Прамоўтэр ініцыятывы Zvarot.by Андрэй Стрыжак расказаў пра блякаваньне сайту ініцыятывы. На момант публікацыі сайт аднавіў дзейнасьць, не працаваў сама больш гадзіну.
«Мы зьвярнуліся да хостэра, у якога разьмешчаны наш сайт, каб даведацца, што адбываецца, — казаў Свабодзе Андрэй Стрыжак. — Дамэн у нас працоўны, не працуе менавіта хостынг — і гэта не беларускі хостынг. Хостэр адказаў нам, што на нас прыйшла скарга на спам-атаку, толькі не ўдакладніў, ад каго.
Адзінае месца, куды мы цяпер масава адсылалі звароты, гэта было Міністэрства абароны. Пытаньне адкрытае, канечне, не магу казаць, што гэта Мінабароны пісала, але гэта вынікае з таго, што адбываецца».
На сайце заклікаюць падпісвацца за адстаўку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова. Прычына — сьмерць салдата ў вайсковай частцы ў барысаўскім раёне Печы, як мяркуецца, празь дзедаўшчыну.