Раз-пораз ізноў сустракаю выказваньні пра Беларусь як частку Расеі. Правалы ў адукацыі + прапаганда «агульнага гістарычнага лёсу», «славянскага адзінства» і «русского мира» – даюць свой вынік.
Між тым, нельга аспрэчыць аб’ектыўныя факты – адметнасьці прасторы і часу, – якія сфармавалі адрозныя мэнталітэты беларусаў і расейцаў.
1. Тэрыторыя – як фармат Радзімы. Беларусьсю можна мысьліць і атаясамліваць сябе зь ёю. Пабываўшы ва ўсіх 118 раёнах, Беларусь можна ведаць амаль дасканала і пры тым заўсёды адкрываць для сябе новае ў ёй. Беларусь магчыма любіць – як краіну, зямлю, прыроду.
Расеяй памысьліш, хіба што ўяўляючы яе на глёбусе. У Расеі ніколі не пабываеш у 1868 раёнах, каб хоць мелькам зьведаць усё гэта і палюбіць. Таму расеец любіць Расею не праз родны край і яго прыроду (Краснаярскі край – толькі частка Расеі, зьмяшчае 8 тэрыторыяў Беларусі), ці нават «этат кусок зямлі» (ППРБ), а праз «родную речь» ды іншыя неасязальныя прадметы.
2. Рэнэсанс і дэспатыя. Некалькі стагодзьдзяў у складзе Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Эўропы насельнікі Беларусі жылі ў эпоху Адраджэньня – узвышэньня чалавека, вяршэнства права, росквіту мастацтваў і рамёстваў. Гэта зрабіла беларусаў законапаслухмянымі, а краіну – пасьля аграрнай і іншых рэформаў – сучаснай і эўрапейскай. Нават два наступныя стагодзьдзі ў складзе Расейскай і савецкай імпэрыі ня здолелі да канца выкараніць зь беларуса яго талерантнасьці, павагі да закону і высокае цаны чалавечага жыцьця.
Расея эпохі рэнэсансу ня ведала. Адгарадзіўшыся ад Эўропы, яна праводзіла ўнутраную палітыку жорсткай дэспатыі і зьнешнюю палітыку захопу новых тэрыторыяў.
3. Донар і рэцыпіент. Падчас 13-гадовай вайны Масковіі супраць ВКЛ (1654-1667), у выніку якой насельніцтва нашай краіны зьменшылася напалову, Расея вывела зь Беларусі 300-тысячны палон. Гэта былі майстры-рамесьнікі, якія мусілі будаваць Маскву ды іншыя расейскія гарады. У беларускіх гарадах іх месца паступова занялі габрэі. З тых часоў Беларусь стала донарам кадраў для Расеі, сярод якіх мноства выдатных спэцыялістаў, навукоўцаў і дзеячоў культуры.
Нібы наўзамен гэтага палону ў сярэдзіне 19-га стагодзьдзя Расея прыслала ў Беларусь 300-тысячную армію чынавенства, вайскоўцаў, памешчыкаў, папоў і настаўнікаў, задача якіх была – цалкам русіфікаваць наш край. Але канчаткова зрабіць гэта не ўдалося дагэтуль.
4. Габрэі. У Беларусі габрэі масава жывуць тысячу гадоў. Яшчэ да мінулай вайны ў беларускіх гарадах доля габрэяў часта перавышала палову насельніцтва. Габрэі зрабілі вялікі ўплыў на фармаваньне беларускай мэнтальнасьці, беларускіх традыцыяў. Нездарма, напрыклад, габрэйскія цымбалы лічацца найбольш характэрным беларускім народным інструмэнтам. Да 20-га стагодзьдзя слова «жыд» ніколі не было ў Беларусі абразьлівым.
У Расеі яно абразьлівым было заўсёды. Спрадвеку і да бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году габрэі на тэрыторыю Расеі не дапускаліся.
5. Галоўная рэлігія. Насельніцтва Беларусі за гісторыю некалькі разоў мяняла асноўную ці найбольш масавую рэлігію, што адбілася на мэнтальнасьці беларусаў талераваньнем кожнай канфэсіі. Праваслаўныя з каталікамі часьцяком ужываюцца ў адной сям’і, але нельга сказаць, што беларусы – нацыя праваслаўная або каталіцкая.
Расейцы, нягледзячы на некалькі афіцыйна прызнаных рэлігій, лічаць сябе праваслаўнай нацыяй, а Расею – праваслаўнай краінай.
6. Этна-тэрытарыяльная ўнітарнасьць. Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі Беларусі побач зь беларусамі на працягу стагодзьдзяў жылі габрэі, татары, цыганы і прадстаўнікі іншых нацыяў, яны ніколі не стваралі ўласных тэрытарыяльных аўтаноміяў, а заўсёды «перамешваліся» з астатнім насельніцтвам.
Расея ўяўляе зь сябе лапленую коўдру адрозных этна-тэрытарыяльных утварэньняў – сьведчаньне захопу Масковіяй «нярускіх» земляў і народаў.
7. Разбуральнікі імпэрыі. Беларусы вякамі выступалі з антыімпэрскіх пазыцыяў. Так было ў сярэднявеччы, у часы паўстаньняў 18 і 19-га стагодзьдзяў і ў 1988 годзе, калі менавіта ў Беларусі на Дзяды адбылося першае ў СССР масавае сутыкненьне народа з узброенай дубінамі, вадамётамі і сьлезацечным газам міліцыяй. Менавіта ў Беларусі, у Віскулях на камуністычнай імпэрыі быў пастаўлены крыж (1991).
Расея адвеку будавала і сёньня працягвае будаваць сваю імпэрыю.