У рамках польска-амэрыканскіх вайсковых вучэньняў пад Варшавай разьмешчаныя амэрыканскія комплексы супрацьпаветранай абароны Patriot.
Як паведамляюць міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы, у апэрацыі задзейнічаныя блізу 100 вайскоўцаў ЗША і 30 адзінак тэхнікі.
Манэўры Atlantic Resolve праходзяць на палігоне ў горадзе Сахачэў у 50 кілямэтрах ад польскай сталіцы. Адна з задач, якую вайскоўцы будуць адпрацоўваць падчас вучэньняў, — перадысьлякацыя зэнітна-ракетнага комплексу Patriot.
Польшча пакуль ня мае ўласнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны і цягам бліжэйшых тыдняў зьбіраецца выбраць кампанію-пастаўшчыка адпаведнага комплексу.
Акрамя амэрыканскай кампаніі Raytheon, якая вырабляе ракеты Patriot, у тэндэры ўдзельнічае кансорцыюм францускай фірмы Thales і эўрапейскай групы MBDA з комплексамі SAMP/T. Як заявіў міністар абароны Польшчы Томаш Семоняк, да канца красавіка будуць прынятыя першыя рэкамэндацыі ў гэтым пытаньні.
Міністар акцэнтаваў увагу на шчыльную супрацу яго краіны з ЗША, адзначыўшы, што абедзьве дзяржавы зьяўляюцца сябрамі і партнэрамі ўжо больш за паўтара дзясятка гадоў:
«Пры неабходнасьці Злучаныя Штаты будуць стаяць на нашым баку», — сказаў ён у прысутнасьці амэрыканскага амбасадара Стывэна Мала. Той, у сваю чаргу, заявіў, што мэта вучэньняў — паказаць, што «абяцаньні амэрыканскіх саюзьнікаў — нешта большае, чым проста словы на паперы».
Кіраўнік абароннага ведамства Польшчы Семоняк пацьвердзіў, што за апошні год прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у краіне была рэкорднай — як у колькасьці жывой сілы, так і ў маштабах вучэньняў:
«Гэта саюзьніцкі адказ на тое, што адбываецца на ўсходзе Эўропе», — адзначыў ён. Сёлета, па яго словах, узаемадзеяньне ў сфэры абароны будзе ня меншым: «Мы чакаем яшчэ больш амэрыканскіх салдатаў і саюзьнікаў у Польшчы».