У Расеі афіцыйна аб’явілі замежнымі агентамі Радыё Свабода, Voice of America і «Настоящее время»

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства юстыцыі Расеі афіцыйна аб’явіла «замежнымі агентамі» Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) і праекты «Крым.Реалии», «Кавказ.Реалии», «Idel.Реалии», Voice of America, тэлеканал «Настоящее время», праект RFE/RL «Фактограф» і асобна татара-башкірскую службу Радыё Свабода.

У сярэдзіне лістапада Міністэрства юстыцыі Расеі накіравала расейскай службе Радыё Свабода і тэлеканалу «Настоящее время» папярэджаньне аб магчымых абмежаваньнях у працы. Гэта адбылося пасьля таго, як 15 лістапада Дзяржаўная Дума аднагалосна прыняла ўнесеныя ў заканадаўства папраўкі, якія дазваляюць залічваць замежныя СМІ да так званых замежных агентаў.

Паводле тэксту паправак, любыя замежныя структуры, «якія распаўсюджваюць прызначаныя для неабмежаванага кола асобаў друкаваныя, аўдыё-, аўдыёвізуальныя і іншыя паведамленьні і матэрыялы», могуць быць прызнаныя «замежнымі агентамі», калі яны атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы. На расейскія сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку з замежным удзелам у капітале, гэтыя папраўкі не распаўсюджваюцца.

Што гэта значыць, невядома

У лісьце Міністэрства юстыцыі не ўдакладнялася, як не ўдакладняецца і цяпер, якія захады могуць быць прынятыя ўсьлед за прыняцьцем паправак. Дакумэнт толькі паказвае на тое, што на працу рэдакцый расейскай службы Радыё Свабода і «Настоящего времени» могуць быць накладзеныя абмежаваньні.

Гэтыя СМІ-«агенты» абавязаныя даваць справаздачу перад Міністэрствам юстыцыі аб сваёй дзейнасці, а таксама паказваць у сваёй прадукцыі, што яны — «замежныя агенты». Як менавіта гэта павінна адбывацца, пакуль не апісана.

Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Том Кент заяўляў, што немагчыма ацаніць эфэкт ад прымяненьня новага закону да той пары, пакуль не атрымана дакладная інфармацыя пра тое, якія абмежаваньні і на якія менавіта рэдакцыі ён накладвае.

Расейскія дэпутаты сьцьвярджаюць, што новае заканадаўства ня будзе перашкаджаць працы замежных СМІ ў Расеі. Рашэньне абмежаваць працу замежных СМІ прагучала пасьля таго, як тэлеканал RT, які фінансуецца ўрадам Расеі, паведаміў пра тое, што выканае патрабаваньне амэрыканскіх уладаў аб рэгістрацыі свайго падразьдзяленьня ў ЗША як «замежнага агента». У Вашынгтоне неаднаразова падкрэсьлівалі, што закон аб «замежных агентах» у ЗША значна адрозьніваецца ад расейскага і ніяк не абмяжоўвае свабоду інфармацыі.

Дзярждэпартамэнт ЗША, амбасадар ЗША ў Расеі і Эўразьвяз раскрытыкавалі крокі Масквы супраць СМІ, што фінансуюцца ЗША.