У той час як адны лінгвісты занепакоеныя, што ў выніку дыскрымінацыі матчынай мовы на дзяржаўным ўзроўні афіцыйнай мовай беларусаў можа стаць трасянка, іншыя лічылі б станоўчым, калі б «трасянка» была ўзаконеная — аргумэнтуючы гэта тым, што, напрыклад, у свой час на базе францускай трасянкі ўзьнікла ангельская мова.
У артыкуле, які зьмешчаны ў Еastjournal, ягоная аўтарка, асьпірантка- славістка з Італіі Марціна Напалітана, спрабуе разабрацца з гэтай зьявай, прыводзячы меркаваньні сваіх эўрапейскіх калегаў і вынікі адмысловага апытаньня, якое праводзілася ў Беларусі ў 2008–2013 гг.
Напачатку італьянская навукоўка тлумачыць чытачам, адкуль пайшоў сам тэрмін «трасянка» — так беларускія сяляне называлі нізкаякаснае, зьмяшанае з саломай сена, якое «трасуць», каб карміць жывёлу. У 20-м стагодзьдзі гэты тэрмін лінгвісты экстрапалявалі на «моўную сумесь», у якой чаргуюцца розныя элемэнты і структуры беларускай і расейскай моваў. Падобная зьява ў той ці іншай ступені разьвіваецца ў шмат якіх мовах народаў, якія жылі ў Расейскай імпэрыі, а потым у СССР. Ва Ўкраіне, напрыклад, шырока распаўсюджаны моўны мікст пад назвай «суржык».
Паводле Марціны Напалітана, пра «трасянку» як лінгвістычную зьяву ў асноўным пачалі гаварыць у 1980-я. Тым часам розныя формы моўнай інтэрфэрэнцыі назіраліся навукоўцамі яшчэ ў 19 стагодзьдзі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі і Ўкраіны на працягу стагодзьдзяў назіралася моцнае пранікненьне элемэнтаў суседніх расейскай і польскай моваў. Штуршок да разьвіцьця моўных зьменаў і зьяўленьня «трасянкі» ў цяперашнім выглядзе даў савецкі час, зь ягонай, з аднаго боку, палітыкай індустрыялізацыі і павелічэньня гарадзкога насельніцтва, а з другога боку — кадравай палітыкай, дзякуючы якой расейскія службовыя асобы пачалі дамінаваць у адміністрацыйных і прамысловых сфэрах Беларусі. Так было створана абавязковае расейскамоўнае асяродзьдзе, да якога адаптаваліся розныя мясцовыя дыялекты.
Ці варта баяцца трасянкі? Гутарка з Тодарам Кашкурэвічам
Сучасная трасянка зь лексычнага і фанэтычнага гледзішча — гэта найчасьцей расейскія словы зь беларускім вымаўленьнем, напрыклад, «жэншчына», «гаварыць». У ёй захоўваюцца і пэўныя ўнікальныя беларускія асаблівасьці, напрыклад, паўгалосны гук «Ў». У верасьні 2003 у Полацку быў усталяваны помнік адпаведнай літары беларускага альфабэту.
Сёньня жыцьцяздольнасьць расейскай мовы па-ранейшаму абароненая статусам адной зь дзьвюх афіцыйных дзяржаўных моваў, а таксама яе прэстыжнасьцю. У паўсядзённых жа зносінах у розных сфэрах найчасьцей гучыць трасянка.
Аўтарка артыкула таксама прыводзіць вынікі дасьледаваньня «трасянкі», якія ў 2008–2013 гг. правялі нямецкія лінгвісты пад кіраўніцтвам д-ра Герда Гэнчэля з унівэрсытэту ў Ольдэнбургу сумесна з сваімі менскімі калегамі. Яны апыталі 1200 рэспандэнтаў. У выніку 38% (49% беларусаў, 30% расейцаў) назвалі «трасянку» сваёй «роднай мовай», 50% (42% расейцаў, 18% беларусаў) — сваёй «асноўнай мовай».
Апытаньні паказалі, што хоць тэрмін «трасянка» можа мець прыніжальнае адценьне, гэты варыянт, тым ня менш, выкарыстоўваецца незалежна ад узроўню адукацыі асобы. Поруч зь дзьвюма афіцыйнымі мовамі дзяржавы трасянку, на погляд дасьледчыкаў, можна лічыць трэцяй і найбольш распаўсюджанай мовай у Беларусі. Пры гэтым яна шматварыянтная — залежна ад таго, хто гаворыць, у якой вобласьці і ў якім кантэксьце. Магчыма, гэта спрыяе засваеньню ёю пэўных рысаў расейскай мовы як прэстыжнай.
Праект Герда Гэнчэля «Трасянка ў Беларусі: „зьмяшаны код“ як прадукт беларуска-расейскага моўнага кантакту. Моўнае структураваньне, сацыялінгвістычныя мэханізмы ідэнтыфікацыі і сацыяэканоміка мовы», які прапаноўвае прызнаць «трасянку» «трэцяй мовай», атрымаў супярэчлівыя ацэнкі ў асяродзьдзі лінгвістаў ды культуролягаў. Так, прафэсар Эльжбэта Смулкова з Польшчы нэгатыўна паставілася да легітымізацыі беларуска-расейскай «трасянкі».
«Герд Гэнчэль стварыў калектыў дасьледчыкаў, маладых нямецкіх навукоўцаў, у які запрасіў супрацоўнікаў зь Беларусі, і пачаў даказваць, што „трасянка“ — гэта нібыта самастойная мова, і што яна можа нават выцесьніць беларускую, бо на трасянцы людзі размаўляюць.
Зразумела, што ўсё можна дасьледаваць, усё, што яны хочуць і як хочуць. Але мне ў гэтым праекце перашкаджае тое, што яны быццам бы не разумеюць: „трасянка“ — гэта індывідуальная рэч, заснаваная на розных беларускіх дыялектных падставах. Адна будзе „трасянка“ ў палешука, іншая — на аснове магілёўскай гаворкі, яшчэ іншая — на базе горадзенскай і г.д. І ў кожнага чалавека можа быць розная „трасянка“ ў залежнасьці ад многіх чыньнікаў, у тым ліку ад магчымасьці і здольнасьці авалодаць расейскай літаратурнай мовай.
Яны гэтага зусім ня ўлічваюць, а запісаныя прыклады тэкстаў на трасянцы параўноўваюць зь беларускай літаратурнай мовай. Таму, што я тут кажу, не пярэчыць факт, што наагул няцяжка прадугледзець, якія пласты расейскай лексыкі трапляюць у „трасянку“, незалежна ад розных беларускіх дыялектных асноваў. Свае заўвагі я грунтую перадусім на дакладах, пачутых на Міжнародным зьезьдзе славістаў у Менску ў 2013 годзе». (Валер Каліноўскі. Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні. Смаленск. Інбелкульт. 2016. С. 108.)