Тыдзень таму падчас наведваньня грузінскага курорту Батумі — адміністрацыйнай сталіцы Аджарскай аўтаноміі — Аляксандар Лукашэнка, сьвядома ці несьвядома, але даў зразумець, што ён прыхільнік адзінай Грузіі, разам з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Абедзьве тэрыторыі былі анэксаваныя Расеяй падчас збройнага канфлікту ў жніўні 2008 году, хоць фармальна гэта нібыта самастойныя «дзяржавы».
Аналягічную з Лукашэнкам пазыцыю падтрымлівае і бальшыня грузінскіх грамадзянаў. Тым больш што «выратавальная місія» Масквы, як паказаў досьвед, прывяла толькі да заняпаду «ўратаваных» земляў.
39-гадовы Амар Мусхаджба жыве ў Батумі. Як і шмат хто зь мясцовых мужчынаў, скончыў Батумскую дзяржаўную мараходную акадэмію, хадзіў на нафтаналіўных танкерах і сухагрузах. Цяпер спрабуе сябе ў прадпрымальніцтве.
Па паходжаньні — этнічны абхаз, пасьля вайны пад расейскім пратэктаратам у анэксаваным рэгіёне засталіся нешматлікія сваякі. Але ім Амар не зайздросьціць — асабліва з улікам таго, што ў Аджарыі была рэальная небясьпека паўтарыць лёс «уратаваных тэрыторыяў»:
«Сапраўды, была вялікая імавернасьць такога, гэта не перабольшаньне. А значыць, нічога з таго, што мы цяпер бачым навокал, не існавала б. Былі б руіны, разваліны, якія цяпер ёсьць у Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі. Таму можна казаць, што нам у пэўнай ступені пашчасьціла. Ва ўсялякім разе, ёсьць мір, усё будуецца, прыводзіцца да ладу. Спадзяёмся на лепшае».
Your browser doesn’t support HTML5
Батумі нярэдка называюць «каўкаскім Лас-Вэгасам». Мясцовыя жыхары ў адзін голас кажуць, што аднаасобная заслуга ў імклівым разьвіцьці гораду належыць экс-прэзыдэнту Міхаілу Саакашвілі, які здолеў прыцягнуць інвэстыцыі ад самых раскручаных усясьветных брэндаў. На гэтым тле, перакананы Амар Мусхаджба, «русский мир» — ня лепшая альтэрнатыва:
«Так скажу: хто ў гэта верыць, у так званы „русский мир“, той глыбока памыляецца. Па вялікім рахунку, мы прайгралі Расеі, бо супрацьстаяць такой махіне папросту нерэальна. Але мы выйгралі, што засталіся бязь ейнай „апекі“. Дзе Расея — там нічога падобнага, як мы маем цяпер у Батумі, няма і блізка».
Ці вераць абхазы ды паўднёвыя асэтыны, што Расея іх «выратавала»? Як кажа суразмоўца, насамрэч пытацца пра гэта фактычна няма ў каго — пасьля 2008 году іхнія месцы занялі прыхадні зь «вялікай зямлі»:
«Казаць пра нешта адназначна не магу, бо сувязі збольшага страчаныя. Але па ўскосных фактарах можна зрабіць выснову: да многіх нарэшце дайшло, як глыбока яны памыляліся, чакаючы расейскага прышэсьця. Дзеля справядлівасьці, калі казаць аб’ектыўна, яшчэ пры Савецкім Саюзе абхазаў у структуры насельніцтва было 5%, калі ня меней. Пераважна жылі грузіны, якіх, дзеля зразумелых прычын, там ужо няма таксама. Зь іншых нацыянальнасьцяў — расейцы, армяне, грэкі. Так што практычна няма ўжо ні абхазаў, ні грузінаў; толькі тыя, хто прынёс туды новую ўладу. Ня думаю, што камусьці нават зь іх ліку сёньняшняя сытуацыя надта падабаецца, але куды яны дзенуцца?»
Карэспандэнт: «Іншымі словамі, на „вызваленых“ тэрыторыях жывуць у асноўным перасяленцы з Расеі?»
«Выглядае, што так. Я дакладна не магу сказаць, але хутчэй за ўсё. Яшчэ раз паўтару: мясцовых жыхароў там амаль што не засталося. Большай часткай былі грузіны, а цяпер іх няма папросту фізычна, яны ўсе ўцекачы. З той колькасьці грузінаў, якія жылі ў Абхазіі, у лепшым выпадку застаўся можа 1%, і тое я ў гэтым сумняюся. Так што ня думаю, што там надта весела».
Як апавядае Амар Мусхаджба, грузіны вельмі пільна назіраюць за тым, што цяпер адбываецца на ўсходзе Ўкраіны. На яго думку, падзеі на Данбасе вельмі блізка перагукаюцца з тым, што здарылася ў жніўні 2008 году ў Грузіі:
«Гэта цалкам ідэнтычны сцэнар, таму тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, можна сьмела зьвязваць з падзеямі ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Усё тое ж самае, абсалютна тая ж самая палітыка — як быццам абараняюць сваё насельніцтва. Раздалі загадзя расейскія пашпарты, а потым крычаць пра нейкае рускамоўнае насельніцтва, якое трэба ратаваць ад „нацыяналізму“. Нам ад гэтых „міратворцаў“ нейкім чынам удалося ўратавацца, бо насамрэч пагражала абсалютна тое самае — хаос, анархія, безуладзьдзе. Мабыць, паўтаруся, але нам проста пашанцавала».
Цяжка за лічаныя дні агледзець усю Аджарыю, але асобна ўзяты Батумі ўражвае зьнешнім бляскам ды размахам будаўніцтва. Чаго ня скажаш пра тэрыторыі, абвешчаныя «незалежнымі», — Абхазію ды Паўднёвую Асэтыю. У сеціве можна знайсьці шмат здымкаў, на якіх некалі папулярныя здраўніцы Гагры, Піцунды ці Сухумі пазнаць амаль немагчыма — як і казаў Амар Мусхаджба, суцэльныя руіны.
Што да Паўднёвай Асэтыі, то ў сталіцы Цхінвалі ад колішніх 50 тысяч жыхароў засталося ўтрая менш, затое ня так даўно нібыта самастойную «дзяржаву» прызнаў іншы ўсясьветны ізгой — так званая «Луганская народная рэспубліка».