Падчас студэнцкай сэсіі — пра розныя зычэньні. Польскія студэнты кажуць „зламі нагу“, расейскія — „ни пуха ни пера“. У мовах сьвету знойдзем і добрыя пажаданьні, і прымхлівыя несапраўдныя праклёны. А чаго зычыць беларускім студэнтам і як на тое адказаць? Як зычыць здароўя і плёну, як рэагаваць на чханьне?
Your browser doesn’t support HTML5
Дарэчы, жадаем ці зычым?
Мы прывыклі ўжываць слова жадаць у віншаваньнях у значэньні ‘хацець для некага’ — нейкага дабра. Але гэтае слова перш абазначала ‘моцна хацець для самога сябе’. Вы ў мяне жаданыя госьцікі, — сымпатычны прыклад з Івана Насовіча, так казалі і беларусы ХІХ стагодзьдзя. Жадаць — слова агульнаславянскага паходжаньня, з пачатным значэньнем ‘мець смагу, моцна хацець’ (параўнайма расейскі царкоўнаславянізм жаждать). Вось Багушэвічава „Ахвяра“ — крэда народнай этыкі:
Не жадаў бы ніколі чужога,
Сваё дзела як трэба рабіў.
Цяперашняе „жадаю вам“ актуалізавалася не без уплыву расейскае формулы „желаю вам“.
Неадменныя Саўка ды Грышка, два беларусы — ідэйныя антыподы нам гэта падказваюць: адзін трасянкаю „жылае“, а другі па-беларуску „жадае“:
Але здаўна асноўнае беларускае слова менавіта для віншавальна-натхняльнай формулы: зычу, зычэньні (ці зычаньні). Шырэй кажучы, зычыць — гэта дзяліцца:
Чаго сабе ня хочаш, таго і другому ня зыч.
У тым ліку дзяліцца дабром матэрыяльным: напрыклад, пазычыць грошай ці машыны. Як у народнай песьні пра няўдалага жаніха, які марна зьвёў тысячы на пыхлівую нявесту:
Песьняры. „Як я ехаў да яе“
Як я ехаў да яе,
Тысячамі лічыў.
А прыехаў ад яе, хе-хе,
Тры грашы пазычыў.
То асноўная формула хаценьня некаму нечага будзе „зычу вам“, „мае найлепшыя зычэньні“. Маладзейшыя аўтары гэта ведаюць, вось рэпэр Вінсэнт (Зьміцер Папко) дзеліцца аптымізмам:
А заўтра будзе новы дзень, заўтра новыя старты,
Заўтра новыя людзі, і я зычу вам фарту.
Каб яшчэ хацелася!
Станоўчых зычэньняў — як рэалістычных, так і вобразных — у нашай традыцыі поўна: Дай Божа, каб усё было гожа вядомае па ўсёй Беларусі. Будзь здароў як дуб ды моцны як зуб! — так часам кажуць на чханьне.
Але ёсьць больш сакавітае чхальнае зычэньне:
Здароў! Храпы розна, нос далоў.
Асобныя зычэньні дзецям:
Вялікі расьці, дзеўкі за лоб трасьці!
(запісаў Міхал Фэдэроўскі ля Ваўкавыску)
Гэта значыць, дзяўчат каб тузаў. Але ёсьць і для дзяўчатак цалкам сымэтрычнае:
Вялікая расьці, хлопцы за лоб трасьці!
Нямала зычэньняў былі прымеркаваныя да канкрэтнай працы, але цяпер могуць ужывацца ў кожнай сытуацыі:
Хай Бог прыспарае!
Значыць, хай спрыяе Бог і хай расьце дабрабыт. Сюды ж —
Умалотна вам!
Радзі Божа на камені і пад каменем!
Каб вам вялося, елася-пілося, пілося-елася і яшчэ хацелася!
Лавіць Халяву — ня наш мэтад )
Але традыцыйныя рамёствы саступілі іншым заняткам. Зьявіліся іншыя нагоды для зычэньняў, прыкладам, студэнтам і выпускнікам, што здаюць экзамэны.
Сучасны студэнцкі фальклёр у Беларусі складаецца пад расейскім уплывам. Хаця само слова халява ў расейскую жаргонную мову некалі прыйшло і зь Беларусі, усё ж абрад „лоўлі Халявы“ напярэдадні спыту, калі ў вакно выстаўляецца і зьнянацку захлопваецца залікоўка, прыйшоў да нас з Масквы.
(На жаль, лоўля халявы ў адукацыі пашырылася непамерна, у тым ліку з боку ўлады, якая ня мае адукацыйнай палітыкі, але гэта іншая тэма.)
Стандартны набор траўматоляга
Зычэньні перад экзаменам характэрныя для ўсіх студэнтаў і школьнікаў сьвету. Недзе, асабліва ва ўсходніх народаў, гэта звычайныя формулы посьпеху. А ў эўрапейскіх мовах, што цікава, студэнцкія экзамэнацыйныя зычэньні, а таксама зычэньні акторам і спартоўцам перад выступам адмоўныя.
У ангельскамоўных народаў гэта выраз Break a leg! — ‘зламі нагу!’ — з адказам Тo hell with it, то бо ‘ў пекла зь ёй’.
Па-нямецку больш дэталёва: Hals- und Beinbruch! — ‘зламі шыю і нагу!’.
Па-вугорску інакшы набор траўматоляга: Kéz és lábtörést! — ‘зламі руку й нагу!’.
Па-чэску Zlom vaz! — ‘зламі шыю’, як і сьпявала ў 1970-я гады і тым дадавала аптымізму тагачаснай моладзі за камуністычнай жалезнай заслонай чэская Lady Soul Мар’е Ротрава:
Zlom vaz, польскія złam nogę або калі студыёзусу зычаць усяго толькі złamania pióra — усё гэта тыповыя прыклады забабонных несапраўдных праклёнаў.
Дадам, што ў раманскім сьвеце яны больш калярытныя: па-француску, па-гішпанску і па-каталянску таму, хто ідзе на экзамэн, зычаць многа-многа, як бы гэта сказаць, прыроднага ўгнаеньня. Можа гэта ад рымлянаў? Калі так, то хіба ад рымскіх легіянэраў, бо самі цяперашнія італьянцы зычаць прасьцей: In bocca al lupo ‘ў пашчу ваўка’, на што гучыць адказ Crepi! — ‘хай здохне!’.
Ёсьць у шэрагу разнамоўных студэнцкіх зычэньняў колішнія паляўнічыя забабонныя праклёны: эстонскі Kivi kotti! ‘камень у торбу!’; харвацкі Ni dlake ni pera!‘ ні поўсьці ні пер’я’ і ўрэшце расейскі Ни пуха ни пера.
А як па-беларуску? А на сухі лес!
Ні пуху ні пяра гучыць сумнеўна, бо калі пух, то мае быць і зборны назоўнік пер’е. Цікава, што беларускія дасьледнікі падбіралі адпаведна расейскаму забабоннаму праклёну беларускія пазытыўныя зычэньні. Так, Зьміцер Санько прапаноўвае браць станоўчыя зычэньні рыбакам ды паляўнічым:
Ляшчы ды акуні! Лаўцу з аўцу!
а таксама агульнае зычэньне добрага —
Дай Божа, каб усё было гожа.
Надзея Старавойтава ў сваім дапаможніку для студэнтаў адмыслова зазначае:
Цiкава, што пажаданьне Рыбно вам можа ўжывацца i ў пераносным значэньнi, i тады адказ будзе iншы: Рыбно вам! — Хоць ня рыбна, ды юшна! (рас. Ни пуха ни пера! — К чёрту!). Заўважце, што расейская фраза не адлюстроўвае багацьця пажаданага: у ёй мы ня зычым анiчога, нават анi пушыначкi.
Калегі падкрэсьліваюць пазытыўную адметнасьць беларускіх зычэньняў у параўнаньні з расейскімі, але паўтару: і ў іншых эўрапейскіх мовах зычэньні перад цяжкім выпрабаваньнем таксама паходзяць з забабоннай магіі — каб падмануць чорныя сілы і ня даць ім сапсаваць посьпех.
І ў беларусаў ня рэдкасьць імкненьне не сурочыць. Таму маем і жартоўныя праклёны — Каб цябе пярун калядны забіў! (бо не бывае навальніцы на Каляды). Каб табе пяткі назад завярнула!(прыслухайцеся, ці зразумелі?)). Гэта і слоўная гульня — А няхай цябе няхай!
Або
А каб цябе цяміла!
Тут слова цяміць мае два значэньні — першае ‘прапасьці’, а другое звычайнае — ‘быць разумным, здагадлівым, кемлівым’. Акурат такое двухсэнсоўнае зычэньне можа пасаваць і нашым студэнтам.
А калі выбіраць суравейшыя, то маем у народным арсэнале нямала і траўматалягічных кленічаў (Ах, каб жа ж ты галаву зламаў!), і зычаньняў сустрэчы зь міталягічнымі істотамі (Бадай на цябе кадук!), у тым ліку зьвязаных акурат зь пісаньнем:
Каб табе д‘яблы скуру папісáлі, каб табе!
То выбраць ёсьць з чаго, слова за нашым студэнцтвам. А як адказаць на зычэньне? А традыцыйным жа адкляцьцем-пераадрасацыяй: На асінавы кол!
Або менш адыёзна: На сухі лес!