Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вештард: Не лічу «Гавары праўду» сумленнымі людзьмі. Яе былы намесьнік: Невядома, чым партыя займаецца


Галасаваньне па адным з пытаньняў на зьезьдзе
Галасаваньне па адным з пытаньняў на зьезьдзе

На 16-м зьезьдзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) трэці раз абралі старшынёй Ірыну Вештард. За яе прагаласавала 42 з 82 дэлегатаў. За яе суперніка і былога намесьніка Ігара Маслоўскага зь берасьцейскай арганізацыі аддалі свае галасы 38 дэлегатаў.

Напярэдадні зьезду шмат казалі пра тое, што рух «Гавары праўду» зьдзяйсьняе ледзьве не «рэйдэрскі захоп» адной з найстарэйшых беларускіх партый, высоўваючы на старшыню Маслоўскага.

Новаабраная старшыня Ірына Вештард пракамэнтавала Радыё Свабода сваё стаўленьне да лідэраў «Гавары праўду». А Ігар Маслоўскі назваў спэкуляцыі наконт патэнцыйных намераў «Гавары праўду» што да БСДП «хлусьнёй». Сам ён вылучацца на пасаду намесьніка старшыні наноў адмовіўся і абяцае сканцэнтравацца на рэгіянальнай дзейнасьці.

РС: Ірына Зянонаўна, якое ў Вас уражаньне ад зьезду? Шмат крытыкі прагучала сёньня ў Ваш адрас, як будзе далей разьвівацца партыя пад Вашым кіраўніцтвам?

Ірына Вештард: Я злуюся толькі да ранку, калі нешта адмоўнае кажуць. Лічу, што па характары я жанчына мяккаватая. Часам мае сябры кажуць, што я шмат «разьвяла дэмакратыі», што іншы раз варта, каб быў парадак. Нельга ігнараваць статутныя нормы. Калі мы ад прэзыдэнта патрабуем, каб было празрыстае галасаваньне, то і ад сябе дакладна трэба патрабаваць.

Калі мы ў прэзыдэнцкую кампанію аднаго кандыдата невялікай колькасьцю назьбіралі 20 тысяч, то для свайго ў нас ёсьць усе магчымасьці.

Лічу, што будзем у набраным тэмпе працаваць, прыхільнасьць да нас будзе расьці. Зараз я глыбока перакананая, што нам трэба вылучаць ад БСДП свайго кандыдата. Гэта дае падставы напружыцца, працаваць больш актыўна. У нас усюды ёсьць структуры. Калі мы ў прэзыдэнцкую кампанію аднаго кандыдата невялікай колькасьцю назьбіралі 20 тысяч, то для свайго ў нас ёсьць усе магчымасьці.

Думаю, што і над нацыянальнымі традыцыямі будзем актыўна працаваць, над нашымі папярэднікамі, якія спрыялі таму, што традыцыі сацыял-дэмакратыі ў наш час адноўленыя. Кожная структура, якая ёсьць у рэспубліцы, кожны будзе мець самастойнасьць, магчымасьць дзейнічаць. Я ніколі нікому не перашкаджала працаваць. Калі хочуць, хай працуюць.

РС: Адчуваеце сябе пераможцам?

Вештард: ​У мяне такога паняцьця «пераможца» няма. Нават калі б у майго суперніка было 14 галасоў, а ў мяне 70, я не змагла б вам сказаць, што адчуваю сябе пераможцам. Нельга ніколі ў жыцьці думаць, што ты пераможца. Трэба думаць пра пэрспэктыву, пра працу, знаходзіць сярэдзіну... Самаўпэўненасьць — благая ўласьцівасьць у чалавечым жыцьці. Я ніколі не была самаўпэўненай. Я проста за гэтыя паўгода перажыла вельмі шмат рознага брыдкага, неадкэватнага распаўсюду хлусьлівай інфармацыі. Такая ішла барацьба, а я ніколі ў такіх мэтадах барацьбы не ўдзельнічала... Я разумею, што ёсьць тыя, хто крыўдзіцца, хто хоча выкарыстаць палітычную партыю. Я за тое, каб нашая партыя набірала абароты сама па сабе, рабілася больш моцнай. Хопіць павялічваць імідж суседзяў.

РР: Як Вашыя стасункі з «Гавары праўду» будуць цяпер разьвівацца?

Вештард: ​Я не зьбіраюся «Гавары праўду» паліваць брудам. Як яны сабраліся жыць, гэта іх права. Яны маюць права выбіраць свій удзел у грамадзкім жыцьці. Я зусім не цікаўлюся ані тым, колькі ў іх там структур, ні сябрамі. Я заўсёды кажу: «Дай Бог управіцца ў сваёй структуры».

Кіраўнікі «Гавары праўду» нагадваюць людзей, якія спрабуюць і нашым, і вашым услужыць.

Калі асабіста мяне спытаць, то я ня маю аніякага жаданьня збліжацца з «Гавары праўду». Мне недаспадобы словы, якія часта выказваюць два кіраўнікі. Яны мне нагадваюць людзей, якія спрабуюць і нашым, і вашым услужыць. Часам мне падаецца, што яны дужа імкнуцца спадабацца ўладзе ці ўладкавацца ва ўладную сыстэму ці ўбудавацца. Іх ідэалёгія, паводзіны, спробы спачатку выступіць, а пасьля сказаць «гэта ня так журналісты зразумелі»... Я даўно ведаю Андрэя (Андрэя Дзьмітрыева — аднаго зь лідэраў Гавары праўду — РС), дастаткова часу ведаю Таню (Тацьцяну Караткевіч — экс-кандыдата ў прэзыдэнты ад Гавары праўду — РС), я вельмі шмат у свой час дапамагала нават у некаторых пытаньнях, на паседжаньнях «сямёркі» і іншых органаў. Я не лічу іх сумленнымі людзьмі... вось і ўсё. Я лічу, што гэта можа не знак роўнасьці Гайдукевічу, але я кампанію «Гавары праўду» да апазыцыі не адношу адназначна. На маю думку, яны проста выкарыстоўваюць палітычнае поле ці паразыуюць на чужых структурах.

РС: Як вы пракамэнтуеце спэкуляцыі наконт таго, што «Гавары праўду» ледзьве не рэйдэрскі захоп вашай партыі рыхтавала?

Вештард: Яны мне самі наўпрост не казалі, але тым ня менш да мяне заўсёды даходзілі размовы пра тое, што кампанія ГП хоча стаць палітычнай партыяй. На маю думку, тыя людзі, якія казалі пра рэйдэрскі захоп, маюць свае падставы. Апошнім часам я бачыла беспадстаўныя напады сябраў маёй арганізацыі на мяне. І гэта былі менавіта сябры, якія супрацоўнічаюць з ГП. Недакладная інфармацыя распаўсюджвалася... Таму ў мяне ёсьць упэўненае адчуваньне, што падпарадкаваць нас хацелася. Як кажуць «Беларусь — прыдатак Расеі», так і тут «БСДП — прыдатак ГП». Я заўсёды казала, што я радая супрацоўніцтву, добрым кантактам, але ў нас павінныя быць роўныя ўзаемапаважлівыя адносіны«.

Маслоўскі: Нам зь Вештард не па шляху

Ігар Маслоўскі ў партыі з 1994 году. Да зьезду займаў пасаду першага намесьніка старшыні. Змагацца за гэтую пасаду наноў адмовіўся.

РС: Спадар Маслоўскі, што азначае тое, што Вы адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах на пасаду намесьніка? Вы мінімізуеце сваю дзейнасьць у партыі? Сыходзіце ўвогуле?

Са спадарыняй Вештард перамен у партыі ня будзе.

Ігар Маслоўскі: Я патлумачыў, што лепей працаваць з камандай, якая хоча перамен. Са спадарыняй Вештард такіх перамен у партыі ня будзе, я ня зьвязваю зь ёю аніякіх надзей на гэтыя перамены. Лепей я буду канцэнтраваць сваю дзейнасьць на тэрыторыі Брэсцкай вобласьці. Лічу, што карысьці для партыі будзе больш. Для разьвіцьця сацыял-дэмакратыі ў асобнай вобласьці, хай гэта парадаксальна прагучыць. КПД будзе больш, чым я буду змагацца з Вештард у прэзыдыюме.

РС: Амаль палова прагаласавала за Вас. Пра што гэта сьведчыць, і што Вы будзеце рабіць з гэтай падтрымкай?

Маслоўскі: Гэта шчырыя адданыя людзі. Я зазначу, што гэта ўсе людзі, якія найбольш актыўныя ў партыі. Тыя, якія стаялі ў пікетах, вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты на мясцовых саветах, у парлямэнт. Якія зьбіралі шмат подпісаў за вырашэньне рэгіянальных праблем. З гэтымі людзьмі мы разьлічваем ня толькі на перамены ў партыі, але і на перамены ў краіне.

РС: Вы відавочна ведаеце абвінавачаньні, у тым ліку і ад сяброў вашай партыі, у тым, што праз Вашую асобу рух «Гавары праўду» імкнуўся зрабіць ці ня рэйдэрскі захоп партыі?

Калі паглядзець на нашых дэлегатаў, яны больш вядомыя як сацыял-дэмакраты, чым тыя людзі, якія сёньня галасавалі за Вештард.

Маслоўскі: Гэта звычайная хлусьня. Калі паглядзець на нашых дэлегатаў, яны больш вядомыя як сябры БСДП. Хаця шэраг людзей у той ці іншы час супрацоўнічаў з «Гавары праўду». Яны больш вядомыя як сацыял-дэмакраты, чым тыя людзі, якія сёньня галасавалі за Вештард. Такіх многа. Некаторыя прозьвішчы я ў першы раз бачу і чую тут, ніколі ня ведаў, што яны сацыял-дэмакраты, а тут яны зьявіліся.

РС: Спадар Маслоўскі, я цэлы дзень была на зьедзе і так і ня здолела зразумець, чым Вашая партыя канкрэтна займаецца па-за зьездамі.

Маслоўскі: Я таксама не зразумеў, чым яны займаюцца. Таму мы і хацелі памяняць стратэгію, тактыку, выпрацаваць канкрэтны новы плян дзеяньняў для БСДП. Тыя, хто галасаваў за мяне, галасавалі супраць вось гэтага «чым наогул партыя займаецца?».

БСДП (Грамада) — нашчадак адной з найстарэйшых беларускіх партыяў, заснаванай ў 1991 годзе. Паводле агучаных на зьезьдзе зьвестак, колькасьць яе сяброў у 2016 годзе складае 1152 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG