Суд Цэнтральнага раёну Гомля 2 траўня аштрафаваў гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ) на 30 базавых велічыняў (735 рублёў).
Працэс пачаўся яшчэ 26 красавіка, але разгляд тады адклалі. Да таго судзьдзя Сяргей Кармановіч пакараў Кастуся Жукоўскага такім жа штрафам за тое, што ён 30 студзеня вёў трансьляцыю на сваю старонку ў Facebook таго, як да ягонага сябра, актывіста Барыса Анікеева, дамоў прыехала міліцыя. Гэта палічылі несанкцыянаваным пікетам і працай для тэлеканалу «Белсат». На судзе Жукоўскі не пагаджаўся з тым, што ладзіў акцыю і парушаў закон «Аб СМІ».
Адкладзены эпізод, за які цяпер аштрафавала Жукоўскага судзьдзя Алеся Восіпава, тычыцца падзеяў «у пэрыяд з 5 па 7 сакавіка». Паводле міліцыі, Жукоўскі «ажыцьцяўляў інтэрвіюяваньне грамадзянаў» на гомельскай вуліцы Кніжнай. Але, паводле асуджанага, ён сустракаўся зь сябрам Паўлам Главацкім, зь якім «пілі ліманад, размаўлялі» і здымалі адзін аднаго на відэа. Было гэта, сьцьвярджае блогер, не на вуліцы Кніжнай, а ў яго дома або на Рэчыцкім праспэкце.
У адрозьненьне ад папярэдняга паседжаньня, калі міліцыя перадала ў суд дыск з запісам сюжэту, на якім быў толькі гук, гэтым разам на прагляд далі відэасюжэт з тэлеканалу «Белсат» пад назвай «У Гомлі трапіў пад ціск блогер, які засудзіў даішнікаў» пра блогера Главацкага, на якога пасьля выйгранага суду ціск абрушыўся зь яшчэ большай сілай. Апроч штрафу і пазбаўленьня правоў, на працу да начальства Паўла міліцыянты адправілі прафіляктычную паперу з патрабаваньнем прыняць меры.
Відэасюжэт зрабіла журналістка Тацяна Ўласенка, у ім скарыстаны і відэаздымкі з Гомлі. На падставе відэасюжэту Уласенкі суд і аштрафаваў Жукоўскага, «расьпіваньне ліманаду» ня згадвалася ў прысудзе.
Аштрафаваны на паседжаньні не прысутнічаў. Жукоўскі яшчэ ў красавіку, атрымліваючы позву, напісаў, што ня зможа 2 траўня быць на судзе, бо праходзіць мэдыцынскую камісію ў сувязі з прызывам на вайсковыя зборы. Ён мяркуе, што «штрафы не дапамагаюць, дык вырашылі прызваць на зборы, каб хоць на два месяцы адлучыць мяне ад журналісцкай дзейнасьці».
Жукоўскі — адзін з «чэмпіёнаў па штрафах» сярод незалежных журналістаў, толькі з пачатку году яго пакаралі ўжо больш як на 3 тысячы рублёў. Цяперашні штраф ён зьбіраецца абскардзіць у абласным судзе.
Што пра гэта пішуць у законах і кодэксах
У Беларусі расьпіваньне ня толькі ліманаду, але і гарбаты можа фігураваць у справах, за якія штрафуюць людзей. У мінулым месяцы васьмёх віцяблянаў прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным расьпіваньні гарбаты дома, адзін быў аштрафаваны. Асуджаныя сьцьвярджаюць, што зьбіраліся ў прыватнай кватэры «пагутарыць пра жыцьцё і космас ды папіць гарбаты», да прыходу «людзей у цывільным» пасьпелі толькі «абмеркаваць перамогу Домрачавай на этапе Кубку сьвету ды дакумэнтальны фільм, у якім Пуцін абяцаў паляцець на Марс». Міліцыя ж западозрыла іх у датычнасьці да філязофіі «Сынтэз Фэ» паводле ананімнага данясеньня.
Выраб адзіночнага відэа або сэрыі сюжэтаў для асабістай старонкі ў сацсетках у законах не прыраўноўваецца да вырабу прадукцыі СМІ. Але журналістамі СМІ прызнаюцца (п. 7 арт. 1) фізычныя асобы, зьвязаныя працоўнымі стасункамі зь юрыдычнай асобай, якая выконвае функцыю рэдакцыі (блогеры такіх дамоваў з сацсеткамі ня маюць). СМІ падлягаюць (п.1 арт.11) абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. У Беларусі і раней штрафавалі за відэа на прыватных старонках у сацсетках, але пра абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю асабістых старонак у сацсетках не паведамлялася (ці існуе такая працэдура, невядома). Адказнасьць за распаўсюд прадукцыі СМІ нясуць (ч.1 арт. 17) рэдакцыя СМІ і ўладальнік інфармацыйнага рэсурсу.
Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ
Беларускія законы не забараняюць наўпрост ні зьбірацца са знаёмымі на прыватнай тэрыторыі для такіх сустрэчаў, як піцьцё гарбаты ці ліманаду, ні абмяркоўваць жыцьцё, космас, Дар’ю Домрачаву або Ўладзіміра Пуціна на Марсе. Але ў законе «Аб масавых мерапрыемствах» азначэньне «сходу» такое: «супольная прысутнасьць грамадзянаў у загадзя вызначаным месцы пад адкрытым небам або ў памяшканьні ў пэўны час, якія сабраліся для калектыўнага абмеркаваньня і вырашэньня пытаньняў, што закранаюць іх інтарэсы». І на «супольную прысутнасьць» трэба падаваць заяву ў мясцовы выканаўчы або распарадчы орган, на тэрыторыі якога плянуецца сустрэча, не пазьней як за 15 дзён да яе.