У Горадні працягваюць руйнаваць старыя дамы. Гэтым разам — у гістарычнай забудове на вуліцы Тэльмана.
На здымках можна ўбачыць яшчэ цэлыя камяніцы і месца, дзе яны стаялі. На другім здымку — ранейшы выгляд старога дома з тыльнага боку і сёньняшні напаўразбураны стан. Рабочыя выбіраюць з груды цэглу. Гэта можа сьведчыць аб тым, што яе потым выкарыстаюць. Аднак ад пабудоваў, што стаялі побач, зьлева, нічога не засталося, толькі пляцоўка, пасыпаная пяском.
На некаторых з пацярпелых дамоў былі, а на суседніх будынках вісяць ахоўныя шыльды.
Улады прынялі некалькі гадоў таму плян адсяленьня жыхароў з 89 камяніц у гістарычнай забудове. Некаторыя дамы пасьля адсяленьня руйнуюць, але большасьць гадамі стаіць без гаспадароў і разбураецца. На словах адселеныя камяніцы мусілі выкарыстоўвацца наноў — для кавярняў, крамак, майстэрняў, офісаў. Аднак у рэчаіснасьці толькі малая частка пустых пабудоў атрымлівае з часам новых гаспадароў.
Пасьля гэтага адны камяніцы руйнуюцца, іншыя моцна разбураюцца, пакідаецца толькі частка сьценаў. Іх рэшткі ўключаюцца ў новыя пабудовы, якія часта складаюць з блёкаў. Толькі сёлета зьніклі альбо пацярпелі ў вельмі значнай ступені прыблізна дзесяць камяніц.
Фармальна ўся гістарычная забудова Горадні знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Аднак насамрэч да камяніц канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя ставяцца як да спарахнелых, нічога ня вартых збудаваньняў.