Беларускі гурт Vuraj Сержука Доўгушава, вядомага арганізацыяй «Сьпеўных сходаў», распачаў збор грошай на Ulej.by на альбом палескіх народных песень «Літо».
Назву альбома тлумачаць так: калі палешукі кажуць, што «сьпяваюць літо» (то бок «лета»), то гэта значыць цэлы цыкль летніх абрадавых песень. На дыску абяцаюць «беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя каляндарна-абрадавыя песьні», якія дасьледавалі цягам 4 гадоў у экспэдыцыях.
На выданьне дыска трэба сабраць 8700 рублёў. За 7 рублёў прапануюць лічбавую вэрсію, за 18 — дыск з аўтографам. За большыя сумы абяцаюць запрашэньні на прэзэнтацыю, майстар-клясы і экскурсіі, за паўтары тысячы — прыватны выступ гурту, а за дзьве з паловай — выступ і нават напісаньне музыкі для рэклямы або відэагульні.
Запісаць альбом плянуюць на варшаўскай студыі TRStudio, у запісе хочуць скарыстаць колавую ліру і народныя духавыя інструмэнты.
Заснаваны ў 2010 годзе, Vuraj мае ўжо чатыры выдадзеныя альбомы і два самотнікі, за адзін з альбомаў — «Раёк» 2014 году — мае прэмію ад Experty.by. Пераможцы прэміі «Героі году-2016» ад Tuzinfm.by.
Бліжэйшым часам Vuraj можна будзе паслухаць жыўцом 17 красавіка на менскім канцэрце супольна з палякамі T/Aboret у клюбе «Бруге».