Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як засьцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19 у новым сэзоне. Парады


Восень памалу пераходзіць у зіму. Сэзон халадоў прымушае людзей часьцей зьбірацца ў закрытых памяшканьнях. Разам з гэтым расьце і рызыка заразіцца новымі штамамі каранавірусу, які нікуды ня зьнік.

Газэта The New York Times сабрала парады мэдыкаў.

Што трэба зрабіць, каб засьцерагчы сябе

Першую параду спэцыялістаў вы ўжо чулі раней і шмат разоў: маскі могуць дапамагчы абараніць сябе і іншых ад заражэньня.

Трэба таксама старанна мыць рукі і не дакранацца нямытымі рукамі да твару.

Абноўленыя вакцыны супраць COVID-19 таксама ўсё яшчэ працуюць і могуць зьнізіць вашы шанцы заразіцца. Таксама важна памятаць, што вакцыны зьніжаюць рызыку цяжкіх захворваньняў.

Жыцьцёва важны інструмэнт у эпоху COVID-19 — экспрэс-тэсты. Мэдыкі нагадваюць, што тэсты варта рабіць пры зьяўленьні сымптомаў, а таксама пасьля пацьверджанага ўжо заражэньня, каб вызначыць, ці застаецца вірус у арганізьме. Дзеля пэўнасьці варта зрабіць два тэсты з інтэрвалам у 48 гадзін.

Калі вы захварэлі, то ў першыя дні пасьля пачатку хваробы можна пачаць прымаць нешта з процівірусных лекаў. Гэта можа дапамагчы пазьбегнуць цяжкага або зацяжнога COVID-19.

Якія віды актыўнасьці найбольш рызыкоўныя

Мэдыкі сьцьвярджаюць, што рызыка заразіцца залежыць ад таго, ці бываеце вы ў шматлюдных месцах і як доўга.

Напрыклад, калі мы заходзім у краму, рызыка, хутчэй за ўсё, мінімальная. Але калі мы гадзінамі знаходзімся бяз маскі ў перапоўненай канцэртнай залі, рызыка будзе значна большая.

«Кожны раз, калі вы знаходзіцеся ў памяшканьні зь вялікай колькасьцю людзей, рызыка ўсё яшчэ існуе», — сказаў у інтэрвію The New York Times доктар Марк Сала, судырэктар аднаго з цэнтраў барацьбы з COVID-19 у Чыкага.

У мэтро ці аўтобусе інфэкцыяністы рэкамэндуюць насіць маскі.

Самалёты, як лічыцца, менш небясьпечныя з прычыны добрай вэнтыляцыі, але мае сэнс надзець маску пры пасадцы і высадцы.

Агулам, трэба памятаць, што ў халодны сэзон любая актыўнасьць у памяшканьні, напрыклад паход у бар ці на дыскатэку, нясе пэўную ступень рызыкі.

Як доўга чакаць паляпшэньня пасьля пачатку хваробы

Па меры зьяўленьня новых штамаў каранавірусу час паміж заражэньнем і разьвіцьцём сымптомаў скараціўся. Цяпер у большасьці людзей тэсты, як правіла, даюць станоўчы вынік праз тры дні пасьля заражэньня. Але шмат каму патрабуецца цэлы тыдзень, каб атрымаць станоўчы вынік экспрэс-тэсту.

Аднак, як толькі звычайны для каранавірусу тыднёвы тэрмін мінецца, вы, хутчэй за ўсё, адчуеце сябе лепш.

Ці мяняць свае пляны, калі вы адчуваеце недамаганьне, але ня ведаеце, ці гэта COVID-19

Гэта залежыць ад таго, наколькі вы і навакольныя людзі схільныя да рызыкі заразіцца.

Гэта таксама залежыць ад таго, з кім вы зьбіраецеся бавіць час. Напрыклад, калі вы плянуеце наведаць старэйшага сваяка, то сустрэчу лепш перанесьці.

Можна таксама папярэджваць тых, з кім вы зьбіраецеся сустрэцца, пра сваё недамаганьне. У гэтым выпадку можна перанесьці сумесную вячэру на вольнае паветра або прызначыць яе на іншы дзень.

Калі ж у вас тэмпэратура, трэба застацца дома.

Галоўнае — не забывацца, што самы дакладны спосаб вызначыць, чым выкліканы ваш катар — прастудай, грыпам або COVID-19, — гэта зрабіць тэст.

Наколькі трэба быць асьцярожным пасьля перанесенага COVID-19

Калі вы хварэлі на каранавірус на працягу апошніх трох месяцаў, вы дастаткова добра абароненыя ад яго натуральным імунітэтам.

Але трэба памятаць, што і ў гэтым выпадку ўсё роўна можна заразіцца паўторна. Зрэшты, гэта значна менш імаверна, бо штамы і іх варыянты, якія цыркулююць у кожны канкрэтны час, вельмі падобныя.

Ці трэба праходзіць карантын, перад тым як паехаць дадому на вакацыі

Лекары раяць падумаць пра дадатковыя захады засьцярогі.

Можна абмежаваць час, які мы праводзім зь людзьмі бяз масак, за пяць дзён да сустрэчы са сваякамі.

Трэба вельмі ўважліва прыслухоўвацца да свайго самаадчуваньня і сачыць за сымптомамі.

Нарэшце, перад паездкай дадому варта зрабіць тэст на каранавірус.

Памятайце, што цалкам рызыку выключыць нельга, але яе можна значна зьнізіць.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG