Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) на сёньня ня мае прэтэнзіяў да беларускіх спартоўцаў, якія маюць прыняць удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі ў 2018 годзе, перадае БелаПАН заяву намесьніка міністра спорта Беларусі Аляксандра Баравулі.
Цяпер практычна ўсе беларускія спартоўцы, якія прэтэндуюць на ліцэнзіі на Алімпіяду, знаходзяцца ў міжнародным пуле тэставаньня, але ніякіх фактаў парушэньня антыдопінгавых правілаў ня выяўлена, сьцьвярджае Аляксандар Баравуля. Свае кантрольныя мерапрыемствы мае правесьці і Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва.
Першая беларуская група спартоўцаў вылеціць у Карэю 27 студзеня 2018 году, алімпійская вёска адкрыецца 1 лютага. Некаторыя нацыянальныя алімпійскія камітэты турбуюцца адносна бясьпекі на гульнях (з улікам суседзтва з КНДР) і дапускаюць нават, што адмовяцца ад удзелу ў Алімпіядзе, але беларускі бок адмаўляцца ня будзе, бо «гэта мерапрыемства, да якога спартоўцы рыхтуюцца ўсё жыцьцё». Ад карэйскіх гульняў беларукі НАК чакае арганізацыі, ня горшай за Алімпіяду ў Сочы.
WADA мае вялікія прэтэнзіі да антыдопінгава кантролю ў Расеі: паводле арганізацыі, больш за тысячу расейскіх спартоўцаў у 30 відах спорту зьвязаныя з допінгам (у тым ліку ўжываньнем мэльдонію), фінансаваным дзяржавай. Дзясяткі расейскіх атлетаў былі адхіленыя ад Гульняў-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра, а паралімпійская зборная Расеі ня ўдзельнічала ў спаборніцтвах у поўным складзе.
Расейскіх паралімпійцаў праз допінг не дапусьцілі да адбору на Гульні-2018 у Карэі. Беларускіх спартоўцаў у час зімовай Алімпіяды ў Сочы 16 разоў злавілі на допінгу.