Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба наўмысна нарывацца на парушэньне закону»: кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Падгол атрымаў папярэджаньне


Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

Акруговая выбарчая камісія на сваім пазачарговым паседжаньні вынесла папярэджаньне кандыдату ў дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 гораду Менску Ўладзімеру Падголу за пікет «Напішы Лукашэнку. Пазвані. Пажадай».

Сябра акруговай камісіі Валер Есьман распавёў, што 31 жніўня ён наведаў гэты пікет, які праводзілі Ўладзімер Падгол і Алесь Таўстыка на праспэкце Пераможцаў. На думку спадара Есьмана, пікет быў несанкцыянаваны, да таго ж падчас яго раздаваліся ўлёткі і друкаваныя матэрыялы, на якіх не было пазначана ні накладу, ні выдаўца. На пікеце была і незарэгістраваная сымболіка — менавіта так спадар Есьман назваў амэрыканскі сьцяг і сьцяг Эўразьвязу. Спадар Есьман яшчэ на пікеце папярэдзіў Падгола, каб той спыніў пікетаваньне, але пікетоўцы яго не паслухаліся.

Слова для тлумачэньняў далі кандыдату, папярэдзіўшы, каб ён тлумачыў па сутнасьці і не пераўтвараў паседжаньне камісіі ў акцыю.

Спадар Падгол на абвінавачваньне Есьмана, што пікет быў несанкцыянаваны, паказаў здымкі з акцыі, якую ён правёў каля Менгарвыканкаму і якая так і называлася: «Шорацу пакет, заяўкі на пікет».

Да таго ж кандыдат у дэпутаты перастрахаваўся: пра свае пікеты, якія мае намер праводзіць па ўсім горадзе з 8 да 22 гадзіны кожны дзень, ён папярэдзіў ня толькі Менгарвыканкам, але і Цэнтральны райвыканкам сталіцы. Згодна з Выбарчым кодэксам дазволу на пікеты атрымліваць ня трэба, неабходна толькі паведаміць. Кандыдат у дэпутаты запытаўся, ці ёсьць у чальцоў акруговай камісіі копіі дакумэнтаў зь Менгарвыканкаму. Калі пачуў адказ, што не, упікнуў: «Вы не падрыхтаваліся да адказнага мерапрыемства — паседжаньня акруговай выбарчай камісіі!»

Што да раздачы агітацыйных матэрыялаў, спадар Падгол паказаў брашуру «Цытаты і байкі Лукашэнкі», выдадзеную ім за ўласныя сродкі ў 2015 годзе, яшчэ да выбараў. А ўлётка, якую ён раздаваў, уяўляла сабой «палоску паперы таўшчынёй у адзін радок» з кароткай цытатай Лукашэнкі: «У нас калі нават і мыш пабяжыць ня ў той бок, мы яе зловім і накіруем туды, куды трэба беларускаму народу».

Старшыня камісіі спрабаваў перабіць прамову Падгола, зачытваючы артыкулы Выбарчага кодэксу. На што Ўладзімер Падгол упікнуў старшыню, што той не паважае кіраўніка дзяржавы, калі ня слухае ягоныя цытаты.

Нечакана старшыня камісіі вырашыў завяршыць разгляд пытаньня і прапанаваў вынесьці кандыдату ў дэпутаты Ўладзімеру Падголу папярэджаньне. 9 сябраў камісіі прагаласавалі «за». Аднагалосна.

На разьвітаньне старшыня акруговай камісіі параіў кандыдату ў дэпутаты: «Ня трэба наўмысна нарывацца на парушэньне закону». А спадар Падгол прарэклямаваў тэледэбаты са сваім удзелам, якія будуць паказаныя па БТ-3 6 верасьня. На тэледэбаты ён прынёс ніжнія часткі жаночых манэкенаў. Прапанаваў замест дэпутатаў кожнаму раёну абраць «міс», пасадзіць у парлямэнт, паседжаньні якога перавесьці ў «Менск-арэну» і дазволіць галасаваць нагамі. А на паседжаньні парлямэнту прадаваць квіткі ўсім ахвотным і папаўняць бюджэт. Ці пакажуць гэтыя тэледэбаты ў эфіры, даведаемся ў аўторак увечары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG