Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталяроў палез на кран, каб «выбіць» заробкі для сваіх работнікаў


Перад адчайным крокам Дзьмітры Сталяроў, дамагаючыся заробку, зьвяртаўся ў Віцебскі гарвыканкам і ў суд, але марна.

25-гадовы жыхар Віцебску, які 28 красавіка ўзьлез на будаўнічы кран каля стадыёна «Дынама» ў цэнтры Менску, кіраваў будаўнічай брыгадай. І будаўнікам завінаваціліся грошы за працу.

Паводле аднаго з блізкіх сяброў, апошнім аб’ектам, на якім працавала брыгада Сталярова, быў гіпэрмаркет «Карона» на вуліцы Ганчарнай у Віцебску.

За нявыплачаныя заробкі Дзьмітры спрабаваў судзіцца — і нават выйграў суд, але грошай дасюль не атрымаў. Паводле ягоных сяброў, размова ідзе пра суму каля 60 мільёнаў рублёў. Гэта грошы ня толькі самога Дзьмітрыя, але і іншых чальцоў ягонай брыгады — якой ён кіраваў як прыватны прадпрымальнік.

Перш чым наважыцца на публічны пратэст у Менску, Дзьмітры Сталяроў спрабаваў вырашыць свае праблемы самастойна. Шляхі вырашэньня былі розныя: да прыкладу, некалькі разоў ён спрабаваў трапіць на прыём да гарадзкога кіраўніцтва. А аднаго разу, калі ён працаваў будаўніком у прыдарожным сэрвісе і ягоную брыгаду, як сказалі сябры, «кінулі на грошы», Сталяроў «наладзіў разборкі» з наймальнікам. Якім чынам «разьбіраліся», сябры ня кажуць, але ў выніку наймальнік нібыта быў гатовы разьлічыцца хоць чым. І прапанаваў узяць у кошт заробку інструмэнт. Але вартаўнік не паверыў у добрыя намеры абодвух бакоў і напісаў заяву пра крадзеж. Такім чынам, на гэты момант Дзьмітры Сталяроў пад сьледзтвам, зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе, і яму ўвогуле нельга было выяжджаць зь Віцебску.

Сябры характарызуюць Дзьмітрыя як чалавека «своеасаблівага», «не такога, як усе».

Упарты быў зь дзяцінства, займаўся лыжным спортам, скончыў вучылішча алімпійскага рэзэрву, адслужыў у войску.

Спэцыяльнасьць будаўніка Сталяроў набыў у Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Спадзяваўся, што гэта «грашовая» праца, якая прынясе яму дабрабыт. Аднак здарылася цалкам супрацьлеглае: Сталяроў быў вымушаны нават прадаць уласнае аўто, каб выжыць падчас судовых спрэчак за заробкі.

Аляксандар Ластоўскі, прэсавы сакратар менскай міліцыі, паведаміў Свабодзе, што зь Дзьмітрыя Сталярова, маладога мужчыны, які залез на будаўнічы кран ля стадыёна Дынама і патрабаваў выплаты яму заробку, узятыя тлумачэньні ў РУУС Ленінскага раёну Менску.

Ці будуць яму за гэты інцыдэнт выстаўленыя нейкія абвінавачаньні, спадар Ластоўскі сказаць пакуль ня змог, выказаўшы здагадку, што крымінальнага правапарушэньня тут, хутчэй за ўсё, няма, дый наконт адміністратыўнага таксама ёсьць сумнеў.

Дзьмітры Сталяроў (у цэнтры)
Дзьмітры Сталяроў (у цэнтры)

Іншая справа, што ў Віцебску да Сталярова могуць быць прэтэнзіі, бо, прыехаўшы ў Менск, ён парушыў падпіску аб нявыезьдзе як падсьледны. Дзе Сталяроў цяпер, спадар Ластоўскі сказаць ня змог, фармальна яго не затрымлівалі:

«Мы сваю справу зрабілі, тлумачэньні ўзялі, сытуацыя далей вывучаецца ў Віцебску».

Паводле спадара Ластоўскага, вывучаецца таксама і праблема, якая падштурхнула Сталярова да незвычайнага ўчынку, — нявыплата яму заробку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG