Да 25-га дня месяца аплочваем камунальныя паслугі. Лічбы на кавалку паперы ў паштовай скрынцы прымушаюць беларусаў задумвацца, што ж будзе далей, а ўлады непераканаўча апраўдваюцца, чаму „жировки потяжелели“.
У расейскай мове ня толькі чыноўнікаў у Беларусі слова „жировка“ можна пачуць даволі часта. А слова жыроўка ў беларускай мове? Адкуль яно, наколькі правільнае зь беларускага гледзішча?
У „народзе“ якіх толькі вэрсіяў не сустрэнеш. З дыскусіі ў ФБ-суполцы „Толькі пра мову“:
- Жыроўкі — гэта „ЖЫллёвы Разлік“
- Эти извещения уже лет 30 как не печатают на жиростойкой бумаге, в которую в магазинах также заворачивали масложировые продукты.
- Людзі! Які „жир“, калі „жЭроўка“ ідзе ад абрэвіятуры ЖРЭО?
І г.д.
Разьбярэмся. У Тлумачальным слоўніку беларускай мовы ў 6 тамох (2 том выйшаў у 1978 годзе) слова ёсьць, мае два значэньні. Першае:
жыроўка 1. Тое, што і жыраванне. І прыклад: [Бабёр] вынырнуў з хаткі… і паплыў у канал на начную жыроўку. В. Вольскі.
Яно ад агульнаславянскага дзеяслова жыраваць — энэргічна карміцца (пра рыб, птушак). Але ж у беларускай народнай і клясычнай літаратурнай мове назвы працэсаў на -оўка вельмі рэдкія, гэта словаўтваральныя русізмы. Па-беларуску жыраваньне.
Верш Уладзімера Жылкі „Да Пятра зязюленька“ пра нешчасьлівае замужжа, музыка Алеся Камоцкага, сьпявае Вальжына Цярэшчанка:
Мінула зязюленькі
Ў лузе жыраваньне,
Сьцíшала Гануленькі
Пры бацьках сьпяваньне.
І ўсё ж жэсаўская „жыроўка“ завецца так не таму, што ЖЭС і тыя, хто вышэй за яго, на нас жыруюць. Вернемся да слоўніка.
жыроўка 2. Тое, што і жыразагад.
Я перакананы, што ніхто з чытачоў ня чуў беларускага слова „жыразагад“. Адкуль такое? Усё проста.
Жыўцом з расейскіх слоўнікаў
У акадэмічным слоўніку расейскай мовы 1955 году ёсьць жировка і ў значэньні жировать — пра рыб, зайцоў і падобных, і... „то же, что жироприказ“. Што такое „жироприказ“? — ‘Письменное распоряжение вкладчика кредитному учреждению о производстве расчета с кредитором’. і прыклад: „Подписать жироприказ“. Вяртаемся ў беларускі слоўнік — азначэньне таго „жыразагаду“ ідэнтычнае расейскаму, і нават прыклад узялі гатовы з расейскага: „Падпісаць жыразагад“.
Мовазнаўца Пётра Садоўскі не згусьціў фарбы, кажучы, што супрацоўніцы сэктару лексыкаграфіі ранейшага Інстытуту мовазнаўства, маючы за плячыма картатэку беларускае мовы на мільёны словаў, бралі словы з расейскіх слоўнікаў. Мэханічна скалькаваўшы з расейскай жыразагад зь яго размоўнай формай жыроўка, савецкія лексыкографы не зважалі, што такіх словаў у беларускім маўленьні не было. З пачатку 1930-х гадоў беларуская мова, так і не пасьпеўшы толкам укараніцца ў бугальтарскай і банкаўскай справе, была адтуль выгнаная, а беларускамоўных прафэсіяналаў рэпрэсавалі.
Беларускія бухгальтары „жыровак“ ня ведалі
Адзіны клясычны беларускі слоўнік бухгальтарскае тэрміналёгіі склалі ў 1927 годзе разам з мовазнаўцамі акурат галоўныя бухгальтары народных камісарыятаў асьветы й земляробства ды эканамісты, якія выкладалі па-беларуску. Там былі спэцыяльныя тэрміны з коранем жыра-: уласна жырó, жырант, жырат, жыраваць як адпаведнік расейскаму жирировать. Але жыразагаду зь ягонай дачкой жыроўкай няма.
А тыя словы — з італьянскай, ад кораню і тэрміна giro, які абазначае абарачэньне безнаяўных грошай, а ў іншых заходніх мовах — безнаяўны пераказ грошай з ініцыятывы платніка ці наагул пабежны банкаўскі рахунак.
Як бачым, значэньне размоўнага слова „жыроўка“ моцна аддалілася і ад „жироприказа“, і пагатоў ад італьянскага першаўзору.
„Московское словечко“
Зрэшты, і ў расейскай статус слова „жировка“ сумнеўны. Паводле этымалягічнага слоўніка расейскай мовы пад рэдакцыяй Мікалая Шанскага, „жироприказ“ стаў „жировкой“ у расейскіх бухгальтараў, незадоўга да савецка-нямецкай вайны. Абазначала яно тады, магчыма, пабежны рахунак для платы за камунальную кватэру. Прычым толькі ў Маскве (значэньне пазьней пашырылася). І на прасторах Расеі яго сваім не прызнаюць ані піцерцы, ані сыбіракі: для іх гэта чыста „ма-а-сковскае словечко“. З форуму:
„Гость из Москвы произнес слово жировка, я услышал его впервые, оказалось — оплата за питание в детском саду. Это действительно московское или что-то совсем локальное, в пределах одного отдельно взятого детсада?“
Вось жа гэта ня проста русізм, а маскоўскі жарганізм, які нейкім чынам прыблукаў у Беларусь. Магчыма, занесьлі прыежджыя замест рэпрэсаваных.
Зрэшты, у нас таксама ня ўсюды ведаюць „жыроўку“, але прынамсі ў Менску і Віцебску чулі пра такую.
Проста „рахунак“
А як нам называць тую паперчыну? Яна — проста рахунак за камунальныя паслугі. У іншых мовах так і ёсьць, напр, па-ангельску utility bill.
Як сьпявае Дэйв Барнэт, не турбуйцеся за мяне, калі я не складаю гіты, а турбуйцеся, калі пратэрмінаваў камунальныя рахункі:
Well, the utility bills are in and the rent check’s overdue
So don’t worry ’bout me writin’ no big songs
І нам выстаўляюць рахункі за камунальныя. Дзе яшчэ нядаўна друкавалі і прапаганду, а таксама тлустым шрыфтам пазначалі, колькі нібыта за нас плоціць дзяржава. Каб было сорамна грамадзянам. Хоць бюджэт дзяржавы складаецца зь іхных жа падаткаў.