Спартовы тэлеканал «Беларусь 5» на сваёй старонцы «ЎКантакце» ад канца мінулага тыдня ладзіць галасаваньне за камэнтатара жывой трансьляцыі фіналу футбольнага Эўра-2016. Матч пройдзе на парыскай арэне «Стад дэ Франс» позна ўвечары 10 ліпеня.
У сьпісе прэтэндэнтаў — дзевяць спартовых журналістаў БТ: Арташэс Антанян, Павал Баранаў, Зьміцер Герчыкаў, Аляксандар Дзьмітрыеў, Сяргей Мацкевіч, Уладзімер Навіцкі, Уладзіслаў Татур, Мікалай Хадасевіч, Аляксандар Цьвячкоўскі.
Па выніках пяці дзён галасаваньня лідэрскія пазыцыі ўпэўнена ўтрымлівае 40-гадовы Павал Баранаў — больш за 45% ад агульнай колькасьці тых, хто на гэты момант узяў удзел у галасаваньні. Калі ў абсалютных лічбах, то ад 12 тысяч «лайкаў» больш за 5,5 тысячы — на карысьць Баранава.
Баранаў: бяз мовы ня будзе самадастатковай нацыі
Канчатковы вэрдыкт выбару камэнтатара будзе агучаны 9 ліпеня, за дзень да вырашальнай сустрэчы на чэмпіянаце Эўропы. Але ўдзельнікі форуму актыўна абмяркоўваюць прапанаваныя кандыдатуры. Абсалютная бальшыня схіляецца да Баранава як найлепшага і годнага варыянту. Павал ня толькі эмацыйны як вядоўца і абазнаны ў статыстыцы і фактах, але выдатна валодае мовай і намагаецца ўсе матчы камэнтаваць па-беларуску.
Дзеля справядлівасьці, раз-пораз веданьне мовы дэманструе і Зьміцер Герчыкаў, які ў футбольнае міжсэзоньне спэцыялізуецца на баскетболе — ён у народным хіт-парадзе пакуль што другі з 18% галасоў (дарэчы, нямала прапановаў, каб Баранаў і Герчыкаў асьвятлялі фінал Эўра-2016 у тандэме). Зрэдку дзеля «прыколу» ў часе рэпартажу ўстаўляе пару беларускіх сказаў Уладзімер Навіцкі — у яго трэцяя пазыцыя і 10% глядацкіх галасоў. Усе астатнія прэтэндэнты на выхад у фінал у моўнай экспансіі не заўважаныя і далёка за тройкай лідэраў.
Паказальна, што сымпатыі на адрас Баранава не хаваюць нават дзяржаўныя СМІ, якія мала актыўнічаюць у беларускамоўнай прапагандзе. Так, учорашні загаловак на БелТА больш чым выразны: «Беларускія заўзятары хочуць, каб фінал Эўра-2016 камэнтаваў Павал Баранаў». «Адзначым, што Баранаў аддае перавагу таму, каб праводзіць свае рэпартажы на беларускай мове», — канстатуе аўтар нататкі.
Але ці не пачне даваць задні ход кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, калі апынецца перад фактам упэўненай перамогі Паўла Баранава? Ці гатовае тэлевізійнае начальства аддаць галоўную падзею кантынэнтальнага першынства беларускамоўнаму чалавеку? Прадстаўніца Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Сьвятлана Краскоўская-Смалонская запэўнівае: ніякага прымусу ў дачыненьні да выбару мовы ня будзе:
«Паколькі ў нашай краіне дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская — то нашы камэнтатары самі маюць права вырашаць і самі могуць выбіраць, на якой мове ім камэнтаваць той ці іншы матч. Гэтак жа будзе і ў выпадку з фіналам футбольнага Эўра-2016. Таму давайце проста дачакаемся вынікаў галасаваньня».
За рэалізацыю моўнага экспэрымэнту Павал Баранаў узяўся ў 2012 годзе, калі пачаў камэнтаваць па-беларуску чэмпіянат краіны. Потым пашырыў яго на чэмпіянат Англіі, затым — Ліга чэмпіёнаў, уключна з фіналам галоўнага эўракубкавага турніру. І нарэшце кульмінацыя — чэмпіянат сьвету-2014.
У гэтыя дні два гады таму, калі на арэнах Бразыліі кіпелі жарсьці ўсясьветнага мундыялю, Свабода пагутарыла з Паўлам Баранавым, які такім чынам ацаніў важнасьць беларускамоўнай прысутнасьці ў тэлеэфіры, у тым ліку спартовым:
«Вялікая колькасьць людзей глядзіць футбол раз на два гады, ад чэмпіянату Эўропы да чэмпіянату сьвету. Пачуўшы беларускую мову, спадзяюся, яны натхняюцца; у дзяцей, спадзяюся, нешта адкладаецца ў галаве, у падлеткаў. З Божай дапамогай гэтае насеньне, якое мы кідаем, магчыма, актывізуе інтарэс нашага народу да нашай жа мовы. Я ўжо ня раз казаў і паўтару рэч даволі патасную: „Мова — душа народу“. Гэта адлюстроўвае толькі тое, што бяз моўнага асяродзьдзя дасканалай, суцэльнай нацыі не атрымаецца. Лішні раз у гэтым пераконваюся, калі выяжджаю за мяжу, гляджу, як жывуць людзі ў тым ці іншым асяродку: мова для іх — сродак яднаньня, яна дазваляе адчуваць сябе сапраўдны народам. Беларусы — натуральныя эўрапейцы, і мы павінны імі застацца. Але бяз мовы самадастатковай нацыяй мы ня станем аніяк».
Беларусы — натуральныя эўрапейцы, і мы павінны імі застацца. Але бяз мовы самадастатковай нацыяй мы ня станем аніяк
Павал Баранаў нарадзіўся ў 1976 годзе, скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Трапіўшы на тэлебачаньне, спачатку працаваў у аддзеле падрыхтоўкі публіцыстычных праграмаў, а пры канцы 1990-х правёў свой першы футбольны рэпартаж. Камэнтатарскі стаж — больш за паўтара дзясятку гадоў, спэцыялізуецца на футболе і боксе. Уладальнік прэміі «Тэлевяршыня». Меў высокабюджэтнае запрашэньне ад расейскага тэлеканалу «НТВ-Плюс», але застаўся працаваць на карысьць беларускіх заўзятараў. Адзін з рэдкіх камэнтатараў Беларускага тэлебачаньня, які пасьлядоўна бароніць права на беларускамоўны рэпартаж.
Навіцкі: моўнае пытаньне «шматслойнае», але не галоўнае
Чаго ня скажаш пра бальшыню калегаў Паўла Баранава. Паказальны прыкладам стаўленьня да роднай мовы стаў наўпроставы эфір па выніках чвэрцьфіналу паміж зборнымі Францыі і Ісьляндыі. У праграме «Час футболу» Ганна Бонд паставіла ў няёмкае становішча мэтра спартовай журналістыкі Ўладзімера Навіцкага.
Падчас жывой трансьляцыі матчу той некалькі разоў пераходзіў (зь ягоным жа ўдакладненьнем) «на другую дзяржаўную мову», а потым яшчэ ўставіў некалькі беларускіх словаў падчас выніковага разбору сустрэчы. Тады тэлевядучая пацікавілася, калі спадар Навіцкі пачне камэнтаваць футбол па-беларуску, як гэта было ў 1990-я — тым больш, што ён «і так цягам эфіру часьцяком пераключаецца на беларускую».
Спадар Навіцкі стаў у глухую абарону, запярэчыўшы, што ня так ужо і часта — «усяго адзін ці два разы»: «Дык гэта ўвогуле дрэнна, што я пераключаўся?», — на ўсялякі выпадак пацікавіўся ён. Ганна Бонд запэўніла, што і яна асабіста, і гледачы, і наведнікі сацыяльных сетак наадварот за тое, каб «аўтарытэтны камэнтатар нарэшце правёў на роднай мове ўвесь матч, ад пачатку да канца». Спаслаўшыся на тое, што моўнае пытаньне «надзвычай шматслойнае і адказаць коратка на яго немагчыма», Уладзімер Навіцкі папросту ўхіліўся ад далейшага абмеркаваньня «няпрофільнай» тэмы.
Колішні калега Ўладзімера Навіцкага па спартовай рэдакцыі БТ Аляксандар Пуціла згадвае: ці не апошнія трансьляцыі, якія Ўладзімер Мікалаевіч правёў па-беларуску, здарыліся ў 2002 годзе, амаль паўтара дзясятку гадоў таму. І тое вымушана: тады арганізатары трансьляцыі чэмпіянату сьвету па футболе ў Японіі і Паўднёвай Карэі выявілі прынцыповую пазыцыю і абавязалі рэгіянальных рэтрансьлятараў камэнтаваць гульні на сваіх мовах. Найперш, каб карцінка не выходзіла «кантрабандай» за межы краіны, па-другое, каб падкрэсьліць нацыянальную адметнасьць.
У бой тэрмінова былі кінутыя беларускамоўныя Ўладзімер Навіцкі, Павал Булацкі, Зьміцер Сухановіч, Аляксандар Пуціла, Павал Баранаў. Ад таго часу Пуціла і Сухановіч зьмянілі працоўныя прапіскі, а ў беларускім кантэксьце на БТ застаўся толькі Баранаў ды часткова Герчыкаў. Суразмоўца шкадуе, што родная мова ў тэлевізыйных сьценах так і не ўвайшла ў сьпіс камэнтатарскіх прыярытэтаў:
«Уладзімер Навіцкі спрабуе падчас рэпартажу перайсьці з расейскай на беларускую і пры гэтым дадаць: сябры, мы можам і так, і так. Як бы маючы на ўвазе, што гэта для нас увогуле беспраблемна. Але на двух-трох сказах усё заканчваецца — адрозна ад Паўла Баранава, які словам і справай падкрэсьлівае моўны прыярытэт. Наогул Уладзімера Мікалаевіча крытыкуюць, што ён, як чалавек пэнсійнага ўзросту, мае ў сваім арсэнале набор штампаў, якія і выкарыстоўвае. Многім не падабаецца, што ён падчас гульні размаўляе з гледачамі, а то і сам з сабой. Але калі наракаюць, што ў Беларусі няма школы камэнтатараў, то дзе яна наагул ёсьць? Па-першае, трэба, каб вучылі дасьведчаныя людзі. Па-другое, усё ідзе ад чалавека: калі ён жадае вучыцца, то будзе ісьці да мэты. І я веру: што тычыцца беларускай мовы, яна абавязкова вернецца».
У 2013 годзе ў структуры Белтэлерадыёкампаніі пачаў працаваць адмысловы спартовы канал «Беларусь 5». Апроч старых і пазнавальных прозьвішчаў, якія чуваць, зьявіліся і новыя людзі. Але парадокс: ад кандыдатаў патрабавалася веданьне замежных моваў, але не абавязкова валодаць беларускай. У выніку ніводзін з узятых на працу журналістаў так і ня склаў кампанію Паўлу Баранаву ды Зьмітру Герчыкаву, папоўніўшы каманду расейскамоўных камэнтатараў.