«Па пяцьсот» будзе ў сьнежні, а ў 2018 годзе чакае інфляцыя на 7% і падзеньне рубля на 5-6%, — Мінэканомікі

©Shutterstock

Першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты заявіў у перадачы «Галоўны эфір» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», што ў Беларусі ўжо ў сьнежні 2017 году будзе шмат гадоў абяцаны сярэдні заробак у 1000 рублёў.

«У прынцыпе, з камэрцыйнага сэктару такі ціск з нагоды парамэтраў заробкаў у наступным годзе па вялікім рахунку ўжо здымаецца, — разважае Круты пра загад Аляксандра Лукашэнкі «падцягнуць» прадпрыемствы зь нізкімі заробкамі да 1000 рублёў. — А бюджэтны сэктар... Тут, вядома, ціск будзе заставацца, таму што сярэдні заробак Мінфіну паводле кансэрватыўнага сцэнару закладзена ў памеры ад 700 рублёў. Але зразумела, што ў нас суадносіны, да якіх імкнецца ўрад. 80% паміж бюджэтным заробкам і камэрцыйным мы будзем старацца забясьпечыць».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак на ліпень склаў 827,5 рубля, або 423,16 даляра.

На 2018 год Мінэканомікі прагназуе інфляцыю 7% (міністар эканомікі верыць, што можа быць і 5%). Пры такой інфляцыі, кажа Круты, прагназуецца падзеньне курсу беларускага рубля прыкладна на 5–6%.

За першыя сем месяцаў 2017 году інфляцыя склала толькі 3,3% (за цэлы мінулы год — 11,8%, амаль як ва Ўкраіне), пры гэтым сярэдні курс даляра да беларускага рубля за жнівень меншы на 0,39% за сярэдні студзеньскі, расейскага рубля — меншы на 0,03% , а вось эўра — на 10,7% большы.

Паводле міжнародных ацэнак, нават кансэрватыўны эканамічны прагноз ураду Беларусі занадта аптымістычны.