Мужчын, якія трапілі за краты, жанчыны кідаюць ня так ужо рэдка, але з асуджанымі жанчынамі іхнія мужчыны разыходзяцца ў абсалютнай большасьці выпадкаў. У мужчынскіх калёніях, дзе ўтрымліваюцца і рэцыдывісты, пакоі для спатканьняў заўсёды занятыя, а ў калёніях для паўторна асуджаных жанчын яны фактычна пустуюць. Асноўная публіка, якую можна сустрэць у чэргах ля турмаў ды калёніяў, — гэта, як правіла, жонкі ды маці. Ці ў беларускай турмы жаночы твар? Калі так, то — чаму? Вось што мяркуюць на гэты конт жыхары Магілёва.
Your browser doesn’t support HTML5
«У турму зьбіраеш усё лепшае»
35-гадовая Надзея, жыхарка невялікай вёскі на поўдні Беларусі, гэтымі днямі рыхтуецца да паездкі на трохдзённае спатканьне ў Івацэвічы, дзе ў адной калёніі сядзяць разам і муж, і цяжка хворы сьвёкар. Абодва за кратамі не ўпершыню. Прычына — гарэлка. Паводле Надзеі, пры самых сьціплых разьліках з гэтай паездкай укласьціся ў мільён рублёў ніяк ня ўдасца. А на руках яшчэ і дзеці.
Your browser doesn’t support HTML5
Надзея: «Гэта выпадкова атрымалася, што яны ў адной калёніі. Сьвёкар недзе гадоў пяць таму за краты трапіў. На 12 гадоў. За забойства. Спачатку ў Горках быў, потым у Івацэвічы перавялі. Кажуць, што, пэўна, адпусьцяць дамоў паміраць. У яго цукроўка ў цяжкай стадыі, ды яшчэ самы розны букет. Раней поўны быў, а цяпер страшна схуднеў. А муж недзе года паўтара як. На шэсьць гадоў пасадзілі. Вось і кручуся.
Сьвекрыві маёй не да таго — яна ў запоях. Сястры мужа і дачцэ сьвёкра такая радня непатрэбная. Вось мне і застаецца ўсё гэта. А яшчэ і дзеці. А каму ж цягнуць усё гэта, як ня мне?»
З Ірынай, Тацянай, Натальляй ды Людмілай нашай праграме ўдалося пагутарыць непасрэдна ля калёніі, куды тыя прыйшлі з прадуктовымі перадачамі для сыноў і мужоў. Мужчыны сядзяць хто другі, а хто трэці раз. І тут злачынствы зьвязаныя з алькаголем. Паводле жанчын, ніякага жыцьця з мужыкамі на волі не было. Але вось як трапілі за краты, стала шкада...
«Што яны там ядуць? Якая ежа за кратамі? Туды зьбіраеш усё лепшае», — кажуць гэтыя маці ды жонкі. У перадачы яны паклалі прысмакі, якіх даўно не купляюць ані сабе, ані малым. Кажуць, што зьбіраць пасылкі становіцца ўсё цяжэй. Кошты растуць...
«Калі хто ў сям’і сядзіць, то даводзіцца працаваць выключна на турму, — кажа самая маладая з жанчын — жонка асуджанага. — Падаражэла ўсё, а даходы засталіся тыя самыя».
Жанчына паведаміла, што пасьля пасадкі мужа пайшла на дзьве працы. Усе пабоі і п’янкі-гулянкі яму даравала. Галоўнае, каб захавалася сям’я, а ў дзяцей быў бацька.
«Куды толькі за мужам ня езьдзіла — паўсюль жанчыны»
Людміла Кучура езьдзіць на спатканьні ў калёніі ды турмы вось ужо 12-ты год. Пра яе асуджанага на 18 гадоў за забойства на паляваньні Пятра Кучуру мы неаднойчы расказвалі ў нашых праграмах.
«Я ня ведаю, ці езьдзіла б я на гэтыя сустрэчы, каб у нас не было сапраўднай сям’і, — кажа жанчына. — Пётар быў сапраўдным мужам і сапраўдным бацькам, а таму і для нас з сынам важна яго падтрымліваць, езьдзіць да яго на спатканьні. Ды яшчэ ўявіце псыхалягічны стан чалавека, які сядзіць за тое, чаго ён не рабіў. Адзінае, што яго трымае — гэта ўсьведамленьне таго, што яго ніхто ня кінуў, што яму ёсьць куды вяртацца пасьля вызваленьня…
Вось куды я толькі за гэтыя адзінаццаць гадоў за мужам ня езьдзіла — ён і на „Валадарцы“ быў, і ў Жодзіне, і ў калёніях розных, і ў Магілёўскай крытай турме — у чэргах у асноўным жанчыны, маці і жонкі. Кожны раз узгадваю словы нашага адваката, якія пачула яшчэ падчас мужавага суду. Ён сказаў так: паверце, побач з жаночымі турмамі вы ня ўбачыце чэргаў з мужчын. Гэта толькі жанчыны так могуць. Ведаю па сабе: здараецца, што вельмі кепска сябе адчуваеш, але едзеш на спатканьне, або ідзеш на прыём дэпартамэнт ці ў іншую інстанцыю. Было, што пасьля апэрацыі на назе, у гіпсе, хадзіла ў Генпракуратуру, бо трэба.
А потым сама сабе задавала пытаньне: а ён, калі б я, ня дай Бог, была на яго месцы, ці пайшоў бы ў гіпсе на той прыём? Наўрад ці мужчыны здатныя на такое»
Звычайна даводзіцца спадзявацца толькі на сябе
Гадоў дзесяць таму Людміла Кучура разам зь некаторымі іншымі сябрамі па няшчасьці, якія ня вераць у правасуднасьць выракаў для іх блізкіх, пераважна маці, жонкамі ды бабулямі асуджаных, аб’ядналіся ў нефармальную групу. Каб ня толькі паасобку, але і разам змагацца за справядлівасьць у судах. Агульнымі намаганьнямі ўдалося дамагчыся перагляду справы і вызваленьня мужа адной жанчыны, якога за забойства, якога ён не ўчыняў, кінулі на пажыцьцёвае.
Your browser doesn’t support HTML5
...Галіне Мамедавай пад 60. Пра гісторыю яе асуджанага на 24 гады сына Раміза мы расказвалі ў нашых ранейшых перадачах. Сядзець хлопцу засталося яшчэ палову тэрміну. Іншага выйсьця, як працаваць, у жанчыны няма. На руках яшчэ гаспадарка, старая маці. Што да мужа, то ён ня вытрымаў. Сям’я распалася неўзабаве пасьля арышту сына.
Змагацца за чалавека, якога прызналі злачынцам — вельмі няпроста, кажуць сябры групы. Па-першае, маральна, таму што грамадзтва, незалежна ад таго, вінаватыя яны ці не, стыгматызуе такіх людзей. Па-другое, цяжка фізычна. Большасьць жанчын, каб падтрымаць чалавека за кратамі, вымушаныя вельмі цяжка працаваць, нягледзячы на свой далёка не малады век і далёка ня моцнае здароўе. Справядліва кажуць, што разам з асуджаным сядзяць і яго родныя, тыя, хто не пакідае чалавека ў бядзе, разам зь ім праходзяць усё ад пачатку да канца. Тое, што здароўе губляе ня толькі вязень, але і яго блізкія — гэта абсалютна...
Сыны ў калёніі, мамы на нэрвах, а таты ў шпіталях...
328 — артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі, паводле якога апошнім часам за краты трапляе асабліва шмат моладзі. Марына Капыціна з Горадні — адна са стваральніц «Матчынага руху 328», які ўлады не рэгіструюць. Рух аб’ядноўвае як маці, жонак, так і бацькоў тых, хто асуджаны за наркотыкі. Сёлета сыну Марыны споўніцца дваццаць пяць. У 2013-м ён атрымаў тэрмін — восем з паловай гадоў. Сядзіць у калёніі «Воўчыя норы». Клопат маці — сабраць сыну перадачу:
«Нам дазваляецца прывезьці трыццаць кіляграмаў. Забараняецца садавіна, можам толькі прывезьці апэльсіны, яблыкі, грушы. Іншую садавіну ня можам. Па сухафруктах таксама абмежаваньне: чарнасьліў, разынкі нельга. Сухое малако ў нас таксама чамусьці забараняецца. Я не кажу пра цукар, гэта, само сабой, не дазваляецца. Але нават забаранілі сусьлі — замяняльнік цукру. Ну, а ў астатнім усё звычайна, адзінае — трэба ўсё распакоўваць, нават цукеркі разгортваць. Таксама вадкі парашок пральны нельга. Гелі для душу нельга, толькі сухое мыла. Пену для галеньня нельга, толькі гель. Мы хацелі дабіцца, каб высылаць праз мэдсанчасьць хаця б два разы на год комплекс вітамінаў, яны ж недаатрымліваюць. Як бы іх ні кармілі, усё роўна гэта ня тое харчаваньне, як на свабодзе. Садавіны яны ня могуць столькі спажыць. Нам не дазваляюць гэтыя вітаміны. Мы прапанавалі: набудзем у дзяржаўных аптэках, беларускія, прадставім чэкі, будзе гермэтычна ўпакавана, няхай захоўваюцца ў мэдсанчасьці, яны б заходзілі, бралі адну вітамінку на дзень. Нам не дазваляюць гэта».
А што мужчыны? Калі «Матчын рух» афармляўся, адзін-два на сходы прыходзілі. Яны застаюцца ўбаку?
Капыціна: «Бацькі рэагуюць практычна гэтак жа, як і мамы. У нас многа бацькоў, не адзін-два. Ну, натуральна, жонка з мужам можа быць. Гэта толькі называецца ў нас „Матчын рух“, бацькі таксама як бы з намі, але так не афішуюць. Вось у нас ёсьць адзін бацька, ён цяпер у бальніцы, лечыць нэрвовую сыстэму. Ён атрымаў ліст з ПК-2, сын напісаў, што я ня ведаю, чым гэта скончыцца, чаго ад нас ужо хочуць. Ляжыць у нас у Горадні, учора тэлефанаваў, кажа, я ўжо не вытрымліваю проста. Ну, кожны перажывае за сваё дзіця, што мама, што бацька».
У Марыны з Ваўкавыску сын сядзіць паводле артыкула 328, далі восем гадоў. Маці наведвае яго ў Бабруйску ў калёніі № 2:
«Машыны ў нас няма, цягніком. Прамы цягнік ёсьць.
Я сядаю безь дзесяці восем у Ваўкавыску. У тры гадзіны ночы прыяжджаю ў Бабруйск. Сяджу да паловы восьмай раніцы на вакзале.
Тады бяру таксоўку, таму што там з восьмай раніцы пачынаюць адчыняцца дзьверы. І там ідзе ўжо афармленьне. Канечне, любому чалавеку цяжка, калі сына пасадзілі. Але наконт калёніі я вам нічога дрэннага не скажу. Здаецца, адміністрацыя нядрэнна да нас ставіцца, калі мы заяжджаем туды. Усё выслухаюць, раскажуць, патлумачаць. Мой сын працуе, нават зарабляе грошы, нават заахвочваньні яму даюцца, дадатковыя перадачы. У нас узмоцнены рэжым. У нас належацца два падоўжаныя спатканьні і тры кароткія. А перадача — кожныя чатыры месяцы. Але ў яго былі заахвочваньні, і мы перадачы дадатковыя перасылалі. Пасьля двух гадоў, калі мы нічога ня зробім, ён пойдзе на палепшаны рэжым, ужо будзе больш спатканьняў, дасьць бог».
«У мяне бывае шмат эмоцыяў, але спадзяюся, што скончыцца ўсё добра»
Сын Ірыны Ляўко 20-гадовы Алег (імёны па просьбе сям’і зьмененыя) тры гады сядзіць паводле артыкула 328. Далі восем гадоў. Неўзабаве пасьля таго, як прыбыў у калёнію «Воўчыя норы», Алег моцна пашкодзіў тры пальцы левай рукі. Гэта здарылася 13 лютага 2014 году падчас працы. Барацьба за ўратаваньне пальцаў каштавала маці шмат нэрваў і часу. Яна распавядае:
«Так атрымалася, практычна ён іх сабе адрэзаў. Яго завезьлі ў бальніцу. Хірург мне потым расказваў, што яны хацелі яму адразу адрэзаць гэтыя пальцы. Кансыліюм сабралі, і адзін сказаў: давайце паспрабуем усё-ткі прышыць, а раптам атрымаецца. Іх прышылі, і яны, на дзіва, прыжыліся, але яны ўсе ўрастапырку былі, практычна ў розныя бакі».
У Менску ёсьць спэцыялісты па хірургіі кісьці, кажа Ірына Ляўко:
«Ну, і пачалася гісторыя, каб яго неяк накіраваць. Самі шукайце, калі хочаце хірурга, і тады, магчыма, накіруем яго на кансультацыю. У 6-й клінічнай бальніцы ёсьць такое аддзяленьне, загадчык сам робіць апэрацыі, ён пагадзіўся. І мы давай дабівацца, каб сына вывезьці. Кажуць: добра, адправім. Званю: не адпраўляюць».
Нарэшце Алега накіравалі ў Менск у турэмны шпіталь. Ірына Ляўко прыехала, але высьветлілася, што Алега не запісалі на прыём да хірурга. «Я была ў шоку», — кажа яна. Атрымалася, што дарма прыехала. Стала тэлефанаваць у Івацэвічы ў калёнію. Паабяцалі, што сына прывязуць:
«І што вы думаеце, прывозяць яго ў Менск, і там у лістку напісана, як быццам яго афармляць на групу інваліднасьці.
І езьдзілі я і мама, і мы проста там ледзьве не на каленях стаялі, каб яго адвезьлі на кансультацыю».
Сыну хацелі даць групу інваліднасьці, успамінае Ірына Ляўко. Але пагадзіліся, каб хлопца паказалі хірургу — спэцыялісту па кісьцях рук:
«І гэты хірург, Дзьмітры Іванавіч, сказаў, што руку можна выправіць, няхай не на сто працэнтаў, але на дзевяноста дакладна. Гэта была першая перамога».
Пасьля гэтага сына вярнулі ў калёнію. Пазьней даставілі ў Менск зноў — і зрабілі першую апэрацыю па выпраўленьні пальцаў. Гэта адбылося праз год пасьля няшчаснага выпадку. Доктар сказаў, што спатрэбяцца некалькі апэрацыяў. Мінуў яшчэ год. Ірына Ляўко кажа, што ўся на нэрвах, але наступіў сакавік, і яна чакае, што сыну зробяць нарэшце другую апэрацыю — так, як абяцалі:
«У мяне бывае шмат эмоцыяў, але спадзяюся, што скончыцца ўсё добра. Складана чагосьці дабіцца, але сьвет не бяз добрых людзей, усё-ткі нехта пайшоў нам насустрач. Хочацца, каб у такіх надзвычайных выпадках нас больш разумелі, усё ж там таксама сядзяць людзі, маладыя тым больш».
«Хоць ты курсы нейкія адкрывай...»
Кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Рэгіён 119», якая займаецца правамі чалавека за кратамі, Алёна Красоўская-Касьпяровіч узгадвае тыя часы, калі сама езьдзіла на сустрэчы з асуджаным мужам, цяпер нябожчыкам. Трохдзённыя спатканьні адбываліся ў турэмных «гатэлях». Там агульны калідор, агульная кухня, агульны душ. Не заўсёды вязьні выказвалі добрыя пачуцьці да сваіх блізкіх жанчын, — кажа Алёна:
«Усякае было. На адрас жонак ды маці ад іхніх мужоў ды сыноў чуліся і маты, і розныя іншыя брыдкія абразы. Аднойчы быў выпадак, калі муж стукнуў жонку. У іх быў нейкі канфлікт, але не зьвязаны з чымсьці сур’ёзным, разводам, напрыклад. Проста мужчына быў нечым незадаволены. Тая жанчына зьехала ад яго, не дабыўшы дзень ці два з трох прызначаных... Але гэта зьвязана не з турмой, а з тым, што такія адносіны ў сям’і былі і на волі...
Мне заўсёды дзіка чытаць лісты асуджаных, якія нярэдка іх маці ды жонкі выкладваюць у розных сацсетках, калі там сьпісы ў дзьве старонкі, што ім трэба за краты — ад сыравэнджанай кілбасы да шкарпэтак.
Хлопцы, вы задумваецеся, дзе ваша мама возьме столькі грошай? У лісьце не сустрэнеш словаў: мама, калі ў цябе атрымаецца нешта з таго, што я прашу. Гэта сьпіс абавязковы для выкананьня.
А яшчэ патрэбныя грошы на рахунак, на атаварку, а цяпер гэта не 200 тысяч, а больш за мільён, а яшчэ сям’я выплачвае прызначаныя судом пазыкі... А маці ў лепшым выпадку зарабляе 3–4 мільёны. І яшчэ патрэбныя грошы для таго, каб паехаць на спатканьне — аўтобус-цягнік і плюс таксоўка да самой установы. За што жыць, плаціць за кватэру? А калі яшчэ ёсьць дзеці?
Вось гэтыя жанчыны — яны ў вельмі складаным становішчы ў сувязі з падобным стаўленьнем да мужчыны. Я не разумею гэтых мам і жонак, калі яны працуюць на трох працах, адмаўляюць сабе ў нармальнай ежы, нармальным адзеньні, а ўсё пруць туды...
Яны толькі псуюць гэтых мужыкоў, бо тыя нічога не навучацца цаніць у жыцьці».
РС: «У вашым выпадку было інакш?»
Красоўская-Касьпяровіч: «Я не магу сказаць, што я была нармальная. Я прайшла пэрыяд, калі цягала ў калёніі валізкі і думала, як ён будзе бяз гэтага. Пакуль аднойчы мой муж не сказаў мне: я сядзеў за кратамі безь цябе і неяк выжыў. Наступны раз возьмеш усё назад. Аднойчы мне прыйшлося гэта зрабіць... Я паважаю тых зьняволеных, якія, хай нават і не катэгарычна, адмаўляюцца ад дапамогі, але нейкую ў разумных межах дапамогу просяць. Ёсьць знаёмая жанчына, якая часам паказвае лісты ад мужа. І ён піша: калі ласка, калі можаш, але не абавязкова. Калі размова пра рахунак, то гэта тысяч 200 у пару месяцаў... Гэты чалавек разумее, што жонка працуе, цягне дом, сям’ю, а яшчэ і перадачы яму дасылае, на спатканьні езьдзіць».
«Хоць ты курсы якія адкрывай для тых, у каго нехта трапіў за краты, — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Як патлумачыць жанчыне: так, яму там цяжка, але гэта мужык, які мусіць гэта вытрымаць. Гэта ня ты яго туды пасадзіла. Чалавек павінен разумець, што на волі табе таксама нялёгка.
Тое, што ты яго кахаеш, шкадуеш, чакаеш, зусім ня значыць, што ты сама разам зь ім павінна сядзець у турме.
Бо, па сутнасьці, пакуль нехта з тваіх блізкіх сядзіць у турме, ты сядзіш зь ім ці ёй разам. Але так нельга! Калі ў сям’і яшчэ ёсьць іншыя, тыя ж дзеці, то ім не даецца 100%. Бо трэба тату. У выніку што потым вырастае зь дзіцяці?»