Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён тлумачыць, чаму Захад перастаў падтрымліваць беларускую апазыцыю, расказвае, калі ж у офісе партыі зноў зьявіцца сьвятло (у панядзелак і аўторак), і тлумачыць, якімі формамі і сродкамі БНФ будзе выступаць супраць вучэньняў «Захад 2017».
З Аляксеем Янукевічам гутарыў Віталь Цыганкоў.
— Даволі прыкметна ў грамадзтве прайшла інфармацыі пра тыя фінансавыя складанасьці, якія маюць цяпер дэмакратычныя партыі. Так, рух «За свабоду» ня здолеў працягнуць арэнду свайго офіса і пакуль працуе без памяшканьня. У менскай сядзібе Партыі БНФ за камунальныя запазычанасьці адключылі сьвятло. Каб падключыць памяшканьне да сьвятла, неабходна каля 3 тысяч беларускіх рублёў — гэта прыкладна 1600 даляраў.
Як БНФ дайшоў да такой сытуацыі? Чаму раней удавалася плаціць за сьвятло і памяшканьне, што здарылася цяпер?
— Насамрэч, часы бывалі розныя. Проста сьвятло не адключалі адразу пры ўзьнікненьні завінавачанасьці. Цяпер, відаць, памяняліся падыходы, імкнуцца з усіх стрэсьці грошы. Але, вядома, беларусы бяднеюць. Адпаведна, у іх менш сродкаў падтрымліваць палітычныя партыі. Гэта адбіваецца і на фінансавым стане Партыі БНФ.
Апроч таго, зіма была доўгая, камунальныя паслугі каштавалі надзвычай дорага. Гэта таксама ўдарыла па партыйным бюджэце, ня толькі ў Менску. Рэгіянальныя сядзібы таксама вымушаныя былі плаціць вялікія сумы за камунальныя паслугі.
— Вы казалі пра зьбядненьне беларусаў. Але ёсьць такі «сакрэт Палішынэля», што беларускія палітычныя партыі ў той ці іншай форме маюць падтрымку з боку заходніх структураў, якія займаюцца дапамогай і прасоўваньнем дэмакратыі. Аналітыкі адкрыта кажуць, што Захад у апошнія месяцы зьмяніў сваё стаўленьне да пытаньня падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў. Што тут канкрэтна зьмянілася і чаму?
— Паводле маёй інфармацыі, сапраўды адбываецца пэўная зьмена падыходаў. Але да партыі БНФ гэта мае вельмі малое дачыненьне, бо ў нас сытуацыя ў гэтым сэнсе пагоршылася досыць даўно. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году мы былі адзінай палітычнай сілай, якая не плаціла за подпісы за свайго кандыдата. Калі б сродкі былі — мы б не адмовіліся ад такой формы заахвочваньня, але грошай ужо тады не было.
У сытуацыі, калі сродкаў няма ні ў кога, — мы ці не адзіныя, хто гатовы ўсё роўна працягваць дзейнасьць
Тое, што цяпер ідзе рэзкае скарачэньне рэсурсаў на падтрымку дэмакратычных праектаў — у нейкай ступені гэта адмоўна. Але, магчыма, для БНФ гэта ў нейкай ступені і добра. Бо ў сытуацыі, калі сродкаў няма ні ў кога, — мы ці не адзіныя, хто гатовы ўсё роўна працягваць дзейнасьць, бо нашы людзі матываваныя выключна каштоўнасна. І нават калі сродкаў няма — дзейнасьць ёсьць.
Вось цяпер кажуць: «БНФ у цемры», сьвятла няма. Але моладзь БНФ сабралася ў офіс, прынесьлі сьвечкі, сядзяць, працуюць...
— Так, гэта выглядала даволі рамантычна, нейкія рэвалюцыйныя матывы...
— Так. Заўсёды ў кепскім можна знаходзіць добрае. І гэтае скарачэньне падтрымкі дэмакратыі — для БНФ ня горшы выпадак. Бо Захад заўсёды вельмі асьцярожна ставіцца да нацыянальных рухаў. Захад разумее, што тым, хто нацыянальныя інтарэсы шануе перадусім, вялікую падтрымку даваць нябясьпечна. Так што цяпер шанцы выроўніваюцца, і ў гэтым можна бачыць пазытыў, у гэтым ёсьць аздараўленьне палітычнага поля.
— Дык а чым бы вы патлумачылі гэтую зьмену? Захад стаў больш схільны да падтрымкі афіцыйнага Менску. Чаму? Зноў спадзяюцца перавыхаваць Лукашэнку?
— Такая зьмена прыярытэтаў і дзеяньняў Захаду мае тры асноўныя прычыны.
Першая. Тыя, хто называе сябе лібэраламі, шмат гадоў змагаліся за прасоўваньне ідэі, што няма дабра і зла, усё адносна. І гэта вельмі моцна размыла адчуваньне сваёй місіі і функцыі. Няма той ідэі, той праўды, якую трэба падтрымліваць.
Праз гэта прасьцей перайсьці да другой прычыны — спробы перавыхаваць цяперашнія беларускія ўлады. Гэта прасьцей з пункту гледжаньня эўрапейскай бюракратыі, бо заўсёды лёгка супрацоўнічаць зь «дзяржаўнымі» недзяржаўнымі арганізацыямі. Там лягчэй пераводзіць грошы з рахунку на рахунак. Лёгка пісаць справаздачы.
І трэцяя прычына таксама відавочная — проста ў ЗША і Эўропы хапае іншых праблемаў. І на Беларусь проста застаецца менш сродкаў.
— Вы кажаце пра Захад як пра нешта адназначна лібэральнае. Але ён не аднародны, там хапае правых сілаў, больш блізкіх ідэалягічна да вашых падыходаў. Такія сілы ёсьць, і, як многія лічаць, яны цяпер на пад’ёме.
— Так, сапраўды, у нас ёсьць пэўныя разьлікі на гэта. Невыпадкова адбыўся наш уваход у Альянс эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў, які аб’ядноўвае, на нашу думку, найбольш здаровыя і цьвярозыя сілы. Палітычную падтрымку мы будзем знаходзіць. Але што тычыцца фінансавай, то будучыню гэтага пытаньня мы бачым у беларускім грамадзтве.
— Як кажуць, калі заканчваюцца грошы — пачынаюцца рэформы. На жаль, для беларускіх уладаў гэта пакуль ня дзейнічае, але, можа, будзе дзейнічаць у дачыненьні да апазыцыі? Калі зьменшылася замежная падтрымка — можа, варта зьвярнуцца да грамадзянаў? Абвяшчаць нейкія кампаніі, акцыі, якія людзі будуць гатовыя падтрымаць. У цяперашнім жыцьці ёсьць такія прыклады, часам даволі ўдалыя — але не ў палітыцы. Чаму б партыям не пераймаць гэты досьвед?
— Хачу нагадаць, што БНФ такое рабіў. Мы абвяшчалі збор сродкаў пад выбарчыя кампаніі, пад акцыі 25 сакавіка. Вядома, гэта ня тыя грошы, якія хацелася б мець, але пэўныя сумы людзі ахвяравалі. Цяпер мы зарэгістравалі дабрачынны рахунак. Цяпер грошы можна пераводзіць праз сыстэму ЕРІП.
— То бок чалавек прыходзіць плаціць за электрычнасьць, і ў яго спрацоўвае — «О, электрычнасьць, БНФ, трэба ім дапамагчы»?
— Напрыклад, так. Але паўтаруся, што без электрычнасьці мы не прабудзем доўга, ужо ў панядзелак ці аўторак сьвятло ў офісе зьявіцца зноў.
Людзям сапраўды прасьцей ахвяраваць грошы на нейкую справу, вынікі якой яны могуць адразу ўбачыць і патрымаць у руках. Што да палітычнай дзейнасьці, то шмат якія выдаткі зьвязаныя зь дзейнасьцю, вынікі якой можна будзе пабачыць, магчыма, праз 5–10 гадоў. І гэта для людзей больш складана — укласьціся ў гэта.
Калі ўжываць такое параўнаньне, то адна справа — звадзіць дзяўчыну ў кавярню, і зусім іншая — зрабіць прапанову і ўзяць шлюб. Шмат хто гатовы на кавярню, але не на шлюб.
— Заўважым, што гэта кажа нежанаты чалавек. Але сапраўды паўстае пытаньне: якія яркія кампаніі, дзеяньні можа прапанаваць сёньня БНФ, каб насельніцтва на іх адгукнулася? Пакуль большасьць скажа, што нейкіх яркіх, прывабных кампаніяў не відаць.
— На верасень заплянаваныя вучэньні «Захад-2017». Неўзабаве зьявіцца макет улёткі. І мы будзем заклікаць людзей ахвяраваць сродкі, каб надрукаваць і распаўсюдзіць гэтую ўлётку. Каб абуджаць грамадзтва, каб быў бачны ціск, пратэст супраць прыезду расейскіх войскаў. Будзем падаваць заяўкі на пікет, праводзіць вулічныя акцыі супраць гэтых вучэньняў.
— Але ж вучэньні ўжо не адменіш...
— Я перакананы, што сёньня можна паўплываць на тое, па якім сцэнары гэтыя вучэньні будуць адбывацца, якая колькасьць расейскіх вайскоўцаў прыедзе і ці прыедуць яны наогул. І ў залежнасьці ад таго, якое будзе грамадзкае стаўленьне беларусаў да гэтых вучэньняў — будзе залежаць, ці яны будуць спрабаваць пакінуць свае войскі ў Беларусі, ці яны выведуць іх адразу пасьля вучэньняў.
Мы здолелі дамагчыся таго, каб расейскай базы ў Беларусі не было
Пратэст супраць вайсковых базаў я лічу выдатным прыкладам пасьпяховай кампаніі партыі БНФ, Мы гэтае пытаньне прапанавалі ўключыць у парадак дня «Народнага рэфэрэндуму». І ў выніку мы здолелі дамагчыся таго, каб расейскай базы ў Беларусі не было. Хаця шмат хто казаў: усё вырашана, і любыя пратэсты — гэта пустое.
Таму мы лічым гэтую кампанію супраць вучэньняў надзвычай важнай. І мы перакананыя, што шмат людзей у Беларусі разумеюць важнасьць гэтага пытаньня і будуць гатовыя ахвяраваць свае сродкі.
— У верасьні таксама будзе чарговы зьезд БНФ, на якім вы, паводле Статуту, ужо ня можаце быць пераабраны на пасаду старшыні. Як рыхтуецеся да зьезду, ці думаеце пра пераемніка?
— Мне не падабаецца тэрмін «пераемнік», бо ён зьвязаны зь нейкімі несумленнымі хадамі. Адразу прыходзіць у галаву прыклад Пуціна і Мядзьведзева. Я ня Пуцін, і нічога такога ў Партыі БНФ адбывацца ня будзе. Мы разам з калегамі з Палітычнай камісіі сочым за патэнцыйнымі кандыдатурамі. І я спадзяюся, што будзе супольная прапанова па той асобе, якую мы заклічам падтрымаць. Я думаю, што такая прапанова прагучыць ужо ў ліпені.
Я ўжо заяўляў, што не зьбіраюся сыходзіць ад актыўнай партыйнай дзейнасьці. Калі новы старшыня прапануе маю кандыдатуру на намесьніка і падтрымаюць дэлегаты зьезду — то буду намесьнікам. Я перакананы, што гэты зьезд нэгатыўным чынам не адаб’ецца на партыі. І з новым кіраўніком партыя набудзе нейкую новую дынаміку, як гэта заўсёды бывае.