«Пакуль ёсьць здароўе, трэба бегаць». Хто гуляе ў жаночым чэмпіянаце Беларусі па футболе
Чэмпіянат Беларусі па футболе сярод жаночых камандаў праводзіцца з 1992 году. Самыя тытуляваныя каманды — «Бабруйчанка» й «Ўнівэрсытэт» (Віцебск). Але апошнія тры гады чэмпіёнамі становіцца каманда «Мінск» (на фота).
«Нічым жаночы футбол не адрозьніваецца ад мужчынскага, — кажа Ліяна Мірашнічэнка, 27-гадовая паўабаронца „Мінску“ (на фота). — Хіба толькі хуткасьці ў нас трошкі ніжэйшыя».
Чэмпіянат Беларусі складаецца з адной лігі. Яшчэ пазалетась у ёй гулялі 9 камандаў. Празь фінансавыя цяжкасьці летась іх засталося ўжо 6. Колькі камандаў зьбярэцца сёлета, да канца невядома. Пачатак чэмпіянату прызначаны на 16 красавіка.
«Кляс! Гуляе амаль як я», — часта камэнтуюць гульню дзяўчат мужчыны з трыбунаў.
Яшчэ 10 гадоў таму мала хто чуў пра жаночы футбол у Беларусі. Цяпер дзіцячыя сэкцыі па футболе вельмі папулярныя сярод дзяўчатак. Ці ня большасьць гульцоў «Мінску» — моладзь.
Камандаў мала, і таму ў беларускім чэмпіянаце даводзіцца гуляць па чатыры колы. У нашых суседзяў — палякаў і расейцаў — узровень чэмпіянатаў нашмат вышэйшы.
За «Мінск» гуляюць дзьве англамоўныя легіянэркі зь Нігерыі і чатыры франкамоўныя — з Камэруну. Яны таксама выступаюць за свае нацыянальныя зборныя.
Першы зімовы турнір праводзіўся ў сапраўды зімовых умовах.
Трэніроўкі ў «Мінску» штодня. Хоць гэта толькі паўтары гадзіны, але на нейкую іншую працу ўжо ні ў кога не хапае ні сіл, ні часу. Для ўсіх гульня за каманду — асноўная й часьцей за ўсё адзіная праца. За яе дзяўчаты атрымліваюць заробак, зь якога й жывуць.
Трэніроўкі праходзяць на штучных палях мужчынскага ФК «Мінск», да якога адносіцца й жаночая каманда. Хатнія гульні таксама праходзяць на тым жа полі, што й у мужчынскай каманды — на стадыёне «Мінск».
Памочнік трэнэра Раман Лявіцкі кажа, што Вышэйшая ліга Беларусі сярод жанчын адпавядае ўзроўню 15-гадовых хлопцаў. Часам дзяўчаты гуляюць акурат з хлопцамі гэтага ўзросту на трэніроўках.
Ліяна Мірашнічэнка гуляе ў футбол ужо 12 год. «Пакуль ёсьць здароўе, трэба бегаць», — кажа яна. Калі не атрымае траўмаў, Ліяна зьбіраецца гуляць да 35–36 год. Потым, як і многія былыя футбалісткі, думае пераходзіць у трэнэры. «Падабаецца футбол, і ўсё», — кажа дзяўчына.
Заўзятараў на жаночым футболе вобмаль. У асноўным прыходзяць навучэнкі футбольных школ, сябры ды сваякі. Толькі на гульні ў Лізе Чэмпіёнаў зьбіраўся амаль поўны стадыён «Мінск».
«Мінск» гуляе супраць «Зоркі-БДУ». Толькі «Зорка» і «Надзея-Дняпро» (Магілёў) складаюць адносна сур’ёзную канкурэнцыю менскай камандзе.
Каб падрыхтавацца да гульняў у Лізе Чэмпіёнаў, «Мінск» часта выступае на міжнародных турнірах, дзе дзяўчаты могуць паспрабаваць свае сілы супраць моцных клюбаў.
Летась ФК «Мінск» прайшоў групавы турнір у Лізе Чэмпіёнаў і трапіў у 1/16 фіналу. Пакуль гэта найбольшае дасягненьне каманды.
Жаночыя каманды часьцей за ўсё трэніруюць мужчыны. Жанчыны сярод трэнэраў сустракаюцца вельмі рэдка.
Вяршыняй кар’еры беларускія футбалісткі лічаць гульню ў моцных замежных клюбах. Калі ты гуляеш за «Мінск», у Беларусі далей няма куды ісьці.
Жаночы футбол можа быць настолькі ж жорсткім, як і мужчынскі. У вырашальным матчы зімовага турніру паміж «Мінскам» і «Зоркай-БДУ» судзьдзя нараздаваў шмат жоўтых картак.
Чамусьці жаночы футбол у Беларусі вельмі слаба рэклямуецца. Часам гульцоў на полі бывае больш, чым заўзятараў.
Нягледзячы на цяжкія нагрузкі, футбол становіцца ўсё больш папулярным сярод дзяўчат у Беларусі. Многія вырашаюць зрабіць футбол сваім асноўным заняткам.
Сэзон 2016 году «Мінск» пачаў зь перамогі ў зімовым турніры, які ўпершыню праводзіўся сёлета.