«Эўрарадыё»: Сярод затрыманых у «справе Коржыча» — сяржант, які знайшоў цела

Вайсковая частка ў Печах, ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак «Эўрарадыё», па справе аб сьмерці ў Печах салдата Аляксандра Коржыча затрыманы сяржант З., які нібыта знайшоў цела Коржыча.

Прадстаўнік пракуратуры ў час сустрэчы з маці Коржыча ў Пінску 11 лістапада назваў у ліку затрыманых З., якога раней дзьве крыніцы «Эўрарадыё» называлі тым, хто знайшоў цела. Абедзьве крыніцы сьцьвярджаюць, што З. пасьля таго, як ён знайшоў цела, адправілі «ў Навінкі».

Адна з крыніцаў «Эўрарадыё» сьцьвярджае, што З. нібыта прызнаўся ў забойстве Коржыча, але афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму няма. Афіцыйна сьледчыя па-ранейшаму разглядаюць тры вэрсіі здарэньня: самагубства праз асабістыя прычыны, давядзеньне да самагубства і забойства.

***

***

Як разьвіваюцца падзеі ў Печах

3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.

Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».

Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.

Саслужыўцы Коржыча цяпер атрымліваюць пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вядуць альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.

«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».

Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.

Гвалт у войску