Напярэдадні пачатку датэрміновага галасаваньня, адразу два кандыдаты ў дэпутаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Гомелі адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах.
Уладзімер Кацора накіраваў у Гомельскую-Сяльмашаўскую выбарчую акругу № 32 афіцыйную заяву, што складае зь сябе паўнамоцтвы кандыдата ў дэпутаты.
Ён патлумачыў: ніводзін з прапанаваных АГП прадстаўнікоў ня ўключаны адміністрацыяй ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Сяльмашаўскай акругі № 32. Мясцовая арганізацыя АГП прапаноўвала сваіх падрыхтаваных вылучэнцаў ва ўсе 34 камісіі згаданай акругі.
Да таго ж, кажа Кацора, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, парушаючы Канстытуцыю, заяўляе, што роля дэпутата парлямэнту ня ў тым, каб займацца заканатворчай дзейнасьцю, а каб быць гэткім прадстаўніком сацыяльнай службы ў сваёй акрузе.
Другі вылучэнец АГП, Уладзімер Няпомняшчых, заяўляе ў камісію Юбілейнай акругі № 31, што гэта «ня выбары, а гульня шарлатанаў з народам у напарсткі пад назвай «выбары». Кандыдат перакананы, што ня мае права ашукваць сябе, сваю сямʼю і беларускіх выбарцаў удзелам, як сказана ў заяве, «у падтанцоўцы Лукашэнкі-Ярмошынай ды іх брыгады».
Копіі заяваў кандыдаты накіравалі таксама ў Цэнтральную выбарчую камісію.