Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра новыя варыянты COVID-19, якія цяпер распаўсюджваюцца. Пытаньні і адказы


Так званы «кашмарны варыянт» каранавірусу аказаўся не такім дрэнным, як здавалася спачатку, піша амэрыканская газэта The New York Times.

Цяпер за тое, каб стаць дамінантным штамам пандэміі, змагаюцца каля паўтузіна вэрсій вірусу, але ўсе яны — частка аднаго генэалягічнага дрэва. «Усе яны нашчадкі Omicron’у», — кажа доктар Альбэрт Коў, лекар і эпідэміёляг зь Ельскай школы аховы здароўя. Паводле доктара Коў, хоць у кожнага з падварыянтаў ёсьць адрозныя мутацыі, ніводзін зь іх пакуль не стварыў значных хваль, як гэта было з варыянтамі Delta і Omicron.

Вось што на дадзены момант вядома экспэртам пра новыя падварыянты і пра іх удзел у паўторных інфэкцыях, нараджэньні сымптомаў, усплёскаў хваробы і варыянтаў лячэньня.

1. Якія падварыянты цыркулююць цяпер? І што такое «кашмарны варыянт»?

Паводле дадзеных амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў, падварыянт BA.5, які адказны за летні ўсплёск COVID-19, па-ранейшаму выклікае троху менш за палову выпадкаў заражэньня. Але два іншыя падварыянты хутка распаўсюджваюцца і, як чакаецца, вельмі хутка перамогуць BA.5 — гэта BQ.1 і BQ.1.1.

Паводле стану на мінулую пятніцу ў ЗША на BQ.1 прыпадала 14 адсоткаў выпадкаў заражэньня COVID-19, а на BQ.1.1 — 13,1 адсотка.

Іншы варыянт, названы BA.4.6, таксама атрымаў некаторае распаўсюджаньне з жніўня. Цяпер на яго прыпадае 9,6 адсотка выпадкаў.

BF.7, BA.5.2.6, BA.2.75 і шэраг іншых варыянтаў таксама змагаюцца за свае пазыцыі ў пандэміі па ўсім сьвеце.

Яшчэ адзін варыянт пад назвай XBB трапіў нядаўна ў загалоўкі газэт з прычыны сваёй ролі ва ўсплёску COVID-19 у Сынгапуры. Некаторыя лекары зайшлі так далёка, што назвалі XBB «кашмарным варыянтам», хоць колькасьць выпадкаў і зьвязаных з ім шпіталізацый ужо да 29 кастрычніка значна зьнізілася.

Колькасьць хворых і месцазнаходжаньне кожнага падварыянта важныя пераважна для назіральнікаў за пандэміяй, якія спрабуюць адсачыць, наколькі добра падварыянты ўхіляюцца ад імуннай сыстэмы, як яны будуць цыркуляваць у грамадзтве і наколькі сур’ёзныя наступствы выклічуць у інфікаваных.

2. Ці варта турбавацца з прычыны распаўсюджваньня новых падварыянтаў?

У эвалюцыі новых варыянтаў каранавірусу няма нічога новага. «Мы мелі справу з гэтым раней, напрыклад, з грыпам, — сказаў The New York Times доктар Коў. — Вірусы і патагены пастаянна спрабуюць прыстасавацца і пазьбегнуць імуннага ціску нашага арганізму».

Існуе вялікая імавернасьць, што новыя падварыянты каранавірусу заразяць здаровых дарослых людзей, нават калі тыя былі вакцынаваныя ці раней ужо перахварэлі на іншыя штамы.

Некалькі ранейшых дасьледаваньняў паказалі, што папярэдняя інфэкцыя ці вакцынацыя могуць ня выпрацаваць антыцелы, якія надзейна абароняць ад новых падварыянтаў. Але іншыя часткі імуннай сыстэмы могуць стаць на нашу абарону, кажа доктар Ота Янг, інфэкцыяніст з Мэдычнай школы Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анджэлесе.

«Мутацыі, якімі вызначаюцца новыя варыянты, згрупаваныя ў ключавой вобласьці ўзаемадзеяньня антыцелаў і вакол яе, але агульная пасьлядоўнасьць сувязяў насамрэч ня зьмененая настолькі, каб узьдзейнічаць на Т-клеткі, якія распазнаюць любую частку пасьлядоўнасьці, і прадухіляць цяжкія захворваньні», — кажа доктар Янг.

Большасьць экспэртаў ня надта непакояцца з прычыны магчымага зьяўленьня новых падварыянтаў, якія выклікаюць лёгкія захворваньні. «Калі мы ўбачым, што сьмяротнасьць зьніжаецца, а колькасьць сур’ёзных выпадкаў і шпіталізацый скарачаецца, нават калі людзі заражаюцца, гэта будзе вялікі посьпех», — кажа Майкл Астэргольм, эпідэміёляг і дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў і палітыкі ў галіне інфэкцыйных захворваньняў ва Ўнівэрсытэце Мінэсоты.

Ухіленьне ад імуннай сыстэмы выклікае вялікую заклапочанасьць толькі ў выпадку людзей з аслабленым імунітэтам ці ў тых, у каго няма моцнага імуннага адказу на вакцыны. Да гэтай групы адносяцца людзі, якія перанесьлі трансплянтацыю ствалавых клетак або ўнутраных органаў, людзі, якія лечацца ад раку, людзі з аўтаімуннымі хваробамі і тыя, хто прымае імунадэпрэсанты, кажа доктар Алпана Вагмары, інфэкцыяніст з Анкалягічнага цэнтру Фрэда Гатчынсана ў ЗША.

3. Якія сымптомы заражэньня COVID-19, выкліканага адным з новых падварыянтаў?

Пакуль няма доказаў, што людзі, інфікаваныя BQ.1, BQ.1.1 ці любым іншым падварыянтам, адчуваюць якія-небудзь новыя ці незвычайныя сымптомы або што іх хвароба больш сур’ёзная, чым тое, што мы бачылі з папярэднімі варыянтамі Omicron’у.

Найбольш распаўсюджаныя сымптомы па-ранейшаму ўключаюць лёгкі катар, галаўны боль і боль у горле. Яны могуць папярэднічаць станоўчаму тэсту на COVID-19, а самі сымптомы могуць быць лёгкімі ці ўмерана цяжкімі на працягу ўсёй хваробы.

«Цяжка сказаць, ці зьвязанае зьніжэньне цяжкасьці працяканьня хваробы, якое мы назіраем, з тым ці іншым новым варыянтам або з тым, што людзі былі прышчэпленыя ці сутыкаліся з інфэкцыяй раней», — мяркуе доктар Вагмары.

4. Як абараніцца ад вірусу?

Лепшае, што большасьць людзей можа зрабіць, каб абараніць сябе зімой, — гэта зрабіць прышчэпку і бустэрную імунізацыю. У прыватнасьці, тыя, хто знаходзіцца ў групе высокай рызыкі, або тыя, хто не рабіў бустэр ці не хварэў на COVID-19 за апошнія чатыры-шэсьць месяцаў, павінны зрабіць прышчэпку, кажа доктар Янг. Некаторыя экспэрты рэкамэндуюць атрымаць бустэр яшчэ раней.

Дасьледаваньне, праведзенае нядаўна Pfizer, сьведчыць, што абноўлены двухвалентны бустэр, які стаў даступны ў верасьні 2022 году, дае найлепшы адказ антыцелаў супраць BA.5 у людзей, старэйшых за 55 гадоў. Іншыя незалежныя дадзеныя паказваюць, што прышчэпка можа не прынесьці асаблівай карысьці адносна маладым і здаровым людзям, якія ўжо атрымалі чатыры дозы вакцыны.

Бівалентны бустэр можа навучыць нашу імунную сыстэму распазнаваць зыходны вірус 2020 году і варыянт BA.5 Omicron. Але яшчэ трэба высьветліць, наколькі добра антыцелы з двухвалентнай вакцыны могуць працаваць супраць найноўшых падварыянтаў, такіх як BQ.1 і BQ.1.1, што ўжо разышліся з BA.5.

Акрамя антыцелаў, абарона Т-клетак, якая ўзьнікае пасьля бустэрнай дозы, павінна па-ранейшаму абараняць нас ад цяжкага цячэньня хваробы, калі мы заразімся, кажа доктар Янг.

Згодна зь некаторымі дасьледаваньнямі, праведзенымі ў Ізраілі, абарона Т-клетак, верагодна, пачынае слабець прыкладна праз шэсьць месяцаў, таму людзі павінны падумаць пра тое, каб зрабіць яшчэ адну прышчэпку, нават калі яны маладыя і здаровыя.

Людзям, якія маюць высокую рызыку цяжкага цячэньня COVID-19 або маюць уразьлівых чальцоў сям’і, таксама варта падумаць аб нашэньні масак, пазьбягаць людных зачыненых памяшканьняў і пытацца ў іншых пра магчымыя сымптомы COVID-19, калі яны зьбіраюцца на вечарынкі падчас адпачынку ці выходных дзён. Паводле доктара Вагмары, сваякам уразьлівых мае сэнс часта здаваць аналізы і прымаць супрацьвірусныя прэпараты на раньнім этапе хваробы, калі яны ўсё ж заразяцца.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG