, што ўзьнімаўся на вежавы кран другі раз у жыцьці. Упершыню — на працы, а другі раз — цяпер. Трапіць на будоўлю праблемай не было: там ходзіць шмат народу. І ніхто не зьвяртаў на яго ўвагі, ажно пакуль ён не апынуўся наверсе. Разам з дакумэнтамі, якія хацеў паказаць «найвышэйшаму начальству».
Пасьля таго, як Дзьмітрыя Сталярова заўважылі, само сабой атрымалася, што ён трапіў пад увагу журналістаў. Да таго, як ён сам прызнаецца, зьвярнуцца са сваімі праблемамі ў СМІ яму проста не прыходзіла ў галаву. Затое ён спрабаваў трапіць на прыём да старшыні аблвыканкама — паскардзіцца, што выйграў суд, распачаты супраць фірмы «Двенскстрой» за нявыплату заробку, аднак грошай так і не дачакаўся. Хоць спадзяваўся атрымаць і 40 мільёнаў уласна заробку, і каля 17-ці — пені за пратэрміноўку...
«Да губэрнатара ня трапіў, мяне перанакіравалі да супрацоўніка юстыцыі. Перад тым судзіўся, хадзіў па розных кабінэтах месяцаў 8-9. Думаеце, лёгка кадзіць па кабінэтах? Ды прасьцей на той кран ўскараскацца!» — кажа хлопец.
Затое цяпер ён упэўнены, што справа зь месца зрушыцца. Такое ўражаньне ў яго засталося пасьля размоваў у менскай міліцыі. А потым, калі яго адпусьцілі, ён ноччу вярнуўся дахаты ў Віцебск, а ўжо зранку 29 красавіка быў выкліканы ў Сьледчы камітэт. Там зноў даваў тлумачэньні, што змусіла яго ўзьлезьці не вежавы кран...
Зрэшты, гэта ўжо другі неардынарны ўчынак з нагоды не атрыманага заробку. Праўда, тычыцца гэта іншай фірмы, зь якой ён заключыў працоўную дамову на аддзелачныя работы ў новым будынку лягістычнага цэнтру. Там грошай не плацілі таксама, перамовы з кіраўніцтвам ні да чаго не прыводзілі. Тады, кажа Дзмітрый, ён наважыўся на крадзеж: вынес з будоўлі пэрфаратар і частку іншага электрычнага інструмэнту. Цьвердзіць, што забраў ня ўсё, а толькі тое, што па кошце апавядае суме не атрыманых грошай...
За гэты ўчынак Дзьмітрый Сталяроў знаходзіцца пад сьледзтвам. Усьведамляе, што парушыў закон, не адмаўляецца ад адказнасьці, але спадзяецца, што ў выпадку суду атрымае толькі ўмоўнае пакараньне. Пэўны час ён быў пад падпіскай аб нявыезьдзе, якая была працягнутая да 26 красавіка. Больш яе не працягвалі, і таму хлопец наважыўся паехаць у Менск і зрабіць тое, што зрабіў.
Пра зробленае ён не шкадуе, тым болей, што адміністрацыйных пратаколаў на яго не складалі. А надзея на атрыманьне грошай усё-ткі зьявілася.
На пытаньне, ці ня думае ён, што цяпер усе, каму запазычыліся працадаўцы, палезуць на краны, слупы, вежы і «шматпавярховікі», Дзьмітрый Сталяроў адказвае не адразу. Відаць, пра такія наступствы свайго ўчынку ён не задумваўся. Потым усьміхаецца і гаворыць: «Ня трэба!»
Хлопец жыве з бацькамі. Нейкі час таму зьбіраўся ажаніцца, аднак вясельле давялося адкладаць, бо не было грошай. Такім чынам, празь несумленнасьць наймальніка разладзілася і асабістае жыцьцё: нявеста ўрэшце разарвала адносіны з жаніхом. Цяпер яны жывуць у розных гарадах, дзяўчына скончыла Віцебскі мэдунівэрсытэт і працуе ў Берасьці. Дзьмітрый прызнаецца, што дагэтуль кахае Крысьціну і быў бы вельмі шчасьлівы, каб яна да яго вярнулася...
Ягоны сябар Глеб, які гаворыць пра Дзьмітрыя выключна з сымпатыяй, распавёў:
«Былі ў Дзімы спробы жыць асобна ад бацькоў, здымаць кватэру. Аднак перашкодзілі грашовыя праблемы. Давялося нават прадаць машыну, бо ён індывідуальны прадпрымальнік, трэба было плаціць падаткі, а з чаго — не было. Вельмі цяжкая сытуацыя. Ён дужа адказны, прынцыповы хлопец, але — не шанцавала яму, і ўсё!»
Другі сябар, Аляксандар, працаваў разам зь Дзьмітрыем на будаўніцтве гіпэрмаркета «Карона». Ён цьвердзіць, што ў яго асабіста праблем з атрыманьнем заробкаў не было, але такіх як ён — меншасьць:
«Там працавала вельмі шмат людзей. І вельмі шмат каму не заплацілі. Дзіма агітаваў, каб іншыя таксама падавалі заявы ў суд. Але людзі чамусьці баяцца або ня хочуць зьвязвацца з судамі ці псаваць адносіны з наймальнікам».
Дзьмітрый Сталяроў лічыць, што «проста зьвязаўся ня з тымі», што «ёсьць нармальныя фірмы з сумленнымі кіраўнікамі», зь якімі можна супрацоўнічаць і не баяцца.
Ён распавядае, што бацькі паставіліся да ягонага ўчынку з разуменьнем. Вядома, маці дужа расстроілася, калі даведалася, што сын палез на такую небясьпечную вышыню ў пошуках справядлівасьці. Аднак затое Дзьмітрый упэўнены, што пра ягоны ўчынак ведае сам Аляксандар Лукашэнка, і што ён ва ўсім разьбярэцца ды паспрыяе...
Пра тое, што ён найперш зробіць, атрымаўшы доўгачаканыя грошы, Дзьмітрый ужо не аднойчы разважаў:
«Ох, грошай заўжды бывае мала, а плянаў заўжды бывае так шмат... Напэўна, найперш я зраблю нейкі падарунак вартаўніку, які пацярпеў праз мой крадзеж інструмэнту. Ён жа не вінаваты, а яму дасталася празь мяне, праз тое, што я зрабіў. Таму хачу неяк аддзячыць вартаўніку, бо ён перажыў шмат непрыемнага падчас усіх сьледчых разьбіральніцтваў. Хачу папрасіць у яго прабачэньня».