10 сьнежня 2015 году Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры — падзеі вакол прэміі і сама цырымонія ўзнагароды атрымалі шырокі розгалас у грамадзтве. Крытык Павел Абрамовіч лічыць, што без увагі не павінны застацца іншыя пісьменьнікі сьвету, якім у 2015 годзе ўручылі прэстыжныя прэміі.
Ганкураўская прэмія
Назва прэміі: Ганкураўская (фр. Prix Goncourt)
Краіна: Францыя
Год заснаваньня: 1903
За што прысуджаецца: за найлепшы раман ці зборнік апавяданьняў на францускай мове
Памер прэміі: 10 эўра (сума прэміі не індэксавалася з часу заснаваньня — ляўрэату досыць прэстыжу і новых кантрактаў з выдаўцамі: прыкладам, у адной толькі Францыі раман-пераможца разыходзіцца накладам звыш 400 тыс. асобнікаў)
Дата прысуджэньня: 3 лістапада
Сёлетні ляўрэат: Матыяс Энар (Mathias Énard)
43-гадовы пісьменьнік Матыяс Энар у юнацтве вывучаў пэрсыдзкую і арабскую мовы ў Інстытуце ўсходніх моваў (INALCO), потым доўгі час жыў у краінах Сярэдняга Ўсходу, а цяпер працуе выкладчыкам у Барсэлёнскім аўтаномным унівэрсытэце і галоўным рэдактарам некалькіх культуралягічных часопісаў.
Атрымліваць прэміі — звыклая справа для Энара. Так, за дэбютны раман «Дасканаласьць стральбы» (2003) яго ўзнагародзілі Прэміяй пяці кантынэнтаў франкамоўных краінаў і Прэміяй Эдме дэ Лярошфуко. А раман «Зона» (2008) прынёс французу ажно пяць прэміяў і літаратурную стыпэндыю ў дадатак.
Сёлета Энар атрымаў Ганкураўскую прэмію — самую прэстыжную ў Францыі літаратурную ўзнагароду, дзякуючы якой, у прыватнасьці, сьвет даведаўся пра Марсэля Пруста — за дзясяты па ліку раман. У «Компасе» пісьменьнік-падарожнік ня проста апісвае любы свайму сэрцу Ўсход, але і абвяргае перадузятыя думкі, штампы ў адносінах да Ірану, Лібану, Эгіпту.
Па-беларуску Энар не выдаваўся; на расейскую мову перакладзены яго раман «Уверх па Арынока» (2005).
Мігель дэ Сэрвантэс
Назва прэміі: «Мігель дэ Сэрвантэс» (гішп. Premio Miguel de Cervantes)
Краіна: Гішпанія
Год заснаваньня: 1976
За што прысуджаецца: найлепшаму аўтару, які піша на гішпанскай мове
Памер прэміі: 90 тыс. эўра
Дата прысуджэньня: 23 красавіка
Сёлетні ляўрэат: Фэрнанда дэль Паса Марантэ (Fernando del Paso Morante)
Міністэрства культуры Гішпаніі ўручае гэту прэмію нумар адзін у сьвеце гішпанамоўнай літаратуры ў дзень сьмерці славутага аўтара «Дон Кіхота». Ляўрэатам прэміі у 2015 годзе стаў мэксыканскі пісьменьнік Фэрнанда дэль Паса. 30-му па ліку пераможцу сёлета споўнілася 80 гадоў.
Дэль Паса марыў стаць доктарам, але пачаў займацца журналістыкай, літаратурай і выяўленчым мастацтвам, а таксама працаваць ў рэклямных агенцтвах. Гэты пісьменьнік — з кагорты паважных, нясьпешных, грунтоўных. Так, свой першы раман «Хасэ Трыга» (1966) — сапраўдную кроніку мэксыканскага жыцьця, дэль Паса пісаў 10 гадоў. Столькі ж часу спатрэбілася яму на іншы празаічны твор — «Палінур Мэксыканскі» (1977), які лічыцца грандыёзным стылістычным экспэрымэнтам.
Акром чатырох раманаў, Фэрнанда дэль Паса выдаў шэсьць паэтычных зборнікаў, адну кнігу апавяданьняў, некалькі п’есаў, стос манаграфіяў і... даведнік па мэксыканскай кухні. Літаратурных узнагародаў у яго як матадораў у Гішпаніі. І розных пасадаў багата. Ягонае імя носіць самая вялікая бібліятэка Гвадалахарскага ўнівэрсытэту.
Перакладаў твораў дэль Паса на беларускую ці расейскую мовы няма.
Букераўская
Назва прэміі: Букераўская (The Man Booker Prize)
Краіна: Вялікабрытанія
Год заснаваньня: 1969
За што прысуджаецца: за найлепшы раман на ангельскай мове
Памер прэміі: 50 тыс. фунтаў стэрлінгаў
Дата прысуджэньня: 13 кастрычніка
Сёлетні ляўрэат: Марлан Джэймс (Marlon James)
Адсочваючы навіны, зьвязаныя з Букераўскай прэміяй, прыходзіш да цікавых высноваў. Па-першае, «правілы гульні», усталяваныя для атрыманьня літаратурнай прэміі, могуць зьмяняцца. Так, для журы The Man Booker Prize да 2014 году мела значэньне грамадзянства пісьменьнікаў-намінантаў. Па-другое, адна прэмія можа быць «кузьняй кадраў» для іншай. Прыкладам, чатыры ляўрэаты Букераўскай прэміі пазьней атрымалі «нобэлеўку». Па-трэцяе, адзін і той жа пісьменьнік можа неаднаразова атрымліваць пэўную прэмію. У прыватнасьці, брытанка Айрыс Мёрдак выходзіла ў фінал The Man Booker Prize ажно шэсьць разоў.
Імя сёлетняга пераможцы было абвешчана падчас урачыстага прыёму ў лёнданскай ратушы Гілдхол. Ляўрэат прэміі, 45-гадовы Марлан Джэймс, нарадзіўся на Ямайцы, дзе скончыў Унівэрсытэт Заходняй Індыі і атрымаў ступень магістра. Цяпер Джэймс працуе выкладнікам у каледжы Макалестэр у Сэнт-Поле (штат Мінэсота, ЗША).
Узнагародзілі Джэймса за 686-старонкавы раман «Сьціслая гісторыя сямі забойстваў» пра замах на жыцьцё сьпевака Боба Марлі. Гісторыя рэальная, але Джэймс распавядае аб ёй па-іншаму. На адным эпізодзе аўтар не спыняецца, а вывучае некалькі дзесяцігодзьдзяў палітычнага жыцьця Ямайкі, уключна з наркавойнамі ў Нью-Ёрку 1980-х і пераменамі на высьпе ў 1990-х.
«Я быў пэўны, што “пралячу” і таму не падрыхтаваў прамову» — пажартаваў Джэймс са сцэны, атрымліваючы прэмію з рук жонкі прынца Чарльза, герцагіні Карнуольскай Камілы. І дадаў: «Мяне зусім ня проста палюбіць». Сапраўды, у «Сьціслай гісторыі сямі забойстваў», трэцім па ліку рамане пісьменьніка, шмат нецэнзурнай лексыкі і слэнгу, а таксама розных брыдкіх сцэнаў.
На беларускай і расейскай мовах кнігі Джэймса не выходзілі.
Міжнародная Букераўская
Назва прэміі: міжнародная Букераўская (The Man Booker International Prize)
Краіна: Вялікабрытанія
Год заснаваньня: 2004
За што прысуджаецца: «за творчую актыўнасьць і агульны ўнёсак у сусьветную літаратуру»
Памер прэміі: 60 тыс. фунтаў стэрлінгаў (яшчэ 15 тыс. выдаюцца ляўрэату для перакладу яго твораў на англійскую мову)
Дата прысуджэньня: 20 траўня
Сёлетні ляўрэат: Ласла Краснагоркаі (László Krasznahorkai)
61-гадовы вугорскі пісьменнік Ласла Краснахаркаі, як і француз Матыяс Энар, вельмі любіць вандраваць. Быў у Манголіі, Кітаі і Японіі, наведаў ЗША і многія краіны Еўропы, плаваў па Атлянтыцы.
Калісьці Краснахаркаі вучыўся на юрыста, але ў выніку скончыў факультэт мастацтваў Будапэшцкага ўнівэрсытэту. Цяпер Краснагоркаі — самы вядомы пісьменьнік Вугоршчыны, узнагароджаны шматлікімі прэміямі, у тым ліку міжнароднымі. Журы The Man Booker International Prize (ёй раз у два гады адзначаюць найвыдатнейшага пісьменьніка, які піша па-ангельску, альбо аўтара, чые творы шырока перакладаюцца на гэтую мову) асаблівую ўвагу акцэнтавала на «напружаным стылі твораў і неабсяжным моўным дыяпазоне» Краснахаркаі.
Кнігі гэтага аўтара — прыпавесьці-антыўтопіі аб гратэскным існаваньні людзей у сьвеце, пазбаўленым якіх-кольвечы зьнешніх сувязяў і асэнсаваных пэрспэктываў. На расейскай мове выдаваўся, у прыватнасьці, дэбютны раман Краснагоркаі «Сатанінскае танга» (1985), які пазьней быў экранізаваны. Кінастужка, якая доўжыцца 7 гадзін 30 хвілін, атрымала прыз на Бэрлінскім кінафэстывалі (1994).
Вялікая кніга
Назва прэміі: «Вялікая кніга» (рус. «Большая книга»)
Краіна: Расея
Год заснаваньня: 2005
За што прысуджаецца: за найлепшы твор на рускай мове
Памер прэміі: першае месца — 3 млн расейскіх руб., другое — 1,5 млн, трэцяе — 1 млн руб.
Дата прысуджэньня: 10 сьнежня
Сёлетні ляўрэат: Гузэль Яхіна (першае месца)
«Вялікая кніга» — найбольш уплывовая літаратурная прэмія ў Расеі і СНД. У склад журы ўваходзіць звыш 100 чалавек, у тым ліку вядомыя літаратары, выдаўцы, навукоўцы, а грашовы памер прэміі (6,1 млн расейскіх рублёў уключна са спэцыяльнымі прызамі) выводзіць яе на другое месца ў сьвеце пасьля «нобэлеўкі». У 2015 годзе на конкурс даслалі 338 твораў з 46 рэгіёнаў Расеі.
Першае месца сёлета атрымала 38-гадовая Гузэль Яхіна, ураджэнка Казані, якая скончыла Казанскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт (факультэт замежных моваў) і цяпер працуе ў сфэры рэкламы. Для свайго дэбютнага рамана «Зулейха расплюшчвае вочы» (ён і атрымаў прэстыжную прэмію) Яхіна, па яе прызнаньні, не адразу знайшла выдаўца. Аднак яшчэ да таго, як сталі вядомыя вынікі конкурсу «Вялікая кніга», раман быў выдадзены і прададзены — спатрэбіліся дадатковыя наклады. Яхіна перамагла і па выніках чытацкага галасаваньня. Дарэчы, у мінулым годзе чытачы назвалі найлепшай кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд».
«Зулейха расплюшчвае вочы» распавядае пра часы раскулачваньня ў СССР; у цэнтры аповеду — жыцьцёвы лёс татарскай сялянкі, якую разам зь іншымі асуджанымі высылаюць у Сыбір. Прататыпам галоўнай гераіні стала бабуля пісьменьніцы.
Прыкметна, што і другое месца на конкурсе «Вялікая кніга» сёлета заняў твор, зьвязаны зь «лягернай» тэматыкай — гэта раман «Сьвечка» Валера Залатухі. На вялікі жаль, 60-гадовы пісьменьнік памёр праз два месяцы пасьля вылучэньня кнігі на прэмію. Як сьведчыць удава літаратара, праца над раманам доўжылася звыш 12 гадоў. Па меркаваньні самога аўтара, яго 1696-старонкавая кніга ня проста пра злыбеды аднаго рускага інтэлігента, а пра тое, «што з намі адбывалася і адбываецца, пра веру і нявер’е». Галоўная алегорыя раману: час можа быць колькі заўгодна цёмным, калі застаецца гарэць хаця б адна сьвечка.
Ніке
Назва прэміі: прэмія «Ніке» (польск. Nike)
Краіна: Польшча
Год заснаваньня: 1997
За што прысуджаецца: за найлепшы твор на польскай мове
Памер прэміі: 100 тыс. злотых
Дата прысуджэння: 4 кастрычніка
Сёлетні ляўрэат: Вольга Такарчук
53-гадовая Вольга Такарчук — адна з самых знакамітых польскіх пісьменьніц, чые творы выдаваліся і па-беларуску.
У 2015 годзе выбар журы «Ніке» супаў зь меркаваньнем прыхільнікаў Такарчук: апошнія прысудзілі ёй уласную ўзнагароду — «Чытацкую „Ніке”». Што цікава, пісьменьніца ўжо шэсьць разоў намінавалася на гэтую прэмію, прычым пяць разоў выходзіла ў фінал, і ў 2008 годзе нарэшце атрымала яе (за раман «Бегуны»).
Раман «Кнігі Якуба», які сёлета прынёс Такарчук «Ніке» — вынік шасьцігадовай працы пісьменьніцы. Раман памерам у адну тысячу старонак заўважылі ў Польшчы ўсе. У прыватнасьці, гэтая кніга атрымала прэмію тэлеканала TVP Kultura у катэгорыі «Літаратура» як твор, які «можна аднесьці да вялікай раманісцкай традыцыі, варты ўвагі за новае прачытанне польскай гісторыі, вобраз мультыкультурнай Польшчы і дэманстрацыю складаных мэханізмаў, што вырашаюць лёсы народаў». Часопіс Newsweek палічыў гэты твор Такарчук першым польскім раманам, які «ўпісваецца ў сусьветны рэнэсанс вялікай гістарычнай эпікі». А чытачы і карыстальнікі парталу Publio.pl назвалі «Кнігі Якуба» лепшай электроннай кнігай году ў катэгорыі «Польская літаратура».
Герой роману — Якуб Франк (1726–1791), самазваны мэсія, стваральнік юдзейскай сэкты франкістаў, купец, цадзік, філёзаф, прарок і алхімік; чалавек, які нарадзіўся падольскім габрэем, а памёр польскім арыстакратам. Раман выклікаў вялікі розгалас яшчэ і таму, што прысьвечаны малавядомым падзеям у Рэчы Паспалітай перад яе канчатковым падзелам.
Сусьветная прэмія фэнтэзі
Назва прэміі: Сусьветная прэмія фэнтэзі (World Fantasy Award)
Краіна: ЗША
Год заснаваньня: 1975
За што прысуджаецца: за найлепшыя творы ў жанры фэнтэзі на ангельскай мове
Памер прэміі: грашовага фонду няма
Дата прысуджэньня: 8 лістапада
Сёлетні ляўрэат: Дэйвід Мітчэл (David Stephen Mitchell)
Прэмію ўручаюць на Сусьветным канвэнце фэнтэзі (World Fantasy Convention), і сьвяткаваньне доўжыцца некалькі дзён. Акром традыцыйнага банкету ў Сан-Антоніё (штат Тэхас, ЗША), ладзяцца аўтограф-сэсіі, прагляды кінастужак, касцюмаваныя балі, гульні і маскарады.
У гэтым годзе прэстыжную ўзнагароду, якая ўяўляе сабой бюст Говарда Філіпа Лаўкрафта зь белага металу, атрымаў 46-гадовы брытанец Дэйвід Мітчэл. Яго раман «Простыя сьмяротныя» — гэта сага, якая ахоплівае некалькі дзесяцігодзьдзяў і дзясяткі лёсаў, прычым падзеі разгортваюцца ў рэальным і фантастычным сусьветах.
Мітчэл, які вывучаў амэрыканскую і ангельскую літаратуры ў Кенцкім унівэрсытэце, напісаў толькі 5 кніг, але ўсе яны сур’ёзна паўплывалі на сусьветную літаратуру. Яго першы раман, «Літаратурны прывід» (1999), склаў канкурэнцыю творам такіх стаўпоў ангельскай прозы, як Антонія Бает, Лоўрэнс Норфалк і Рэйчэл Каск, і атрымаў John Llewellyn Rhys Prize у намінацыі «Найлепшая ангельская кніга, створаная аўтарам, маладзейшым за 35 гадоў».
Мітчэл парывае з традыцыямі сучаснай ангельскай літаратуры, якая імкнецца да адасабленьня і канцэнтрацыі на мікракосьме краіны. Прыкладам гэтага зьяўляецца ў тым ліку яго раман «Воблачны атляс» (2004) — твор, які складаецца з шасьці зьвязаных між сабой гісторыяў, што пачынаюцца ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя і сягаюць у постапакаліптычную будучыню. На гэты твор, пазьней экранізаваны камандай з трох рэжысэраў, праліўся дождж прэміяў: British Book Literary Fiction Award, British Book Awards Richard & Judy Best Read of the Year, намінацыя на The Booker Prize і інш.
736-старонкавы раман «Простыя сьмяротныя» ўжо выдадзены па-расейску.