19 кастрычніка ў Менску завершаны месячны збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Зварот у Мінкульт падтрымалі каля 10 тысяч грамадзян, паведаміў адзін з ініцыятараў звароту, Зьміцер Дашкевіч.
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён падсумаваў вынікі збору подпісаў:
«Сабрана каля 10 тысяч подпісаў, хоць я плянаваў сабраць каля тысячы. Таксама выказалі жаданьне зьбіраць подпісы некалькі актывістаў, маіх сяброў. Фактычна з гэтых дзесяці тысяч недзе тысяч дзевяць сабралі шэсьць чалавек. Гэтая пазытыўная кампанія засьведчыла, што можна працаваць з грамадзтвам ня толькі ў электаральнай кампаніі. Калі ласка, выходзьце, зьбірайце. Упрыгожылі ўсе пераходы, у якіх стаялі, бел-чырвона-белымі сьцягамі. Людзі натхняюцца, пераадольваюць страх, калі падпісваюцца. Адно з самых распаўсюджаных пытаньняў было: „А што, вас ужо не бяруць за такое?“ То бок людзям дзіўна бачыць суткамі бел-чырвона-белы сьцяг і актывістаў, якія агітуюць за яго. Таму вынікі пазытыўныя. Мы заўтра зьбяром усе падпісныя лісты, праверым іх і на наступным тыдні панясем у Міністэрства культуры».
Які будзе далейшы лёс гэтых подпісаў? Зьміцер Дашкевіч сказаў, што гэта ўжо праблема міністэрства, што яно будзе рабіць з гэтымі подпісамі.
«Мы рабілі гэта ня дзеля Міністэрства культуры, а для грамадзтва. Для таго, каб узьняць гэтую праблему. Тысячы людзей, пераадольваючы страх, падпісваліся, і тысячы даведваліся ўпершыню пра гэты сьцяг. Тое, што зробяць чыноўнікі, залежыць ад нейкай каньюнктуры — міжнароднай, унутранай і гэтак далей. На гэта мы ніколі не арыентаваліся і не арыентуемся».
Паводле Зьмітра Дашкевіча, у першыя тры дні міліцыянты не складалі ніякіх пратаколаў на зьбіральнікаў.
«Проста здымалі, падыходзілі, кантралявалі. А потым пачалі складаць пратаколы, калі пабачылі, што кампанія разгортваецца, шмат людзей падтрымлівае, падпісваецца. Мы ставілі пікеты з банэрамі, са сьцягамі, і да кожнага ўдзельніка пікету падыходзілі і складалі пратаколы. Гэта адбывалася вельмі хутка, я нават не размаўляў, калі яны ня ведалі беларускай мовы. А ня ведалі яны ў большасьці выпадкаў. Ну, падышоў ён на 15 сэкунд, пачуў, што я адмаўляюся зь ім размаўляць, і сышоў. А мы далей зьбіраем. Некаторыя актывісты стаялі проста з тэчкамі, то на іх звычайна не складалі пратаколаў. То бок калі ў такім фармаце, з тэчкамі, зьбіраць подпісы за сьцяг, за нацыянальныя каштоўнасьці, гэта можна рабіць спакойна, безь ніякага перасьледу ў гэтай сытуацыі, калі Лукашэнка вымушаны таргавацца з Захадам і арганізоўваць чарговую гульню ў лібэралізацыю. Трэба гэта выкарыстоўваць, рабіць справу. Я думаю, гэта многіх натхняе».