Чаму жанчыны больш актыўныя за мужчын на мясцовых выбарах

©Shutterstock

Статыстыка пераконвае, што ў выбарчых кампаніях беларускія жанчыны ўдзельнічаюць больш актыўна ў параўнаньні з мужчынамі. Жанчын болей у выбарчых камісіях, сярод назіральнікаў, дый галасуюць яны больш ахвотна за мужчын. Пра жаночую адметнасьць мясцовых выбараў, якія пройдуць 18 лютага 2018 году, — у аглядзе Свабоды.

Няма розьніцы, хто кандыдат – жанчына ці мужчына

У Берасьці старшыня гарадзкой арганізацыі „Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)“ Ганна Канюс вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарадзкога савету. Тое, што яна жанчына, не перашкода для выбарчай кампаніі, упэўненая актывістка.

Берасьцейскія кандыдаты ў дэпутаты ад БСДП(Г) Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс у 2012 годзе зладзілі пікет «Шукаецца дэпутат»

«Падчас збору подпісаў зноў пераканалася – людзі не ацэньваюць мяне паводле выгляду, а слухаюць, што я кажу. Шмат хто зусім ня ведае, што такое мясцовае самакіраваньне, што можна ўсталяваць кантроль за ўладай. Мая мэта — даць ім гэты інструмэнт і навучыць карыстацца ім. Бо без асэнсаванага ўдзелу грамадзян у выбарах пераменаў ня будзе», — кажа Ганна Канюс.

Яна ня першы раз выстаўляе сваю кандыдатуру на выбарах. Кажа, што ўжо мае досьвед працы зь людзьмі, і прыгадвае кур’ёзныя выпадкі.

Ганна Канюс, архіўнае фота

«На мінулых выбарах насупраць нашага пікету стаяў пікет кандыдата ад улады. Да нас падыходзілі жыхары мікрараёну, размаўлялі з намі, ставілі подпісы, а да праўладнага – не. Аднак калі пад’ехала мясцовае тэлебачаньне і апэратар наладзіў камэру – адразу зьявілася чарга з працаўнікоў рынку. Калі я паспрабавала іх сфатаграфаваць, дык яны пачалі хаваць свае твары», – успамінае Канюс.

Допінг не перашкода, каб ісьці ў дэпутаты

Магілёўская гарадзкая выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу былой алімпійскай чэмпіёнкі — пазбаўленай мэдаля за допінг Аксаны Мяньковай, перадае БелаПАН.

Аксана Мянькова, архіўнае фота

Кідальніца молата Мянькова, цяпер дырэктар Магілёўскай гарадзкой спартыўнай школы, заваявала залаты мэдаль на летняй алімпіядзе ў Пэкіне ў 2008 годзе. Аднак у 2016 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў яе ўзнагароды ў сувязі з ужываньнем забароненых прэпаратаў. Акрамя таго, станоўчы вынік дала і пераправерка допінг-пробы з Алімпійскіх гульняў 2012 году ў Лёндане, дзе Мянькова заняла сёмае месца.

«Я ўжо на ўсё гэта перахварэла і ўжо не хачу камэнтаваць», — заявіла Мянькова агенцтву БелаПАН. Адказваючы на пытаньне, ці не перашкодзіць ёй гэтая сытуацыя стаць дэпутатам гарсавету, былая алімпійская чэмпіёнка сказала: «Людзі будуць галасаваць і глядзець, што і як мы будзем рабіць».

«Я думаю, што, прыйшоўшы ў нашу школу, людзі ўбачаць, што я нямала за год зрабіла. Тут будзе канкурэнцыя, і людзі будуць бачыць, за каго прагаласаваць. Кожны мае права выбару, і мы будзем старацца вырашыць нейкія праблемы, каб наш горад быў яшчэ лепшым», — адзначыла суразмоўца.

Раённае начальства папярэджвае жанчын: ня лезьце ў выбары

Ініцыятарка стварэньня партыі «Жаночая альтэрнатыва» гісторык Ніна Стужынская кажа, што жаночыя актывісткі пакуль абмежаваліся толькі ўдзелам у выбарчых камісіях. А кандыдатамі ў дэпутаты ісьці ня хочуць, каб, як сьцьвярджае спадарыня Стужынская, «не рабіць пустой і дарэмнай справы».

Ніна Стужынская, архіўнае фота

«Сярод нашых актывістак пераважаюць рэгіяналы. Некалькі зь іх распавялі мне аднолькавыя гісторыі. Раённыя кіраўнікі настойліва раяць ім не ісьці ў дэпутаты. Маўляў, усё ўжо разьмеркавана і ня псуйце нашыя пляны. Праводзьце свае дабрачынныя, культурныя, асьветніцкія акцыі, і мы вам дапаможам у гэтым. Але не ідзіце на выбары», — тлумачыць яна.

Паводле Стужынскай, з гэтага можна зрабіць скандал. Але ці патрэбен ён?

«У такой сытуацыі, мабыць, лепей устрымацца. Я нядаўна глядзела адну перадачу на расейскім канале „Дождь“. Там таксама пра выбары гаварылі. І пачула такія словы: „Давайце захаваем сілы, здароўе і саміх сябе“», — згадвае Стужынская.

Яна лічыць, што будзе больш карысьці ад стварэньня моцнай падрыхтаванай жаночай групы, чым ад балятаваньня ў дэпутаты мясцовых саветаў.

Дэмакратычную актывістку не ўключылі ў камісію за пікет 16-гадовай даўніны

У Бярозе на Берасьцейшчыне ў раённую выбарчую камісію спрабавала патрапіць мясцовая жыхарка Тамара Шчапёткіна. Яна сабрала неабходную колькасьць подпісаў выбарнікаў. Аднак ва ўключэньні ў камісію Шчапёткінай адмовілі.

Тамара Шчапёткіна ў залі суду, архіўнае фота

«Афіцыйнага тлумачэньня адмовы мне не далі. Але ў размове не забыліся ўзгадаць, што мяне прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за несанкцыянаваную акцыю. Так, такі выпадак сапраўды быў. Але ажно ў 2001 годзе», — гаворыць Шчапёткіна.

Яна зьбіраецца абскарджваць адпаведнае рашэньне: тэрмін адказнасьці даўно прайшоў.

Спадарыня Шчапёткіна кажа, што ў Бярозе шмат жанчын традыцыйна ўдзельнічаюць ў выбарчых камісіях. Але гэта — прызначэнцы ўлады.

Старшыні сельсавету не хапае часу на агароды

У Магілёўскім раёне ў дзесяці зь пятнаццаці сельсаветаў старшынююць жанчыны. Некаторыя працуюць на гэтай пасадзе не адну дэпутацкую кадэнцыю.

«Жанчыны больш актыўныя, адказныя і ініцыятыўныя», – так тлумачыць гендэрную няроўнасьць старшыня Дашкаўскага сельсавету Сьвятлана Кузьмянкова.

Яна лічыць: жанчына больш уважлівая да людзкога клопату і здольная даць яму рады, асабліва калі ён бытавога характару.

Каміль Пісаро, «Агарод мастака ў Эрані» (1898), ілюстрацыйная выява

«Жанчына больш дэталёва разьбіраецца з праблемай. Мужчын часам на гэта не хапае. Яны не зьвяртаюць увагі на дробязі. Жанчына ж наадварот. Яна штодзённа жыве з бытавым клопатам. Ведае яго прыроду, бо на ёй хатнія праблемы. Таму жанчыны і апынуліся бліжэй да патрэбаў грамадзян», — так бачыць сытуацыю Кузьмянкова.

Яна зьбіраецца стаць дэпутатам і на наступны тэрмін. На пытаньне, ці хапае часу на агарод, дэпутатка прызналася, што ён адышоў на апошняе месца:

«У мяне муж і трое сыноў. І мы разам стараемся агарод прыгледзець, але, як хацелася б, не выходзіць. Праблема з часам. Мы заўсёды загружаныя».