Лукашэнка паставіў задачы на 2018 год. Выйшла аптымістычна

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2018 год». Задачы, як сьцьвярджаецца, адпавядаюць плянам на «пятую пяцігодку».

Асноўнымі мэтамі на 2018 год, як сьцьвярджаецца, ёсьць падвышэньне канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі, забесьпячэньне ўстойлівага эканамічнага росту і стварэньне дадатковых умоваў для паскарэньня гэтага росту ў наступныя гады. Сярод ключавых задачаў — збалянсаванасьць плацёжнага балянсу, краінавая і таварная дывэрсыфікацыя (гандляваць рознымі рэчамі і з рознымі краінамі), «абгрунтаваны рост заробкаў» на аснове стварэньня перадусім высокапрадукцыйных працоўных месцаў, скарачэньне міжрэгіянальнай розьніцы ва ўзроўні жыцьця.

На момант публікацыі тэкст указу не зьявіўся ў адкрытым доступе. Але паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, прагназуецца:

  • Рост валавага ўнутранага прадукту на 3,5%. За першыя 11 месяцаў 2017 году ВУП вырас на 2,2% (пасьля двух год падзеньня). МВФ прагназуе Беларусі рост ВУП на 0,7% і на 2017 год, і на 2018-ы, а Сусьветны банк — на 1,8% у 2017-м і 2,1% у 2018-м.
  • Нулявы балянс зьнешняга гандлю (экспарту і імпарту) і рост экспарту тавараў і паслугаў на 5,7%. За першыя 11 месяцаў 2017 году экспарт вырас на 23,4% да таго ж пэрыяду 2016 году (зноў жа — пасьля працяглага падзеньня), гандлёвы балянс застаўся адмоўным (імпарт большы за экспарт на 16%).
  • Рост цэнаў ня больш як на 6%. За першыя 11 месяцаў 2017 году інфляцыя склала 4,4%, а гадавая інфляцыя можа быць рэкордна малой за ўсю гісторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь. МВФ чакае інфляцыю ў Беларусі ня большай за 8% за 2017 год і ня большай за 7,5% за 2018-ы. Раней МВФ прагназаваў на 2017 год інфляцыю 10%.
  • Паскарэньне працы па паляпшэньні эканамічнай сыстэмы краіны «у мэтах забесьпячэньня доўгатэрміновых крыніцаў эканамічнага росту, стварэньня новых прадпрыемстваў і вытворчасьцей, нарошчваньня экспартнага патэнцыялу».
  • Фармаваньне сыстэмы гарантыяў для інвэстараў «як працяг працы па стымуляваньні бізнэс-актыўнасьці і інвэстыцыйнай актыўнасьці».
  • Паводле ўказу аб грашова-крэдытнай палітыцы, рост грашовай масы складзе 9-12%. Сплата крэдытаў плянуецца так, каб у рэзэрвовых актывах на канец году засталося ня менш за 6 млрд даляраў. Прагназуецца рэалізацыя мераў па далейшай дэдалярызацыі эканомікі і накіраванасьць на лібэралізацыю валютнай сыстэмы.

Лукашэнка падпісаў бюджэт на 2018 год. Што там