Расея паабяцала забраць свае самалёты зь Беларусі цягам двух дзён

Ілюстрацыйнае фота

Па завяршэньні вучэньняў «Захад-2017» расейская авіяцыя, якая ўдзельнічала ў вучэньнях, пакіне Беларусь, піша Міністэрства абароны Расеі. Самалёты будуць прыбываць на месцы пастаяннага базаваньня цягам двух дзён.

У вучэньнях былі задзейнічаныя самалёты Су-35С, Су-30СМ, Су-24М, Су-34, Су-25, МіГ-31БМ і МіГ-29СМТ, верталёты Мі-28Н, Мі-35, Мі-8 і Ка-52. Яны, нягледзячы на «складаныя ўмовы надвор’я», выканалі задачы па высадцы дэсанту, па авіяцыйнай падтрымцы наземных войскаў і перахопу паветраных цэляў, па нанясеньні авіяўдараў, сьцьвярджае расейскае міністэрства.

Міністэрства абароны Літвы заяўляла, што падчас вучэньняў расейскія самалёты з Калінінградзкай вобласьці парушылі паветраную прастору Літвы. За час «Захаду-2017» шэраг інцыдэнтаў з расейскай авіяцыяй адбыўся на тэрыторыі Расеі: здарыліся аварыі з бамбавіком Ту-22М3 і навучальным самалётам Як-130. Таксама СМІ пішуць, што ў час «Захаду-2017» адбыўся выпадковы пуск ракеты клясу «паветра-зямля» зь верталёта Ка-52, ад якога пацярпелі некалькі чалавек.

Калі ж наземныя войскі Расеі пакінуць Беларусь, расейскае Мінабароны пакуль не ўдакладняе. Начальнік Генштабу беларускага войска абяцаў, што расейскія войскі, якія прыехалі на вучэньні, пакінуць Беларусь да 30 верасьня.