Абʼём жыльлёвага будаўніцтва ў Беларусі паваліўся на чвэрць

  • БелаПАН

Архіўнае фота

У першым паўгодзьдзі 2016 году ў Беларусі ўведзена ў эксплюатацыю 2 млн. 75,4 тыс. квадратных мэтраў жыльля, што на 24,5% менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, сьведчаць зьвесткі Белстата.

Як паведамляе БелаПАН, у чэрвені пабудавана 516,4 тыс. кв. м жыльля (на 37,6% менш, чым у чэрвені 2015 году, і ў 2,4 разы больш, чым у траўні 2016-га).

Зь дзяржаўнай падтрымкай у студзені-чэрвені пабудавана 505,8 тыс. кв. м жыльля, што амаль удвая (на 44,1%) менш у параўнаньні са студзенем-чэрвенем 2015 году.

За студзень-чэрвень 2016 году інвэстыцыі ў асноўны капітал склалі 79,7 трлн рублёў, што на 19,4% менш, чым за студзень-чэрвень 2015 году.

Як паведамляў на прэс-канфэрэнцыі 4 лютага міністар архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны, праграма жыльлёвага будаўніцтва ў 2016 годзе абмяжоўваецца з-за скарачэньня аб’ёмаў дзяржпадтрымкі.