Your browser doesn’t support HTML5
Спадар: «Такое пытаньне — ад каго больш залежыць? Як дамовяцца, бо ў кожнага свае інтарэсы. Залежыць толькі ад кампрамісу, бо калі дамаўляюцца, то хтосьці знаходзіць, а хтосьці губляе».
Спадарыня: «Толькі ад Парашэнкі, і толькі ад яго. Бо вядома даўно, што Эўразьвяз нічога не вырашае. Пуцін? Магчыма. Пуцін — таксама зацікаўлены бок у гэтай вайне, я ўпэўнена. Але наўрад ці ад яго. Толькі ад Парашэнкі і яго адносінаў з Амэрыкай. Найбольш залежыць, канечне, ад самой Украіны — выкараскаецца яна ці не. Толькі ад Украіны. Ні Амэрыка, ні Расея гэтай праблемы ня вырашыць — толькі сама Ўкраіна».
Спадар: «Думаю, што на гэтай сустрэчы Лукашэнка будзе са скуры вылузвацца, каб паказаць сваю ролю ва ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту Расеі з Украінай. Ён нават заявіў, што даў каштоўныя ўказаньні, як выйсьці з вайны».
Спадарыня: «Думаю, што ўсё-ткі ад кіраўнікоў Францыі і Нямеччыны. Іх вага немалая. Яны за бясьпеку Эўропы, сваіх краінаў пачынаюць думаць. Прыярытэты і каштоўнасьці зьмяніліся. Захваляваліся, узрушыліся і, магчыма, нейкім чынам будуць уплываць на ход падзеяў».
Спадар: «Тое, што зьбіраюцца ў Менску, гэта лухта. Тысячу разоў будуць зьбірацца. Няхай яны ў Кіеве вырашаць, як быць ва Ўкраіне — самі ўкраінцы. А тое, што зьбіраюцца ў нас немцы, французы, расейцы — гэта недарэчнасьць».
Спадарыня: «Думаю, што на гэтай сустрэчы ўсё будзе залежаць ад Пуціна. Калі Пуцін не захоча — а ён не захоча, бо яго мэтай ёсьць імпэрская дзяржава, — то ніякая іншая краіна вайну ня спыніць. Усе згаданыя эўрапейскія краіны таксама залежаць ад Расеі, Пуціна з-за нафты і газу. Іначай яны даўно ўжо прымянілі б узгодненыя санкцыі. Калі б прымянілі, то, магчыма, Расея ўжо была б пастаўлена на месца».
Спадар: «Кіраўнікі дзяржаў могуць толькі хацець, каб так было. Але каб стала яваю, то ўкраінцы павінны паміж сабой дамовіцца. Яны ўжо пачынаюць разумець, што ваяваць адзін з адным абсурдна. Расея абараняе „рускі мір“. Пастаўка ўзбраеньня, я думаю, ідзе з двух бакоў».
Спадарыня: «Ад прэзыдэнта Ўкраіны. Ён гаспадар у сваёй дзяржаве і павінен вырашаць праблемы сваёй краіны і клапаціцца пра людзей. Я ня думаю, што Расея ўмешваецца ў справы Ўкраіны».
Спадар: «Толькі ад Пуціна залежыць. Калі ён выведзе адтуль свае войскі, так бы мовіць, „зялёных чалавечкаў“, ня будзе пастаўляць боезапас,то вайна мігам спыніцца. Маё меркаваньне: павінны дапамагчы Эўропа і Амэрыка ўзбраеньнем, найноўшымі тэхналёгіямі і грашыма нашай братняй Украіне».