Замежных ксяндзоў выганяюць зь Беларусі «за перавышэньне хуткасьці» пры кіраваньні аўтамабілем

Тадэвуш Кандрусевіч

Замежным сьвятарам не даюць дазволу служыць у Беларусі, і гэта застаецца адной з галоўных праблемаў Каталіцкага касьцёлу, заявіў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрвію парталу catholic.by.

Улады Беларусі знайшлі падставу не працягваць тэрмін дазволу на працу замежным сьвятарам, якія служаць у касьцёле, за адміністрацыйныя правапарушэньні, сярод якіх і парушэньні правілаў дарожнага руху.

Паводле мітрапаліта Кандрусевіча, апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў тлумачыць адмову працягваць службу замежных ксяндзоў тым, што яны перавышаюць хуткасьць пры кіраваньні аўтамабілем.

Паводле заканадаўства, сапраўды парушэньне хуткасьці два і больш разоў можа стаць прычынай неўзгадненьня далейшай працы ў Беларусі замежных грамадзянаў.

Але абвінавачваньне ў парушэньні хуткасьці замежнымі сьвятарамі не заўсёды адпавядае рэчаіснасьці, заявіў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:

«Парадаксальнасць сытуацыі ў тым, што на наш афіцыйны запыт у МУС Менаблвыканкаму прыйшоў адказ, згодна зь якім за названы пэрыяд (з 31 ліпеня 2016 году) у сьвятароў, праца якіх не была ўзгоднена, няма адміністрацыйных правапарушэньняў, якія давалі б падставу гэта зрабіць.

А сярод тых сьвятароў, якія атрымалі дазвол на шэсьць або на тры месяцы, — адзін зусім ня водзіць аўтамабіль, бо ня мае правоў».

У лістападзе 2014 году зь Беларусі была высланая вядомая праваабаронца, кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова. Грамадзянка Расеі Танкачова больш за 30 гадоў жыла ў Беларусі, мае тут сямʼю, кватэру. Ёй забаронена наведваць Беларусь цягам трох гадоў. Беларускія ўлады прынялі гэтае рашэньне «на падставе адміністрацыйных правапарушэньняў, зьвязаных зь перавышэньнем хуткасьці на аўтамабілі».