Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціла: Абсурд — браць спартовых камэнтатараў бязь веданьня беларускай мовы


Аляксандар Пуціла
Аляксандар Пуціла
Празь месяц у Менску стартуе чэмпіянат сьвету па хакеі. Матчы першынства пройдуць на сталічных «Менск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне», а Нацыянальная тэлерадыёкампанія пакажа гульні на каналах «Беларусь-2» і «Беларусь-5». На якой мове будзе весьці рэпартажы айчынная тэлевізія? Пра страту традыцыяў беларускамоўнага камэнтатарства — колішні спартовы камэнтатар БТ, а цяпер аглядальнік спартовых навінаў на канале «Белсат» Аляксандар Пуціла.

— Аляксандар, складваецца парадаксальная сытуацыя: у той час як усё больш спартоўцаў заяўляюць пра прыхільнае стаўленьне да роднай мовы, колькасьць беларускамоўных камэнтатараў толькі менее...

— У 2002 годзе, калі старшынём Белтэлерадыёкампаніі яшчэ быў Ягор Рыбакоў, арганізатары трансьляцыі чэмпіянату сьвету па футболе, якія далі права БТ паказваць першынства, абавязалі камэнтаваць матчы на беларускай мове. Найперш, каб карцінка не выходзіла за межы краіны, па-другое, каб была нацыянальная адметнасьць. Тады Павал Булацкі камэнтаваў, Дзіма Сухановіч, я таксама вёў рэпартажы. Былі, зразумела, памылкі, праскоквала трасянка, і ў сеціве народ выплюхваў на нас нямала крытыкі. Можа, ад таго часу людзі саромеюцца, крыху камплексуюць? Тым ня меней цяпер Павал Баранаў, Дзьмітры Герчыкаў усё часьцей імкнуцца выдаваць эфір на беларускай мове, прычым сьмялей. Яшчэ ня так даўно кіраўніком спартовай рэдакцыі на тэлебачаньні была Зінаіда Рунц; сама расейка, з Санкт-Пецярбургу, шчыра скажам, беларускасьць не ўхваляла. Вельмі важна, што цяпер кіруе каналам «Беларусь-5» Павал Булацкі, які быццам ня супраць беларускай мовы. Што чалавек хоча рабіць, тое, здаецца, і робіць: ніхто яму не забараняе і не прымушае. Вось гэта пакуль нармальная пазыцыя. Хіба што самі камэнтатары ня маюць практыкі. Нават Павал Баранаў, найлепшы на сёньня беларускамоўны камэнтатар, адчуваецца, што мову не выкарыстоўвае ў жыцьці. Ня льецца яна ў яго з вуснаў, як у паэта ці актора.
Пад знакам «Белсату»
Пад знакам «Белсату»

— Але многія памятаюць, як адносна нядаўна «лілася» — і з вуснаў Сяргея Новікава, і Ўладзімера Навіцкага. Праўда, абодва канчаткова зрусыфікаваліся. Мы іх страцілі?

— Уладзімер Навіцкі, здараецца, спрабуе падчас аднаго рэпартажу перайсьці з расейскай на беларускую і пры гэтым дадаць, каб тэлегледачы зразумелі: сябры, падкрэсьлівае ён, мы ж можам і так, і так. Як бы маецца на ўвазе, што гэта для нас увогуле беспраблемна. Але на гэтым усё і заканчваецца. Шкада, што выпаў з абоймы Сяргей Новікаў, паважаны журналіст, які працаваў шмат на тэлебачаньні і радыё. Усе мы памятаем яго ранейшыя гандбольныя рэпартажы з матчаў легендарнага менскага СКА ўзору 1980-х, калі звычайна ў нядзелю ўвечары лілося з тэледынамікаў (на манер Новікава): «Вечар добры, шаноўныя аматары гандболу! Манэж лёгкай атлетыкі ва Ўруччы запрашае тых, хто цікавіцца гульнёю нашага цудоўнага менскага СКА». Гэта насамрэч было вельмі арганічна, усімі ўспрымалася, і нават тады не было, як цяпер кажуць, каб людзі выказвалі незадаволенасьць, што камэнтуюць па-беларуску, што ніхто нічога не разумее і г.д. Не было ніякай ні крытыкі, ніякіх лістоў на тэлебачаньне. Шкада, што Сяргей Юр’евіч, прыехаўшы з Масквы, дзе ён імкнуўся папрацаваць, набыць новы досьвед (як сам кажа, там ягонага жаданьня больш аналізаваць не зразумелі і патрабавалі інфармацыйнай працы), раптам сказаў, што на беларускай мове камэнтаваць ня будзе. Ня тое што не магу ці цяжка. Ня буду ўвогуле, бо каб гаварыць, трэба думаць па-беларуску. Крыўдна, што сказаў гэта менавіта той чалавек, у якога, без усялякага сумневу, была найлепшая беларуская мова ў нашым тэлеэфіры.
Спартовыя камэнтатары: Пуціла імітуе Новікава
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

— Варта згадаць і іншых беларускамоўных камэнтатараў — той жа Алесь Камароўскі, адзін з пачынальнікаў беларускага спартовага рэпартажу...

— Так, Алесь Камароўскі. Чаго варта хоць бы яго знакамітае «мяч трапляе ў бэльку». Віталь Саламахін (шкада, што яго ўжо няма з намі) таксама выдатна па-беларуску камэнтаваў. Ну, а больш ніхто: Леанід Маляўскі — яго памятаем як камэнтатара толькі расейскай моваю, Мікалай Петрапаўлаўскі — толькі расейская (таксама ўжо пайшоў ад нас). Але зараз, я ўпэўнены, беларуская мова будзе ўвесь час умацоўвацца. Недапрацоўка хіба ў тым, што калі набіралі камэнтатараў, беларуская мова не была сярод асноўных патрабаваньняў. Было неабходна проста сесьці ў студыю, як мы цяпер сядзім, і пракамэнтаваць нейкі кавалачак трансьляцыі. Не было нават неабходнасьці пракамэнтаваць асобны від спорту, каб паглядзець, мае чалавек хоць мінімальнае ўяўленьне пра гэтую дысцыпліну ці ня мае ўвогуле. Толькі голас, толькі тэмп, дыкцыя. І таму цяпер на Беларускім тэлебачаньні такая сытуацыя: ніхто нікога не прымушае, але ніхто нікога і не падштурхоўвае ў беларускамоўным напрамку. І гэта пры цяперашнім шэфу Генадзю Давыдзьку, былым дырэктару тэатра Янкі Купалы (!), якому проста наканавана быць беларускамоўным. Шкада, што пайшоў потым у дэпутаты, ахвяраваў мовай, зблізіўся, скажам так, з каньюнктурай. А паступова роднай мовы зусім адцураўся, і цяпер усё ў яго на расейскай, на жаль.
На Алімпіядзе-2000 у Сыднэі
На Алімпіядзе-2000 у Сыднэі

— Калі крыху адысьці ад мовы вяшчаньня, што можна сказаць пра агульную культуру спартовага рэпартажу? Бо немалаважна і тое, як камэнтатар кантактуе з аўдыторыяй.

— Што тычыцца стылю, падачы, то, прыкладам, Уладзімера Навіцкага нярэдка крытыкуюць, што ён, як чалавек перадпэнсійнага ўзросту, мае ў сваім арсэнале шмат штампаў, якія збольшага і выкарыстоўвае. Людзям не падабаецца, што ён размаўляе з гледачамі падчас гульні, а то і проста сам з сабой. Увогуле ў нас нямала камэнтатараў, якія нешта самі сабе гавораць і выдаюць гэта за рэпартаж. Яшчэ не люблю, калі па двое камэнтуюць. Ну няма ў нас культуры зносінаў. Прыкладам, Дзіма Герчыкаў і Аляксей Пынцікаў, калі камэнтуюць баскетбол, адзін аднаго не даслухоўваюць, перабіваюць, асабліва Дзіма па маладосьці, па гарачнасьці. Пынцікаў пачынае пра атаку на кальцо «Цмокаў», Герчыкаў тут жа пераскоквае на тое, што адбываецца ў іншым месцы пляцоўкі, альбо зусім на іншую тэму. Так, патрэбная пэўная культура. Але калі наракаюць, што школы камэнтатараў у Беларусі няма, то я ня ведаю, дзе яна наагул ёсьць? Хоць нібыта запрацавала аддзяленьне на факультэце журналістыкі ці нейкія курсы. Але ўсё гэта амаль бяз сэнсу, бо трэба, каб вучылі дасьведчаныя людзі. Да таго ж усё ідзе ў першую чаргу ад самога чалавека: калі ён жадае ўдасканальвацца, жадае вучыцца, то ён будзе ісьці да сваёй мэты. І я веру: што тычыцца менавіта беларускай мовы, то яна абавязкова вернецца.
З калегам Уладзімерам Навіцкім
З калегам Уладзімерам Навіцкім

— Складаецца ўражаньне, што ў сваёй працы беларускія камэнтатары арыентуюцца ў першую чаргу на расейскіх калегаў.

— Мне таксама гэта зусім не падабаецца. Калі на сайце goals.by бралі інтэрвію ў спартовага камэнтатара СТВ Ігара Калянькова, якога, на жаль, таксама з намі ўжо няма, прапаноўвалася бліц-апытаньне. Дык вось там чамусьці заўсёды фігуруе пытаньне: якія расейскія камэнтатары вам падабаюцца? Чаму менавіта расейскія? Цяпер ёсьць у інтэрнэце шмат трансьляцыяў, можна вольна глядзець і слухаць польскія, нямецкія каналы, экспрэсіўныя гішпанскія ці нават арабскія. Вельмі шмат цікавых камэнтатараў! І, дарэчы, колькі я слухаў, няма нідзе такіх, як нашы. Ці ў нас сапраўды мэнталітэт такі — без харызмы, без эмоцыяў — ці прыродная сьціпласьць, але саступаем шмат па якіх парамэтрах. І ўжо зусім цяжка сказаць, па якіх прынцыповых рысах можна адрозьніць нашых камэнтатараў ад расейскіх. Я ўпэўнены: калі б нашы камэнтатары пачалі па-беларуску камэнтаваць, у іх бы зьявіўся іншы стыль, выгаднае адрозьненьне ад расейскіх калегаў. Уключаеш НТВ, уключаеш БТ — адно і тое ж амаль. Больш за тое, расейскія камэнтатары шмат у чым беднавата камэнтуюць, у іх увогуле мала карыснай інфармацыі, нашы нават больш падаюць зьвестак. Але куражу не хапае, як казаў герой адной кінастужкі. Як бы такая нацыянальная рыса — няўменьне дадаць у малюнак нейкія жывыя фарбы.
На «Белсаце» — зь Зянонам Пазьняком
На «Белсаце» — зь Зянонам Пазьняком

— Саша, яшчэ са студэнцкіх часоў памятаю твае выдатныя пародыі на легендарных савецкіх камэнтатараў. Тыя сымпатыі засталіся дагэтуль?

— Так, я ад самага дзяцінства марыў стаць камэнтатарам і, па сутнасьці, стаў ім, бо неймаверна захапляўся тагачаснымі мэтрамі. Цяпер, праўда, давялося перайсьці ў рэдакцыю інфармацыі і з гэтай справай крыху завязаў, але я ўсё ж спадзяюся вярнуцца да камэнтатарскага мастацтва, каб, зразумела, камэнтаваць лепей, без памылак (і хоць без памылак не бывае, але імкнуцца трэба). Як і многія калегі, я прыйшоў у прафэсію шмат у чым дзякуючы такой выбітнай асобе як Мікалай Мікалаевіч Озераў. Яго, бывае, крытыкуюць, што ён ня быў глыбока дасьведчаны ў хакеі, але ў дадзеным выпадку гэта тэлебачаньне, праца на аўдыторыю, таму важна найперш прыхіліць да сябе. І калі гаварыў Озераў, усе яму верылі. У вушах дагэтуль ягоныя «пазыўныя» (на манер Озерава): «Говорит и показывает Прага! Говорит и показывает Прага!..» Нават фізычна адчувалася, што чалавек усёй сваёй вагой — а быў ён немалых памераў — цалкам зьліваўся з аўдыторыяй. Быў Яўген Маёраў, ужо сьціплей камэнтаваў: «Передача налево, опасный момент — и шайба влетает в ворота». Той жа Георгі Саркісьянц, які вёў фігурнае катаньне. Быў Уладзімер Маслачэнка, які любіў пахваліцца: «Я, как бывший вратарь, сейчас вам всё объясню, как это происходило». Ці непадробны Катэ Махарадзэ (на манер Махарадзэ): «Гаварыт і паказывает Сэвілья!» Памятаю адзін момант, проста выдатна гучала. Хтосьці біў пэнальці, можа нават і СССР гуляў, на грузіна-расейскай сумесі прыкладна так: «Ігар Беланав разганяецца, удар-р-р — Жан-Мары Пфаф-ф-ф!». Гэта значыць, варатар узяў пэнальці — і столькі драматызму было ў яго голасе! Ведаеце, гэта былі сапраўды акторы, артысты, гэта абавязкова павінна быць унутры чалавека. А ня проста сесьці — перадача налева, перадача направа.
З «гігантам» Аляксандрам Кулем
З «гігантам» Аляксандрам Кулем

— Падобна да анэкдотаў, але расказваюць, што некаторыя падчас рэпартажаў пасьпявалі сумяшчаць карыснае з прыемным...

— Сапраўды, быў такі Георгі Суркоў — заўважны, сівавалосы мужчына — прыяжджаў у Менск, камэнтаваў у Раўбічах лыжныя гонкі. Вось пра яго якраз хадзілі такія чуткі, прынамсі распавядалі мясцовыя: прыходзіць у камэнтатарскую кабіну, ставіць перад сабой бутэльку гарэлкі і падчас рэпартажу яе ўсю выпівае. Пра гэта казалі самі супрацоўнікі комплексу... а ўвогуле была вельмі адметная плеяда камэнтатараў, і з савецкіх часоў яны неяк больш узгадваюцца, чым тагачасныя беларускія камэнтатары. Хоць былі і нашы: Леанід Маляўскі, мне ўрэзалася ў памяць, як ён любіў абвяшчаць, што хтосьці там гуляе «под седмым номером». Калярытныя рэчы можна ўзгадаць пра Алеся Камароўскага зь яго «бэлькай», мы ўжо пра яго гаварылі. Але ў сёньняшніх камэнтатараў штосьці выдзеліць, каб чалавек адрозьніваўся ад іншых, сапраўды вельмі складана: усё шаравата, усё роўненька. Можа, ніхто ня хоча выдзяляцца, а можа, не хапае дзеля гэтага сапраўдных магчымасьцяў і ўнутраных сілаў арганізму, каб стаць насамрэч адметным.

— Хочацца памыліцца, але адчуваньне, што на хакейным чэмпіянаце сьвету камэнтаваньне будзе расейскамоўным — каб залагодзіць расейскіх заўзятараў, якія, па легендзе, пацягнуцца ў Менск «касякамі».

— Легенда яшчэ тая, бо невядома, як і хто паедзе. Але цалкам можа быць, што абавяжуць камэнтаваць менавіта па-расейску. Чамусьці ў нас лічыцца зразумелай толькі гэтая мова. Дастаткова згадаць нядаўні выпадак у менскім «Дынама», калі гендырэктар Сяргей Паўлюковіч заявіў: ня будзем пісаць прозьвішчы па-беларуску, таму што... ня трэба прымешваць палітыку. Пры чым тут беларуская мова і палітыка — не разумею. І тут таксама могуць палічыць палітыкай: недарэчна камэнтаваць на беларускай, калі панаедзе столькі гасьцей з усходу. Ну прыедуць жа свае, расейскія камэнтатары, навошта пад кагосьці падстройвацца? Пакрыху ідзем мы да беларускай мовы, але — прыйшлі, зноў жа, на тэлебачаньне камэнтатары не беларускамоўныя, без адбору па моўным кампанэнце.
Я вам абяцаю: калі пачнуць камэнтаваць па-беларуску Аляксандар Цьвічкоўскі, Аляксандар Дзьмітрыеў, мы абавязкова ўздымемся
Адбор толькі быў, як ты можаш тэмпава нешта пракамэнтаваць, калі меркаваць па паказаных роліках. Ну, вось і няма. Буду я ці нехта іншы кіраўніком спартовай дырэкцыі, тады абавязкова будзе і беларуская мова. Мы павінны быць адметнымі, як і кожная краіна. У тым ліку і ў спартовым рэпартажы. Я вам абяцаю: калі пачнуць камэнтаваць па-беларуску Аляксандар Цьвічкоўскі, Аляксандар Дзьмітрыеў, якія казалі, што здольныя размаўляць і камэнтаваць на роднай мове, мы абавязкова ўздымемся. Зноў жа, прыклад Сяргея Новікава: па-беларуску я яго слухаў са значна большай асалодай, хоць і не кажу, што стыль па-расейску і па-беларуску моцна адрозьніваецца. Хай знойдуцца тыя, хто скажа, што не разумее, але на слых добра ўспрымаюцца па-беларуску аб’явы і ў мэтро, і ў іншым грамадзкім транспарце. А калі будзем паддавацца тым, хто кажа, што нам гэта ня трэба, то гэта адступленьне назад. Гэта як з тым жа напісаньнем на футболках прозьвішчаў па-беларуску.

— Дарэчы, у чым увогуле справа? Чаму напісаньне прозьвішчаў па-беларуску аўтаматычна прыраўноўваецца да «апазыцыйнасьці»?

— Цяжка сказаць, у чым насамрэч справа. Гэта што, нашмат даражэй — напісаць па-беларуску, ці нашмат небясьпечней? Прыкрываюцца тым, што «каманда супраць». Чаму, хто зрабіў такую выснову? Не павінна каманда ўвогуле дыктаваць умовы! Паколькі праводзіцца чэмпіянат Беларусі, Фэдэрацыя футболу павінна абавязаць усіх удзельнікаў пісаць прозьвішчы па-беларуску. Хоць, як казаў яшчэ адзін прадстаўнік трэнэрскага штабу Сяргей Гурэнка, — паглядзіце, у Нямеччыне кожны піша як хоча. Правільна, Левандоўскі напіша па-польску, зь літарамі сваёй артаграфіі, турак — па-свойму, швэд ці нарвэжац — таксама ў сваёй транскрыпцыі. Таму што там ёсьць месца для нацыянальнай культуры. А ў нас лічыцца нацыянальнай культура расейская, «каб усім было зразумела». Чым гэта скончыцца? Пакуль жывем, плывем па плыні збольшага роўнай, і ніякіх асаблівых пасоўваньняў ня бачна. Хоць той жа Лукашэнка часам, бывае, у абарону беларускай мовы нешта выкіне. Праўда, вельмі рэдка. Ну, зноў жа — што нам Лукашэнка? Нам галоўнае, каб кожны сам сабе заставаўся беларусам прынамсі ў душы — ты жывеш у Беларусі, ты хочаш прапагандаваць Беларусь.

І на заканчэньне яшчэ раз падкрэсьлю: калі калегі наважацца камэнтаваць на беларускай мове, гэта будзе нашмат лепш, чым яны цяпер гэта робяць па-расейску. Перакананы.
Аляксандар Пуціла нарадзіўся ў Менску ў 1965 годзе. Вучыўся на аддзяленьні радыё і тэлебачаньня факультэту журналістыкі БДУ. Яшчэ студэнтам пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй спартовых праграмаў тэлебачаньня і радыё ў якасьці пазаштатнага карэспандэнта. Разам зь Віталем Саламахіным рабіў матэрыялы для праграмы радыё «Спартыўная арбіта», а зь Сяргеем Новікавым рыхтаваў тэлесюжэты для «Трэцяга тайму». Неўзабаве быў залічаны ў штат спартовых камэнтатараў БТ. За прамінулы час давялося весьці ня толькі значныя імпрэзы, але і «Спартляндыі», парады фізкультурнікаў, нават агучваць ранішнюю гімнастыку. Самыя запамінальныя камандзіроўкі — на Алімпійскія гульні-2000 у Сыднэй, а таксама на біятлённы чэмпіянат сьвету-2003 у Ханты-Мансійск. У 2008-м атрымаў запрашэньне з тэлеканалу «Белсат» стаць спартовым аглядальнікам праграмы «Аб’ектыў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG