Мадура зноў стаў прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, апазыцыя не прызнала выбараў

Нікаляс Мадура, архіўнае фота

На датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах у Вэнэсуэле 20 траўня абвясьцілі перамогу дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадуры. Паводле афіцыйных зьвестак, якія перадае Reuters, за Мадуру прагаласавалі 5,8 млн выбарнікаў – амаль 68% галасоў.

Найбліжэйшы «канкурэнт» Нікаляса Мадуры, вылучэнец ад партыі «Прагрэсіўны авангард» Энры Фалькон, набраў 1,8 млн галасоў, сьцьвярджае падкантрольны Мадуру выбаркам. Буйныя апазыцыйныя партыі, якія кантралююць парлямэнт Вэнэсуэлы, не выстаўлялі кандыдатаў і заклікалі байкатаваць выбары.

Фалькон жа заявіў пра непрызнаньне выбараў і неабходнасьць правесьці новыя. Ён адзначыў маштабныя парушэньні, у тым ліку 13 тысяч праўладных стэндаў каля выбарчых участкаў. Для выбарнікаў улады ладзілі лятарэю, прызы абяцаў асабіста прэзыдэнт.

Апазыцыйны лідэр Хуан Паблё Гуаніпа заявіў, што выбары «былі фарсам дыктатара, які хоча застацца ва ўладзе без народнай падтрымкі», перадае Associated Press. Апазыцыя сьцьвярджае, што яўка на іх завышаная: не 46,1%, як сьцьвярджаюць улады, а толькі каля 30%.

Мадура заявіў пра гатоўнасьць сустрэцца з Фальконам і абмеркаваць будучыню краіны.

Прэзыдэнцкія выбары ў Вэнэсуэле праходзяць на фоне глыбокага эканамічнага крызісу — гадавая інфляцыя па выніках 2017 году перавысіла 2600%. Абвяшчэньню выбараў папярэднічалі масавыя пратэсты, удзельнікі якіх абвінавачвалі Мадуру ў ігнараваньні законаў, ва ўзяцьці пад варту палітычных апанэнтаў і ў ціску на судовыя органы, а таксама ў эканамічных праблемах краіны.