Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па сьвеце крочыць новая вэрсія «Омікрону». Наколькі яна небясьпечная


Дамінуючы цяпер на плянэце варыянт каранавірусу аказаўся ня толькі ашаламляльна заразным, але і стаў эвалюцыйным цудам. Пра гэта піша амэрыканская газэта The New York Times.

Да лістапада 2021 году, піша газэта, гэта значыць, амаль праз два гады пасьля таго, як каранавірус зьявіўся ва Ўхані і распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце, лекарам здавалася, што сюрпрызы скончыліся. На той час больш за чатыры мільярды чалавек былі вакцынаваныя, а пяць мільёнаў памерлі. Два новыя варыянты, вядомыя як «Альфа» і «Дэльта», спачатку даволі хутка распаўсюдзіліся, а пасьля гэтак жа хутка пайшлі на спад.

І вось у канцы лістапада 2021 году лекары з Батсваны і Паўднёвай Афрыкі папярэдзілі сьвет, што ўзьнікла і хутка распаўсюджваецца новая вэрсія віруса, якая моцна мутавала. Сусьветная арганізацыя здароўя назвала гэты варыянт «Омікрон», хутка ён абагнаў іншыя формы вірусу.

І самае галоўнае, што ён застаецца дамінуючым і ў нашы дні, у сваю другую гадавіну.

За два гады, якія прайшлі з моманту зьяўленьня «Омікрону», ён аказаўся ня толькі ашаламляльна заразным, але і стаў эвалюцыйным цудам. Штодзень ён кідае выклік шматлікім гіпотэзам і здагадкам вірусолягаў. Ён даў пачатак вялікай колькасьці нашчадкаў, якія сталі нашмат больш пасьпяхова ўхіляцца ад імунітэту чалавека і знаходзіць сярод людзей усё новыя і новыя ахвяры.

Імклівае распаўсюджваньне «Омікрону» было падобнае на яшчэ адну пандэмію, — мяркуе Адам Лорынг, вірусоляг зь Мічыганскага ўнівэрсытэту ў ЗША.

Сёньня лекары кажуць, што «Омікрон» можа стаць часткай нашага жыцьця, мутуючы кожны год, як гэта робіць сэзонны грып. Але дасьледнікі папярэджваюць, што вірус усё яшчэ здольны прынесьці шмат шкоды, асабліва калі мы перастанем зьвяртаць на яго ўвагу.

Здольнасьць «Омікрону» да хуткага распаўсюджваньня стала вынікам дзясяткаў мутацый. Яны зьмянілі паверхню вірусу так, што антыцелы, якія выпрацоўваюцца вакцынамі або папярэднімі інфэкцыямі, ня могуць шчыльна прыліпаць да яе і перашкаджаць пранікненьню каранавіруса ў клеткі.

«Гэта быў першы вірус, які ў значнай ступені здолеў абысьці імунітэт чалавека», — сказаў у інтэрвію New York Times доктар Джэйкаб Лэм’е, інфэкцыяніст з Масачусэцкай лякарні агульнага профілю.

Разам з тым лекары хутка ўбачылі, што ў параўнаньні з папярэднімі вэрсіямі каранавірусу, «Омікрон» «пасылаў» у шпіталі значна меншую частку хворых. Мяркуецца, што адной з прычын такой зьмены было тое, што ў многіх людзей прысутнічаў імунітэт да больш раньніх форм каранавірусу.

Імунная сыстэма чалавека ўключае ў сябе ня толькі антыцелы, але і спэцыяльныя імунныя клеткі, што могуць распазнаваць і зьнішчаць інфікаваныя клеткі. Гэтая другая лінія абароны вытрымала нават супраць «Омікрону» і змагла прадухіліць сур’ёзныя наступствы новых інфэкцый.

Тым ня менш, напрыклад, у Амэрыцы «Омікрон» выклікаў так шмат новых выпадкаў хваробы, што ён усё роўна выклікаў разбуральную для сыстэмы аховы здароўя хвалю шпіталізацый. Лічыцца, што падчас яго першай хвалі захварэла палова насельніцтва ЗША.

Па меры таго як «Омікрон» пераходзіў ад чалавека да чалавека, яго нашчадкі атрымлівалі ўсё больш і больш мутацый. Часам два варыянты «Омікрону» аказваліся ў адным чалавеку, што прыводзіла да ўтварэньня новых гібрыдных формаў са зьмешваньнем іх генаў. Адна з гэтых так званых рэкамбінацый зьмяшала разам два наборы небясьпечных мутацый і сарвала джэк-пот — утварыўся гібрыд пад назвай XBB.

XBB лёгка заражаў людзей, нават тых, хто ўжо быў інфікаваны варыянтамі «Альфа», «Дэльта» ці больш раньнімі формамі «Омікрону». У пачатку 2023 году XBB стаў дамінаваць у шмат якіх краінах.

Вытворцы вакцын стараліся не адставаць ад хуткай эвалюцыі «Омікрону». Ужо ў жніўні 2022 году мэдычныя ўлады санкцыянавалі паўторныя іньекцыі супраць варыянту BA.5. У верасьні 2023 году была санкцыянаваная вакцына ад XBB.

Але ў нашы дні варыянт XBB прыходзіць у заняпад, паколькі зьявілася цэлая зграя новых варыянтаў, яны здольныя яшчэ больш лёгка абыходзіць імунную сыстэму чалавека. Увосень 2023 году лекары пачалі лічыць, што чалавецтва перажывае пэрыяд «омікроннага» хаосу.

Але зусім нядаўна некалькі экспэртаў заявілі, што хаос можа хутка скончыцца, бо ў жніўні быў адкрыты новы варыянт пад назвай BA.2.86 з мноствам новых мутацый — верагодна, зноў-такі ў выніку эвалюцыі, якая адбываецца ў людзей з аслабленым імунітэтам.

Спачатку падавалася, што BA.2.86 не рэалізуе свой генэтычны патэнцыял і ня зможа хутка распаўсюдзіцца. Але за апошнія некалькі месяцаў лінія BA.2.86 набрала абаротаў, атрымаўшы мутацыю, якая дазваляе ёй ухіляцца ад яшчэ большай колькасьці чалавечых антыцелаў. Гэты варыянт назвалі JN.1, і ён стаў самай устойлівай вэрсіяй каранавірусу сярод усіх вядомых.

Цяпер гэты варыянт хутка распаўсюджваецца ў Францыі і неўзабаве можа ахапіць іншыя краіны.

Спэцыялісты кажуць, што пакуль цяжка прадказаць будучыню новага варыянту JN.1. Яго посьпех будзе залежаць ад таго, зь якой імуннай абаронай ён сутыкаецца пры распаўсюджваньні ад гаспадара да гаспадара. У пачатку пандэміі ўсё было прасьцей, таму што ніхто ня меў імунітэту да каранавірусу.

Сёньня, наадварот, большасьць людзей на Зямлі маюць імунітэт у той ці іншай форме — ці гэта натуральная інфэкцыя, вакцынацыя ці адно і другое. Гэты сусьветны імунітэт дазваляе зрабіць выснову, што ў выніку новага заражэньня памрэ менш людзей, чым у пачатку пандэміі.

Тым ня менш, страты і ад «Омікрону» застаюцца цяжкімі. Улады ЗША выявілі, што ў пэрыяд з кастрычніка 2022 году па верасень 2023-га ад COVID-19 памерла звыш 80 000 чалавек — гэта ў восем разоў больш, чым памерла ад грыпу.

Паколькі «Омікрон» працягвае разьвівацца, эпідэміёлягі па-ранейшаму бачаць карысьць ад вакцынацыі. Джасьцін Лэслэр, дасьледчык з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны, і яго калегі нядаўна зрабілі прагноз будучых інфэкцый і прыйшлі да высновы, што штогадовыя кампаніі вакцынацыі могуць выратаваць да 49 000 жыцьцяў у год.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG