Год таму, 17 траўня 2014 году, раптоўна памёр Зьміцер Сідаровіч, вядомы беларускі музыка, дудар, паэт, арганізатар шматлікіх культурніцкіх праектаў.
Зьміцер Сідаровіч нарадзіўся ў 1965 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, абараніў кандыдацкую дысэртацыю, да апошняга дня працаваў па спэцыяльнасьці ў саліднай фірме. У той жа час сур’ёзна захапляўся музыкай, беларускімі танцамі, народнымі інструмэнтамі.
У 1991 годзе Зьміцер Сідаровіч стварыў этна-рок-гурт «Камэлот». «А дзе ж тыя ваяры?», «У краіне талераў» і шмат якія іншыя песьні гурту ўспрымаюцца цяпер амаль як народныя. Пра Зьмітра Сідаровіча ўзгадвае вядомы мастак, музыка, этнограф Алесь Лось:
«Мы часта перасякаліся ў творчасьці, сустракаліся. Я б назваў гэта нават не сяброўствам, а калежанствам. Калі ён задумаў стварыць гурт „Камэлот“, зацікавіўся дудамі. Яму Тодар Кашкурэвіч зрабіў дуду. Зьміцер вельмі хацеў пачаць займацца танцамі. І тады ён зьвярнуўся да мяне з просьбай: ці мог бы ён танцаваць танцы, якія я паказваў падчас майстар-клясаў? Вось так пачалося наша знаёмства. Пазьней ён стварыў невялічкую капэлу, і яны ў кавярні „Жар-птушка“ пачалі танчыць. Гэта яшчэ адзін бок ягонага таленту — Зьміцер авалодаў мастацтвам танцу. Ён падштурхнуў менскую моладзь, каб яна зацікавілася беларускімі народнымі танцамі.
Your browser doesn’t support HTML5
Зьміцер быў чалавекам сапраўды ініцыятыўным. І ня вельмі крыўдлівым — такая рыса ёсьць у нашым мэнталітэце. Адкрыты да гаворкі, самакрытычны. Гэта была асоба надзвычай харызматычная, творчая, таленавітая».
У 2000 годзе Зьміцер Сідаровіч разам з гуртамі «Стары Ольса» і «Contredanse» запісаў зборны альбом «Вір». У 2008 годзе заснаваў капэлу «На таку», якая ладзіла вечарыны традыцыйнага танцу ў кавярні «Жар-птушка». У апошні год жыцьця займаўся адраджэньнем беларускай застольнай музыкі.
Акрамя захапленьня дудой, фальклёрам, танцамі, бардаўскай песьняй, паэзіяй (ён аўтар кнігі вершаў «Тры жалуды»), Зьміцер Сідаровіч — аўтар-укладальнік даведніка «Вялікія музыкі ХХ стагодзьдзя». Ён ствараў анімацыйныя кампазыцыі, трэкі для кіно, пісаў аналітычныя артыкулы пра стан беларускага адраджэньня.
Your browser doesn’t support HTML5
Дудар Тодар Кашкурэвіч сябраваў са Зьмітром Сідаровічам:
«Зьміцер фармаваў пэўную частку беларускай інтэлігенцыі, беларускай моладзі, калі ён рабіў праект „Камэлот“. Потым ён заняўся этнічнай музыкай, народнай, граў на дудах, быў адным з музыкаў, які граў у праекце „На таку“ ў „Жар-птушцы“. Мне здавалася, што ён гуманітарый — займаўся дудамі, народнай творчасьцю, дасьледаваньнямі беларускай музыкі. Я яго заўсёды цаніў як гуманітарыя. Аказалася, што ён надзвычай таленавіты інжынэр і працаваў у вельмі саліднай фірме — пра гэта на пахаваньні казалі ягоныя калегі-тэхнары».
Your browser doesn’t support HTML5
У апошнія гады Зьміцер пачаў запісваць і выдаваць музыку для дзяцей. Спрадусаваў два «Дзіцячыя альбомы», у якіх удзельнічалі ягоны сын Тамаш і сын сьпявачкі Тацяны Грыневіч Адась. Распавядае сьпявачка Тацяна Грыневіч:
«Над „Дзіцячым альбомам“ мы працавалі са Зьмітром і нашымі дзеткамі цягам пяці гадоў. А зьвяла нас разам ідэя, што нашым беларускім дзецям няма чаго слухаць. Мы далучалі да гэтага праекту іншых музыкаў. Лічу, што зрабілі вельмі важную і патрэбную справу. І цяпер кожная беларуская сям’я мае гэтыя дыскі зь дзіцячымі песенькамі. Праект гэты будзе мець працяг — Зьміцер пасьпеў запісаць калядныя сьпевы, школьныя песьні. А чаго вартае ягонае захапленьне народнымі танцамі!
Так што любая справа, якую Зьміцер задумваў, яна працягваецца і цяпер — гэта і дзіцячыя сьпевы, і беларускія народныя танцы. Ну, а працаваць са Зьмітром было проста задавальненьне».
У суботу ў Сьвята-Петрапаўлаўскай царкве адбылася памінальная служба па Зьмітру Сідаровічу.
Песьні Зьмітра Сідаровіча
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5